навіны

Выбары ў ЗША: Камала Гэрыс дала надзею дэмакратам, але яшчэ не развеяла іх страхі

Кандыдатка ў прэзідэнты ад Дэмакратычнай партыі Камала Гэрыс выступае на перадвыбарным мітынгу ў Мілўокі, ЗША. 20 жніўня 2024 года. Фота: Jacquelyn Martin / AP Photo / East News
Кандыдатка ў прэзідэнты ад Дэмакратычнай партыі Камала Гэрыс выступае на перадвыбарным мітынгу ў Мілўокі, ЗША. 20 жніўня 2024 года. Фота: Jacquelyn Martin / AP Photo / East News
podpis źródła zdjęcia

Камала Гэрыс, якая замяніла 81-гадовага Джо Байдэна, канчаткова зацверджаная ў якасці кандыдаткі ад Дэмакратычнай партыі ў прэзідэнты ЗША. Першая чорнаскурая жанчына палітык на пасадзе віцэ-прэзідэнткі здолела не толькі вярнуць надзею традыцыйнаму электарату дэмакратаў, але і прыцягнуць на свой бок тых, хто хістаўся. Тым не менш, гэта яшчэ ніяк не гарантуе ёй перамогі. А будучыя выклікі могуць разбурыць і так крохкую перавагу 59-гадовай віцэ.

21 жніўня дэлегаты агульнанацыянальнага з’езду Дэмакратычнай партыі ЗША ў Чыкага фармальна зацвердзілі віцэ-прэзідэнтку Камалу Гэрыс кандыдаткай у прэзідэнты на будучых выбарах. Сама яна на з’ездзе не прысутнічала, бо была на перадвыбарным мітынгу ў Мілўокі, але сімвалічна прыняла сваё вылучэнне па відэасувязі. Яна знаходзілася ў тым жа будынку, дзе ў ліпені нацыянальны з’езд Рэспубліканскай партыі вылучыў кандыдатам у прэзыдэнты Доналда Трампа.

У сваёй прамове Гэрыс раскрытыкавала апанента за падтрыманне ім рашэння Вярхоўнага суда ЗША, што адмяніла канстытуцыйнае права жанчын на аборты. І паабяцала пакараць яго за гэта ў лістападзе на ўчастках для галасавання.

У сваю чаргу губернатар Мінесоты Тым Ўолз, які афіцыйна даў згоду балатавацца на пасаду віцэ-прэзідэнта, падзякаваў Гэрыс «за давер і запрашэнне узяць удзел у гэтай неверагоднай кампаніі», а прэзідэнта ЗША Джо Байдэна – «за чатыры гады лідарства». З ягоных слоў, Гэрыс будзе бараніць свабоду амерыканцаў «жыць тым жыццём, якім вы хочаце».

Былыя прэзідэнты хвалілі Гэрыс і пужалі Трампам

На з’ездзе партыі выступіла шмат вядучых палітыкаў ад Дэмакратычнай партыі. Дзейны прэзідэнт Байдэн вымавіў кранальную развітальную прамову да тых, хто месяц таму, вымусіў яго зняцца з прэзідэнцкай гонкі,, завяршыўшы яе словамі «Я люблю вас». Ён таксама назваў абранне Гэрыс віцэ-прэзідэнткай найлепшым рашэннем за сваю кар’еру, бо яна «жорсткая, дасведчаная і неймаверная сумленная».

Былая спікерка Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлоўзі выступае на агульнанацыянальным з’ездзе Дэмакратычнай партыі ЗША ў Чыкага, ЗША. 21 жніўня 2024 года. Фота: Eva Hambach / AFP / East News
Былая спікерка Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлоўзі выступае на агульнанацыянальным з’ездзе Дэмакратычнай партыі ЗША ў Чыкага, ЗША. 21 жніўня 2024 года. Фота: Eva Hambach / AFP / East News

Былы прэзідэнт Біл Клінтан заявіў, што выбар паміж Гэрыс і Трампам з’яўляецца «відавочным». Паводле яго, Гэрыс здольная вырашыць праблемы амерыканцаў і пераканацца, што ў кожнага з іх «будзе шанец ажыццявіць свае мары». У сваю чаргу былая спікерка Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлоўзі назвала дзейную адміністрацыю «адной з самых паспяховых каманд сучаснасці». Паводле яе, «Гэрыс гатовая вывесці нас на новую вышыню».

«Гісторыя запомніць Джо Байдэна як прэзідэнта, які абараніў дэмакратыю ў момант вялікай небяспекі. Цяпер нам усім трэба будзе змагацца за Амерыку, у якую мы верым. І не памыляйцеся, гэта будзе менавіта змаганне», – адзначыў экс-прэзідэнт
Барак Оўбама.

