23 жніўня Мінфін ЗША абвесціў пра чарговыя санкцыі супраць Расеі за ўварванне ва Украіну. У пералік залучылі два беларускіх прадпрыемствы: рагачоўскі «Дыяпраектар» і менскае навукова-вытворчае аб’яднанне парашковай металургіі.
ЗША паведамілі пра новы пакет санкцыяў супраць Расеі напярэдадні Дня незалежнасці Украіны. Як адзначыў Дзярждэпартамент, рэстрыкцыі ўведзеныя супраць тых, хто датычны да ўхілення ад раней ухваленых абмежаванняў, да ваенна-прамысловага комплексу, да гвалтоўнага «перавыхавання» ўкраінскіх дзяцей.
Агулам у спісе — амаль 400 юрыдычных і фізічных асобаў. Іхная ўласнасць у ЗША, калі маецца, будзе заблакаваная, амерыканскім кампаніям забаронена мець з імі любую супрацу, а фірмам ва ўсім свеце за супрацу з фігурантамі чорнага спісу будуць пагражаць другасныя санкцыі.
У пераліку знайшлося месца для двух беларускіх прадпрыемстваў, што зарабляюць на вайне. Пад амерыканскія санкцыі трапілі рагачоўскі завод «Дыяпраектар» і Дзяржаўнае навукова-вытворчае аб'яднанне парашковай металургіі разам са сваімі кіраўнікамі: Генадзем Філіпавым і Аляксандрам Ільюшчэнкам адпаведна.
Прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар у каментары «Белсату» раскрыў, як менавіта правінаваціліся гэтыя прадпрыемствы:
«“Дыяпраектар” удзельнічае ў вытворчасці розных прыцэлаў, якія пастаўляюцца для мадэрнізацыі танкаў, іншай тэхнікі расейцаў. І потым гэта, натуральна, трапляе на фронт. Аб’яднанне парашковай металургіі вырабляе дэталі для ўдарнага беспілотніка “Чакан”, які выкарыстоўваўся расейцамі ў вайне ва Украіне. Гэтаму маюцца доказы».
Жыгар адзначыў, што гэтыя беларускія вытворцы маюць патрэбу ў замежных тэхналогіях і дэталях, і цяпер знайсці неабходныя камплектуючыя будзе складаней і даражэй:
«Бальшыня дэталяў не вырабляецца ў Беларусі, такіх магчымасцяў папросту бракуе. І любая супраца з гэтымі кампаніямі вядзе да другасных санкцыяў. Няшмат хто ў свеце хоча сварыцца з амерыканцамі або трапляць у зону іхнага кантролю».
Суразмоўца «Белсату» канстатаваў, што вынікам такіх перашкодаў дзякуючы санкцыям маюць быць выратаваныя жыцці ўкраінцаў:
,,«Тое, што вырабляе менскі рэжым, не трапіць на фронт і не будзе забіваць украінцаў».
Прадстаўнік «BELPOL» падсумаваў: санкцыі сведчаць, што ЗША «выдатна разумеюць, хто датычны да вайны ва Украіне і хто дапамагае расейцам у гэтай вайне».
«Гэта ўскладніць абыход санкцыяў для кампаніяў, ускладніць пастаўкі розных дэталяў для вытворчасці тэхнікі ды ўзбраення», — сказаў Уладзімір Жыгар.
Апошнія санкцыі, датычныя канкрэтна Беларусі, ЗША ўхвалілі напачатку жніўня — да гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў нашай краіне. Тады ў чорны спіс залучылі 19 фізічных і 14 юрыдычных асобаў, а таксама «Boeing» Аляксандра Лукашэнкі.
Сцяпан Кубік, «Белсат»