У менскай навучальнай установе здарылася задымленне, прычына ўзгарання сапраўды здзіўляе, паведамляюць «Минск-Новости». Хутчэй за ўсё гаворка вядзецца пра Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчаму мастацтву імя Ахрэмчыка, сцены ў якой распісваў Алесь Пушкін.
Як паведамляе агенцтва, раніцай супрацоўніца навучальнай установы, якая знаходзіцца на капітальным рамонце, заўважыла слабое задымленне ў фае і паведаміла пра гэта ў службу выратавання.
Пры правядзенні агляду, супрацоўнікі МНС выявілі тленне ўцяпляльніка ў прасторы над столлю. Выкарыстаўшы цеплавізар і правёўшы замеры тэмпературы ў розных месцах падвеснай столі, зробленай з ДВП-пліт, яны выявілі, што тэмпература на паверхні пліт значна адрозніваецца ад тэмпературы паветра ў памяшканні.
Як паведаміла афіцыйная прадстаўніца ўпраўлення ДКСЭ па Менску Ганна Барышнікава, у ходзе даследавання, праведзенага экспертам, было выяўлена, што «ўнутры фрагментаў ДВП знаходзяцца сляды жыццядзейнасці мікраарганізмаў у выглядзе зялёнага грыбка і цвілі. Улічваючы месцазнаходжанне ачагоў тлення, абмежаваны доступ у зону тлення, а таксама выключэнне іншых небяспечных крыніц запальвання, эксперт прыйшоў да высновы, што непасрэднай (тэхнічнай) прычынай задымлення стала мікрабіялагічнае самазагаранне».

Назву ўстановы агенцтва «Минск-Новости» не прыводзіць, але з фотаздымкаў, апублікаваных у матэрыяле, бачна, што гэта сцены Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчаму мастацтву імя Ахрэмчыка. Менавіта на сценах гэтай вучэльні знаходзяцца роспісы, зробленыя мастаком Алесем Пушкіным у 1990 годзе. Гэта ягоная дыпломная праца пад назвай «Парнат».
На фотаздымках бачна, што для таго, каб ліквідаваць задымленне, пажарныя службы зрабілі вялікія дзіркі ў роспісах.
Нагадаем, што ў чэрвені 2021 года беларускі мастак, актывіст і культурны дзеяч Алесь Пушкін быў арыштаваны і асуджаны па абвінавачваннях у «знявазе дзяржаўных сімвалаў і ўлады». Ён загінуў у турме ў ліпені 2023 года, што выклікала вялікі рэзананс у Беларусі і за яе межамі.
Раман Шавель, «Белсат»