Аператыўны штаб Краснадарскага краю паведаміў, што ЗСУ атакавалі чыгуначны паром з паліўнымі цыстэрнамі ў порце «Каўказ», што ў Керчанскім праліве. Украінскі бок гэтыя звесткі пакуль не каментуе.
На відэа, якія трапілі ў сеціва, бачна, што ў порце «Каўказ» распачаўся буйны пажар. Мясцовыя паблікі пішуць, што дым бачны здалёку, былі чутны выбухі. Telegram-канал «Крымский ветер» паведамляе, што на пароме пачалі выбухаць цыстэрны з палівам.
Здарэнню быў прысвоены ранг пажару №3. Расейскія медыі паведамляюць, што праезд па Крымскім мосце часова перакрылі.
Праз адну гадзіну і 20 хвілінаў пасля першага паведамлення аператыўны штаб Краснадарскага краю абвясціў, што паром затануў. Паводле «РИА Новости», на пароме ў момант атакі было 5 чалавек, што з імі - невядома.
Паводле Telegram-каналу «Mash», украінскія вайскоўцы маглі выпусціць па порце крылатую ракету Storm Shadow і яна патрапіла ў паром «Акватрэйдар» (іншая назва - «Конра Трэйдар»), які перавозіў паліва. Telegram-канал «Shot» сцвярджае, што гэта быў не Storm Shadow, а ракета «Няптун» і яна была запушчана з Адэскай вобласці.
У ліпені ўкраінскія сілы ўжо наносілі па порце «Каўказ» некалькі ўдараў, у выніку якіх быў пашкоджаны чыгуначны паром «Славянін».
Порт «Каўказ» - пяты па грузазвароце порт Расейскай Федэрацыі і другі па грузазвароце порт у Чарнаморска-Азоўскім басейне.
Глеб Нержын «Белсат»