Еўразвяз часткова закрыў для Беларусі ўезд легкавых аўтамабіляў і патлумачыў гэта намерам знізіць даходы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ад продажу легкавых аўтамабіляў. «Белсат» даведаўся, чаму мера, якая моцна абмяжоўвае беларусаў, ніяк не адабʼецца на даходах рэжыму.
Беларусь не зарабляла на экспарце аўтаў у ЕЗ
Паводле звестак Еўрастату, з 2020 года самы вялікі абʼём паставак аўтамабіляў з Беларусі ў ЕЗ быў у 2021 годзе – амаль на € 3 млн. Па выніках 2023 года гэтая лічба скарацілася да € 1,4 млн. А пастаўкі ў студзені – траўні склалі толькі дзясятую частку ад абʼёму 2023 года – € 142 тысячы. То бок і без спецыяльных санкцый гандаль аўтамабілямі з Беларусі ў ЕЗ зніжаўся.
Акрамя таго, продаж аўтамабіляў не ўносіў вялікага ўкладу ў беларускі экспарт. Напрыклад, € 142 тысячы – гэта 0,02 % ад усяго продажу тавараў з Беларусі ў ЕЗ, які ў студзені – траўні склаў € 610,8 млн.
Калі казаць пра краіны, якія куплялі аўтамабілі з Беларусі, то з 2020 года гэта былі Нямеччына, Іспанія і Эстонія. Пры гэтым Нямеччына рэзка скараціла пакупкі пасля 2022 года.
Дапамога Расеі ў абыходзе санкцый
Затое легкавыя аўтамабілі вялізным патокам ішлі ў Беларусь з Еўропы, пачынаючы з ліпеня 2022 года. Гэта супала з тым, што ўвоз аўтамабіляў быў абмежаваны ў Расею праз агрэсію супраць Украіны.
Журналістам «Бюро» вядома прыкладна пра тысячу люксавых аўтаў на $100 млн, якія былі закупленыя ў 2023 годзе ў ЕЗ і перапрададзеныя ў Расею. Аднак, мяркуючы па звестках Еўрастату, паток яшчэ большы.
Толькі за студзень – травень легкавых машын было пастаўлена з ЕЗ у Беларусь на € 1,13 млрд (траціна ўсяго імпарту Беларусі з ЕЗ). Гэта ў 5,5 разоў больш, чым у 2020 годзе і амаль палова ад абʼёму паставак 2023 года. Таксама гэта амаль у 8 тысяч разоў больш, чым пастаўкі аўтамабіляў з Беларусі ў ЕЗ у грашовым выражэнні.
Больш за ўсё аўтамабіляў у студзені – траўні ў Беларусі прадалі Нямеччына (49,7 %), Польшча (23,3 %) і Літва (12,8 %).
Толькі з 1 ліпеня 2024 года ЕЗ забараніў пастаўляць у Беларусь аўтамабілі з клірансам звыш 165 см і абʼёмам рухавіка больш за 1 900 куб.см. А таксама транспартныя сродкі даражэйшыя за € 50 тысяч і матацыклы даражэйшыя за € 5 тысяч. Электрамабілі з клірансам да 165 см дазволеныя.
Ці ёсць сэнс зраўноўваць Беларусь з Расеяй?

Яшчэ адным абгрунтаваннем санкцый стала закрыццё «дзірак» і раўнаванне абмежаванняў з Расеяй. Аднак сама Расея амаль не прадавала аўтамабілі ў ЕЗ. Напрыклад, у 2023 годзе іх было прададзена амаль на € 14 млн, што ў 2,6 разы менш, чым у 2022 годзе. А за студзень – травень 2024 года было прададзена легкавых аўто на € 2,8 млн. У агульным абʼёме экспарту Расеі ў ЕЗ за студзень–травень € 2,8 млн – гэта 0,018 %. Атрымліваецца, што забарона на ўвоз аўтамабіляў з Беларусі ў ЕЗ закранае мізэрную частку беларускага і расейскага экспарту ў ЕЗ.
«Белсат» накіраваў запыт Еўрапейскай Радзе з просьбай патлумачыць, ці ёсць сэнс абмяжоўваць рух аўтамабіляў з беларускімі нумарамі ў ЕЗ і ці можа гэтая мера быць перагледжаная, калі гэта не ўплывае на даходы рэжыму, але значна ўскладняе ўезд беларусаў у ЕЗ.
Літва забараніла легкавым аўтамабілям, якія зарэгістраваныя ў Беларусі, уезд на сваю тэрыторыю з 18 ліпеня. Пакуль літоўскія ўлады зрабілі адтэрміноўку – абмежаванні дзейнічаюць з 16 жніўня. Латвія забараніла ўезд з 16 ліпеня без адтэрміновак, а Эстонія – з 17 ліпеня. Польшча дазваляе ўязджаць на сваю тэрыторыю легкавым аўто з беларускімі нумарамі толькі, калі ў машыне ёсць яе ўладальнік. Гэтае рашэнне пачало дзейнічаць з 9 ліпеня.
Арсен Рудэнка, «Белсат»