Ізраіль заявіў пра нанясенне серыі прэвентыўных удараў па аб’ектах радыкальнай групоўкі «Хізбула» на тэрыторыі Лівану. «Хізбула» у сваю чаргу ўчыніла масаваную атаку тэрыторыі Ізраіля ў якасці «акцыі адплаты» за забойства высокапастаўленага палявога камандзіра Фуада Шукры.
25 жніўня прэм’ер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу на паседжанні ваенна-палітычнага кабінету заявіў, што рана раніцай стала вядома, што групоўка «Хізбула» рыхтуецца атакаваць Ізраіль. У звязку з гэтым Цагалю быў адданы загад «дзейнічаць прэвентыўна».
,,«З таго часу Армія абароны Ізраілю дзейнічае, каб прадухіліць пагрозу. Армія знішчыла тысячы ракет, накіраваных на поўнач краіны, прадухіляе многія іншыя пагрозы і дзейнічае з вялікай сілай - як у абароне, так і ў нападзе», - заявіў прэм’ер.
Паведамляецца, што Цагаль нанёс дзясяткі авіяўдараў па тэрыторыі Лівану, у якіх удзельнічалі больш за сотню знішчальнікаў.
«Хізбула» ў сваю чаргу ўчыніла масаваны ракетны абстрэл тэрыторыі Ізраілю. Групоўка заявіла, што атакавала 11 вайсковых баз на поўначы Ізраілю, выпусціла звыш за 320 ракетаў і беспілотнікаў. Аднак, паводле медыяў, першапачаткова планавалася запусціць звыш за 6000 ракетаў і БПЛА. «Хізбула» пазіцыйнуе сваю атаку як «акцыю адплаты» за гібель высокапастаўленага палявога камандзіра Фуада Шукры, які быў забіты ў выніку ізраільскага авіяўдару ў канцы ліпеня.
«The Times of Israel» са спасылкай на Цагаль паведамляе, што «Хізбула» раніцай запусціла каля 210 ракет і 20 беспілотнікаў. Частка з іх перахоплена, частка - не. Ёсць разбурэнні і пацярпелыя. Пры гэтым шмат ракетаў упалі на адкрытай мясцовасці.
Пра наступствы ўдараў вядома мала. Медыі пішуць, што ў ізраільскім горадзе Акко жанчына атрымала аскепкавае раненне, а ў ліванскім горадзе Хіам адзін чалавек загінуў.
Выданне «The Jerusalem Post» піша, што на дадзеным этапе няма ніякіх прыкметаў таго, што Цагаль распачне сухапутнае ўварванне ў паўднёвы Ліван, да чаго шмат хто ў Ізраілі апошнім часам заклікаў. Аднак ізраільскія вайскоўцы гатовыя да любых сцэнароў. Таксама пакуль незразумела, што, ці рыхтуе «Хізбула» новыя атакі, і наколькі зменшыў іх патэнцыял ізраільскі прэвентыўны ўдар.
,,«Цагаль і «Хізбула» ўступілі ў новую, значна больш небяспечную фазу канфлікту», - канстатуе выданне.
Паводле «The Washington Post», кіраўнік МЗС Ізраілю Ісраэль Кац заклікаў міжнародных партнёраў падтрымаць дзеянні Ізраілю і падкрэсліў, што краіна «не імкнецца да поўнамаштабнай вайны і будзе дзейнічаць у адпаведнасці з развіццём падзеяў на месцах». Міністр абароны ЗША Ллойд Осцін падчас тэлефоннай размовы з міністрам абароны Ізраілю Ёаў Галянтам і пацвердзіў «непарушную прыхільнасць» Злучаных Штатаў абароне Ізраіля ад любых нападаў з боку Ірана і яго рэгіянальных саюзнікаў.
У Ізраілі абвешчана асаблівае становішча тылу тэрмінам на 48 гадзінаў. У міжнародным аэрапорце Тэль-Авіву скасаваныя ўсе рэйсы.
Нагадаем, пра тое, што на ізраільска-ліванскай мяжы можа ўзнікнуць другі фронт размовы вядуцца фактычна з першага дня вайны паміж Ізраілем і «Хамасам». Спачатку праіранскай групоўка «Хізбула» абмяжоўвалася лакальнымі абстрэламі памежных раёнаў, а Цагаль адказваў кропкавымі авіяўдарамі. Аднак паступова атакі «Хізбулы» станавіліся ўсё больш інтэнсіўнымі, пашыралася іх геаграфія. У апошнія месяцы тэндэнцыя да эскалацыі стала відавочнай.
У ліпені ў выніку ракетнай атакі «Хізбулы» на Мадждаль-Шамс загінулі 12 дзяцей і падлеткаў. У адказ на гэта Цагаль нанёс удар па сталіцы Лівана Бейруту. Мішэнню атакі стаў Фуад Шукр – самы высокапастаўлены палявы камандзір «Хізбулы», «правая рука» генеральнага сакратара Хасана Насралы.
Глеб Нержын «Белсат»