навіны

У Расеі велізарны скандал вакол «Wildberries». Чаго чакаць беларусам і да чаго тут Прыгожын з Кадыравым?

Офіс «Wildberries»
Офіс «Wildberries». Фота: fin-az.ru
podpis źródła zdjęcia

«Wildberries» мяняе структуру ў Расеі. Гэта адразу стала скандалам, у якім раптам апынуўся замяшаны Рамзан Кадыраў і іншыя «вядомыя каўказцы». Неўзабаве пасля абвяшчэння аб рэарганізацыі з'явіліся чуткі, што справы ў кампаніі дрэнныя. «Белсат» даведаўся, што адбываецца і як кампанія плануе працаваць у Беларусі.

Што за скандал вакол «Wildberries»?

Расейскі маркетплейс «Wildberries» і кампанія па вонкавай рэкламе «Russ» абвясцілі аб рашэнні аб'яднацца ў кампанію «РВБ». Пра гэта стала вядома 18 ліпеня. Паводле задумкі, павінен з'явіцца міжнародны холдынг, які стане аналагам «Amazon» і будзе працаваць у Азіі, Блізкім Усходзе, СНД, КНР і ў Індыі.

Гэтую ўгоду ўхваліў урад Расеі. Аднак пазней у медыях з'явіліся звесткі ад сузаснавальніка, што кампанія занадта моцна закрэдытаваная і ў яе вялікія праблемы, а публічныя асобы нечакана сталі казаць, што нельга дазволіць «разваліць сямейны бізнэс».

Справа ў тым, што заснавальнікі «Wildberries» Таццяна і Уладзіслаў Бакальчукі разводзяцца. Прынамсі, гэтага хоча Таццяна, якой належыць 99 % «Wildberries». Яе муж спадзяецца захаваць сям'ю і рэзка супраць зліцця кампаній, аднак у яго толькі 1 % акцыяў.

Выказаліся Кадыраў і Прыгожын

23 ліпеня Уладзіслаў Бакальчук сустрэўся з кіраўніком Чачэнскай Рэспублікі Рамзанам Кадыравым.

«Да мяне ў госці прыехаў мой сябар Уладзіслаў Бакальчук, з якім мы ўжо знаёмыя каля 10 гадоў. Як аказалася, яшчэ з сакавіка гэтага года ў сям'і Бакальчука сур'ёзныя праблемы як унутры сям'і, так і з заснаваным сямейным бізнесам. Жонку Уладзіслава Сяргеевіча Таццяну рэйдары засцераглі ад мужа і семярых дзяцей. Муж і жонка не маюць магчымасць убачыцца і пагутарыць, каб хаця б абмеркаваць тое, што адбываецца», – напісаў па выніках сустрэчы Кадыраў і дадаў, што зробіць усё магчымае, каб «дапамагчы вярнуць у сям'ю Таццяну Уладзіміраўну і абараніць законны бізнэс».

Таццяна Бакальчук. Фота: Татьяна Бакальчук / Telegram
Таццяна Бакальчук. Фота: Татьяна Бакальчук / Telegram

Абараняць яе трэба быццам ад кіраўнікоў «Russ» братоў Левана і Роберта Мірзаянаў і «вядомых каўказцаў». Паводле сцвярджэння Уладзіслава Бакальчука, абарот кампаніі «Russ» у 100 разоў меншы, чым у «Wildberries», аднак у злітым бізнэсе доля Таццяны складзе 65 %, а іх – 35 %.

Раптам і музычны прадзюсар Іосіф Прыгожын сказаў, што трэба «не даць магчымасць трэцім асобам разваліць сямейны бізнэс». З яго заявы вынікае, што ён непакоіцца за кампанію, бо тая стварае шмат працоўных месцаў. Таццяна заявіла, што гэта не рэйдарскі захоп, як сцвярджае ейны муж, а крок у развіцці і аптымізацыі працы кампаніі.

«Як вы бачыце, я не з'яўляюся закладніцай, як Каўказская палонніца. Я ні ад каго не хаваюся і нічога не хаваю», – сказала 23 ліпеня Бакальчук.

Што чакае «Wildberries» у Беларусі?

31 ліпеня Таццяна Бакальчук прыехала у Беларусь з дзецьмі. І 3 жніўня яна падзялілася відэа з індустрыяльна-лагістычнага парку «Вялікі камень».

«Самы класны гук: будаўніцтва нашага лагацэнтра ў індустрыяльным парку "Вялікі Камень"», – напісала Таццяна.

Пазней яна распавяла ў інтэрв'ю «Forbes», што цяпер злітая кампанія настроеная на актыўную лакалізацыю вытворчасцяў у розных рэгіёнах: «Прычым не толькі ў Расеі. Нядаўна я была ў Беларусі і лічу, што гэта патэнцыйна наступная класная гісторыя з пункту гледжання магчымасці вытворчасці прадукцыі для нас».

Здымак, зроблены Таццянай Бакальчук падчас наведвання парку «Вялікі камень». Фота: Татьяна Бакальчук / Telegram
Здымак, зроблены Таццянай Бакальчук падчас наведвання парку «Вялікі камень». Фота: Татьяна Бакальчук / Telegram

Як стала вядома «Белсату», пакуль кліенты «Wildberries» у Беларусі не адчуваюць якіх-небудзь зменаў у працы сэрвісу.

Таксама літаральна ў дзень прыезду Таццяны ў Беларусь з'явілася навіна, што Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю падпісала пагадненне з «Wildberries» аб прасоўванні беларускіх тавараў праз платформу на вонкавым і ўнутраных рынках.

На афіцыйным сайце, як і раней, можна стаць партнёрам кампаніі і адкрыць кропку ў Беларусі. Усё гэта сігналізуе пра тое, што пакуль «Wildberries» не толькі не плануе закрывацца ў Беларусі, а нават мае намер пашырацца. Аднак у чаце кампаніі па падтрымцы яе аддзяленняў на пытанне, ці можна быць упэўненым у стабільнасці працы, адкрываючы пункт у Беларусі, адміністратар праігнараваў пытанне, хоць актыўна адказвае на іншыя запыты.

Арсен Рудэнка, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10