навіны

Еўразвяз усё ж мае намер абмеркаваць пытанне адпраўкі інструктараў ва Украіну

Ілюстрацыйны здымак. Фота: war.ukraine.ua
Ілюстрацыйны здымак. Фота: war.ukraine.ua
podpis źródła zdjęcia

Міністры замежных справаў і кіраўнікі Мінабароны краін-членаў Еўрапейскага Звязу ўпершыню маюць намер абмеркаваць пытанне адпраўкі ваенных інструктараў ва Украіну. 

Газета Welt am Sonntag паведамляе, што 27 жніўня аналагічнае пытанне падымуць на пасяджэнні Камітэту па палітыцы і бяспецы Рэгіянальнай садружнасці. Канчатковае рашэнне будзе прынята да лістапада гэтага году. Гэтая ж тэма падымецца на абмеркаванні ў Камітэце па палітыцы і бяспецы Еўразвязу (PSK). 


Нагадаем, напрыканцы траўня 2024 году Кіеў накіраваў ліст на імя вярхоўнага прадстаўніка Еўразвязу па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазепа Барэля, у якім заклікаў рэгіянальную Садружнасць накіраваць ва Украіну інструктараў.


Вядома, што ў падтрымку ініцыятывы выступаюць Францыя, Данія, Швецыя і краіны Балтыі. Супраць: Аўстрыя, Вугоршчына, Славенія, Германія і Мальта. 


Welt am Sonntag адзначыла, што ў сярэдзіне лістападу Еўразвязу трэба будзе падоўжыць мандат ваеннай трэніровачнай місіі ЕЗ для Украіны (EUMAM UKR), у рамках якой ажыццяўляецца навучанне ўкраінскіх вайскоўцаў на тэрыторыі ЕЗ, перш за ўсё, у Германіі і Польшчы. 


Ёсць меркаванне, што еўрапейскія краіны могуць скарыстацца гэтай падставай і не толькі падоўжыць мандат, але і пашырыць яго, дазволіўшы сваім інструктарам ўдзельнічаць у падрыхтоўцы ЗСУ непасрэдна ва Украіне. 


Кіраўнік Генштабу ЕЗ генерал-лейтэнант Міхель ван дэр Лаан, які камандуе місіяй, на закрытых кансультацыях ужо выказаўся за адпраўку інструктараў ва Украіну, паведамляе выданне. 


Вядома, што асновай для абмеркавання міністрамі Еўразвязу гэтых планаў з'яўляецца канфідэнцыйны дакумент Еўрапейскай знешнепалітычнай службы (EAD), які носіць назву «Стратэгічны перагляд трэніровачнай місіі ЕЗ для Украіны». У гэтым дакуменце няма ўласных рэкамендацый адносна магчымасцяў адпраўкі інструктараў, але ў ім пералічаны перавагі і негатыўныя моманты падобнага сцэнару. 


Напрыклад: 

,,

«Адпраўка магла б абмежавацца інструктарамі, якія будуць знаходзіцца ва ўкраінскіх трэніровачных цэнтрах – вельмі далёка ад поля бою. Такія цэнтры можна стварыць на Захадзе Украіны. Але гэта не выключае таго, што Украіна прапануе іншыя «рэгіянальныя варыянты».


Ці вось яшчэ: 


,,

«Той факт, што Расея можа атакаваць любое месца ва Украіне балістычнымі ракетамі і беспілотнікамі, азначаў бы самы высокі ўзровень небяспекі для вайсковага персаналу ЕЗ», – гаворыцца ў аналізе EAD, паводле якога Расея можа паставіцца да спецыялістаў ЕЗ як да «актыўных удзельнікаў канфлікту», што «можа выклікаць непрадказальную кінэтычную рэакцыю». У сувязі з гэтым у выпадку адпраўкі інструктараў варта прадумаць «надзейныя планы эвакуацыі», адзначана ў EAD.


Таксама са зместу дакументу EAD вынікае, што Кіеў разлічвае на 150 тыс. навабранцаў, больш за тое, улады Украіны плануюць стварыць 10 новых пяхотных брыгадаў. 


Цікава, што трэніроўка і аснашчэнне вайскоўцаў у дакуменце называюцца «структурным недахопам» Украіны ў параўнанні з Расеяй.


Тым часам у сваім суботнім звароце – 24 жніўня – з нагоды Дня Незалежнасці Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што напярэдадні адбылося «першае і паспяховае баявое прымяненне новай зброі. Абсалютна новага класу зброі – украінскай ракеты-дрона «Паляніца». Што сабой уяўляе новае ўзбраенне і па якім аб'екце яно было ўжыта, Зяленскі не ўдакладніў. 


Вядома, што ў ноч на суботу быў атакаваны нейкі аб'ект на тэрыторыі Астрагожскага раёну Варонежскай вобласці. Па дадзеных расейскіх крыніцаў, гэта быў склад узбраенняў, выбухі працягваліся каля чатырох гадзінаў. Варонежскі губернатар Аляксандр Гусеў у суботу раніцай заяўляў аб збітых беспілотніках, падзенні іх фрагментаў і пажары, які выклікаў «дэтанацыю выбухованебяспечных аб'ектаў». 


У Курскай вобласці баі працягваюцца.


Надзея Вольная, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10