У суботу 24 жніўня Украіна і Расея правялі абмен палоннымі ў фармаце «115 на 115». Як паведамляе Міністэрства абароны РФ, у Беларусь былі вывезены 115 расейскіх вайскоўцаў, узятых украінскай арміяй у палон у Курскай вобласці і абмененых на ўкраінскіх ваеннапалонных.
«У цяперашні час усе расійскія вайскоўцы знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, дзе ім аказваецца неабходная псіхалагічная і медыцынская дапамога, а таксама прадастаўлена магчымасць звязацца са сваякамі. Усе вызваленыя вайскоўцы будуць дастаўленыя ў Расейскую Федэрацыю для лячэння і рэабілітацыі ў медыцынскіх установах Мінабароны Расеі», – адзначаецца ў прэс-рэлізе Мінабароны РФ.
Паводле звестак Telegram-канала «Пскоўская губерня», сярод абмененых палонных ёсць, як мінімум, адзін салдат тэрміновай службы з Пскоўскай вобласці, які трапіў у палон на Куршчыне. Канал спасылаецца на спісы вызваленых з палону, апублікаваныя раней Telegram-каналам «Наш выхад».
Адзначаецца, што гэта першы абмен палоннымі паміж ваюючымі бакамі з пачатку наступальнай аперацыі ЗСУ ў Курскай вобласці РФ, якая цягнецца ад жніўня, і што пры вяртанні расейскіх вайскоўцаў з палону пасрэдніцкія намаганні гуманітарнага характару аказалі Аб'яднаныя Арабскія Эміраты.

Раней таксама з'яўляліся паведамленні, што для абмену ваеннапалоннымі паміж Украінай і Расеяй выкарыстоўваецца тэрыторыя Беларусі. Праўда, афіцыйна гэтая інфармацыя так нідзе і не была апублікаваная.
Нагадаем, яшчэ 6 жніўня ўкраінская армія, якая ўступіла ў Курскую вобласць, узяла ў палон «значную колькасць салдатаў праціўніка», у тым ліку салдатаў тэрміновай службы, што пацвярджалася шматлікімі відэасведчаннямі.
Кіеў неаднаразова падкрэсліваў, што папаўненне абменнага фонду дапаможа вызваліць з расейскага палону сваіх вайскоўцаў, якія, па заявах украінскіх уладаў, утрымліваюцца ў нечалавечых умовах. Гэтым заявам таксама мелісь відэадоказы з мінулых абменаў.
Офіс прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага таксама паведаміў, што дадому вярнулася 115 украінскіх палонных. Паведамляецца, што вызвалілі воінаў Нацыянальнай гвардыі, Узброеных сілаў, Ваенна-марскіх сілаў, Дзяржаўнай пагранічнай службы.
«Мы памятаем пра кожнага. Шукаем і прыкладаем максімум намаганняў, каб вярнуць усіх. Дзякуй кожнаму падраздзяленню, якое папаўняе наш абменны фонд. Гэта набліжае вызваленне нашых вайскоўцаў, нашых цывільных з расейскага палону. Дзякуй нашай камандзе і партнёрам, ААЭ за тое, што нашы людзі вяртаюцца дадому», – цытуе словы Уладзіміра Зяленскага unian.net.
Надзея Вольная, «Белсат»