навіны

У Польшчы растлумачылі, чаму не забараняюць уезду аўтаў з беларускімі нумарамі

img
Памежны пераход «Тэрэспаль» на польска-беларускай мяжы. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Намеснік міністра замежных справаў Польшчы Анджэй Шэйна ў эфіры Польскага радыё пацвердзіў, што ўлады не будуць забараняць уезд легкавых аўтамабіляў, зарэгістраваных у Беларусі. Такі бан раней ухвалілі краіны Балтыі, спасылаючыся на санкцыі ЕЗ.

Гаворка пра ўезд у Польшчу аўтаў, зарэгістраваных у нашай краіне, зайшла падчас абмеркавання праблемы беларускіх палітвязняў. Закрыццё мяжы для легкавікоў з беларускімі нумарамі магло б стаць аргументам у перамовах з Менскам, аднак на такі крок Варшава не пойдзе, запэўніў намеснік міністра замежных справаў Польшчы Анджэй Шэйна:


«Гэта важна для рэжыму Лукашэнкі, што мы не будзем блакаваць уезд, напрыклад, легкавых аўтамабіляў, хаця маглі б. Мы падзяляем рэжым і грамадства. Мы не хочам, каб санкцыі, што мусяць закрануць рэжым, закранулі звычайных грамадзянаў, бальшыня якіх, наколькі мы ведаем і разумеем, — людзі, якія жадаюць жыць у дэмакратычнай краіне і быць часткаю заходняга грамадства. Як мы ведаем, прэзідэнцкія выбары ў Беларусі не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю, яны былі прызнаныя сфальсіфікаванымі».


Польшча пускае зарэгістраваныя ў Беларусі легкавікі пры ўмове, што за стырном — уладальнік. Пры гэтым Літва, Латвія і Эстонія забараніла ўезд аўтаў з беларускімі нумарамі (адначасова Літва адтэрмінавала забарону да 16 жніўня). Улады краінаў Балтыі ў адказах на запыты «Белсату» спасылаліся на санкцыі Еўразвязу, сцвярджаючы, што былі абавязаныя гэта зрабіць.


Пры гэтым Польшча такой забароны не ўхваляе, а ў санкцыйнай пастанове ЕЗ пазначана, што дзяржавы-чальцы маюць права прымаць любыя правілы ўезду легкавікоў з Беларусі, але не абавязаныя цалкам забараняць.


Што праўда, пэўныя выключэнні ўсё ж маюцца. Напрыклад, Эстонія абяцае пускаць зарэгістраваныя ў Беларусі машыны з «пэўных тэрміновых гуманітарных прычынаў пасля ацэнкі кожнага канкрэтнага выпадку».


На машыне з беларускімі нумарамі можна трапіць і ў Латвію, паведамілі раней «Белсату» у Службе фінансавай выведкі краіны (Finanšu izlūkošanas dienests). Менавіта гэтае ведамства разглядае пісьмовыя хадайніцтвы і дае дазвол.


Звяртацца туды могуць:


  • грамадзяне Латвіі, якія хочуць заехаць на сваім легкавіку, зарэгістраваным у Беларусі;
  • грамадзяне Латвіі, якія хочуць прыехаць на аўтамабілі, што належыць блізкаму сваяку (рэзідэнту Беларусі) і зарэгістраваны ў Беларусі;
  • грамадзяне Беларусі, якія маюць дзейсную візу або від на жыхарства і хочуць заехаць на ўласнай машыне, зарэгістраванай у Беларусі.


Абавязковая ўмова ва ўсіх гэтых выпадках – выкарыстанне транспартавага сродку толькі ў асабістых мэтах. Хадайніцтва мае быць дасланае не пазней за 30 дзён да пераходу латышскай мяжы.


Сцяпан Кубік, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10