навіны

«Можа, быў пад наркотыкамі або псіхічна хворы». У цэнтры Вільні на дзвюх беларусак напаў невядомы

img
Мужчына, якога дзве беларускі абвінавацілі ў нападзе ў цэнтры Вільні. 24 жніўня 2024 года. Кадр відэа, дасланага чытачкаю «Белсату»
podpis źródła zdjęcia

У ноч на суботу ў цэнтры Вільні мужчына напаў на дзвюх беларусак. Адна з іх расказала «Белсату» падрабязнасці здарэння. Лізавета прызналася, што яны з сяброўкай былі ў шоку і моцна спужаліся. Паліцэйскія ехалі 20 хвілінаў і, калі прыехалі, спыталі, чаму дзяўчыны ў такі час не ўдома.

Здарэнне адбылося каля апоўначы, калі беларускі чакалі таксоўку, каб паехаць дадому з цэнтру Вільні. Да іх прычапіўся мужчына, які ішоў насустрач.


«Ён пачаў кранаць маю сяброўку за плячо і спытаў на англійскай мове, ці размаўляе яна па-літоўску або па-англійску. Мы папрасілі яго не чапаць нас і пайшлі далей», — расказала «Белсату» адна з дзяўчат, Лізавета.


Мужчына нібыта пайшоў прэч, але потым знянацку пабег у бок сябровак, пачаў іх піхаць і крычаць па-англійску: «Не чапаць вас?!»


«Ён нас піхаў, але відочных цялесных пашкоджанняў няма. Хуткую мы не выклікалі, аднак вельмі моцна спужаліся. І маральна было вельмі цяжка пасля гэтага», — кажа дзяўчына.


Яна наракае, што на дапамогу ніхто не спяшаўся, хаця побач на чырвонае святло стаяла колькі аўтаў:

,,

«Нам дапамог толькі адзін літовец. Ён быў у слухаўках і не бачыў здарэння, але пачуў крык і дачакаўся з намі паліцыі і супакойваў».


Паліцыянты ехалі хвілінаў 20, кажа Лізавета, хаця камісарыят там даволі блізка.


«Працаўнікі спачатку нас апыталі. Спыталі, чаму мы так позна ходзім, што мы робім знадворку ў такі час», — згадвае дзяўчына.


Паліцыянты прапанавалі дзве опцыі: ехаць адразу ў аддзел або падаць заяву онлайн. Днём у суботу Лізавета звярнулася ў камісарыят асабіста:


«Жанчына, якая прымала заяву, пыталася, ці было нам балюча або мы проста спужаліся, ці ёсць сінякі, папрасіла пазначыць, што сінякоў няма. Сказалі, што нам напішуць або патэлефануюць, калі ў следчага будуць якія-кольвек пытанні. Сяброўка заявы не пісала».


Дзяўчыне паабяцалі, што мужчыну будуць шукаць:


«Я казала, што там ёсць камеры назірання, што я маю відэа. Яны паабяцалі, што прагледзяць запісы, што будуць шукаць і мне трэба толькі чакаць».


Лізавета сцвярджае, што з сяброўкай аніяк мінака не правакавала, яны былі цвярозыя:


«Ад яго алкаголем не пахла, але ён вельмі дзіўна паводзіўся. Такія агрэсіўныя паводзіны — гэта ўжо дзіўна. Можа быць, у яго пэўныя псіхічныя адхіленні, можа, пад наркотыкамі быў».


Літоўская паліцыя гэтага здарэння яшчэ не каментавала.


Сцяпан Кубік, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10