Ён папярэдзіў аб небяспецы вяртання на пасаду прэзідэнта Трампа, якога назваў «78-гадовым мільярдэрам, які не перастае ныць пра свае праблемы» і ўкіне краіну ў «хаос і беспарадкі». Паводле яго, ЗША гатовыя «гатовыя да прэзідэнткі Камалы Гэрыс, і Камала Гэрыс гатовая да гэтай працы».

Жонка Оўбамы Мішэль падкрэсліла, што Гэрыс прабілася на вяршыню дзякуючы працавітасці і таленту, а не багаццю бацькоў, як Трамп. Паводле яе, той накіруе ўсе намаганні, каб ачарніць Гэрыс.

Трамп вярнуўся на вуліцу

У сваю чаргу Трамп 21 жніўня ўпершыню пасля замаху выступіў на адкрытым паветры. Мітынг адбыўся ў Ашэбары (Паўночная Караліна). Сам палітык знаходзіўся за кулянепрабіўным шклом. Тэлеканал ABC News паведамляе, што прыняць такія захады бяспекі яму рэкамендавала Сакрэтная служба ЗША. На папярэднім мітынгу Трампа пад адкрытым небам, які прайшоў 13 ліпеня ў Батлеры (Пенсільванія), у яго стралялі і паранілі ў вуха.

Кандыдат у прэзідэнты ад рэспубліканцаў і былы прэзідэнт Дональд Трамп выступае падчас перадвыбарчага мітынгу ў Музеі авіяцыі Паўночнай Караліны. Ашэбары, ЗША. 21 жніўня 2024 года. Фота: Julia Nikhinson / AP Photo / East News
Кандыдат у прэзідэнты ад рэспубліканцаў і былы прэзідэнт Дональд Трамп выступае падчас перадвыбарчага мітынгу ў Музеі авіяцыі Паўночнай Караліны. Ашэбары, ЗША. 21 жніўня 2024 года. Фота: Julia Nikhinson / AP Photo / East News

Прамова Трампа была прысвечаная аналізу замежнай палітыкі ЗША пад кіраўніцтвам Байдэна і Гэрыс. Ён назваў «шкодай для рэпутацыі ЗША» вывад войскаў з Афганістана, дзе ў талібаў, паводле яго, цяпер застаўся велізарны арсенал зброі. Таксама Трамп зноў заявіў, што «адным тэлефонным званком» скончыць вайну ва Украіне.

Гэрыс «абнуліла гонку паводле ўсіх паказнікаў»

Як адзначае BBC, дэмакраты ў Чыкага знаходзіліся ў прыўзнятым настроі, спадзеючыся на перамогу ў лістападзе, што здавалася неймаверным усяго некалькі тыдняў таму пасля правальных дэбатаў Байдэна з Трампам. Бо Гэрыс удыхнула новае жыццё ў Дэмакратычную партыю і абышла лідара рэспубліканцаў у апытаннях грамадскай думкі. 

Reuters звяртае ўвагу на мультырасавае паходжанне віцэ-прэзідэнткі – дачкі двух імігрантаў, ямайскага бацькі і індыйскай маці. Як піша выданне, яно адлюстроўвае зменлівую дэмаграфічную сітуацыю ў Злучаных Штатах. Паводле Бюро перапісу насельніцтва ЗША, каля 42 млн амерыканцаў ідэнтыфікуюць сябе як шматрасавыя, а гэта 13 % насельніцтва краіны супраць 2 % у 2000 годзе, калі з’явілася такая катэгорыя.

Як адзначыў кангрэсмен-дэмакрат Макзўэл Фрост, паходжанне Гэрыс «павышае яе здольнасць прымаць законы і адстойваць інтарэсы» ад імя шырокага кола амерыканцаў. Пры гэтым яно ж выклікае ўвагу і розных канспіролагаў, сярод якіх шырацца тэорыі пра «Вялікую замену» белай расы.

Politico са спасылкай на аналіз перадвыбарных апытанняў заяўляе, што замена дэмакратамі Байдэна на Гэрыс «абнуліла гонку паводле ўсіх паказнікаў». Яна не толькі здолела вярнуць прыхільнасць традыцыйных выбарцаў Дэмакратычнай партыі, але і прыцягнуць на свой бок незалежных выбарцаў.

«Гэрыс прадэманстравала поспехі ў шырокім спектры дэмаграфічных катэгорыяў, але паляпшэнне было асабліва заўважнае сярод маладых выбарцаў, нябелых выбарцаў і жанчын-выбарцаў. У сукупнасці лічбы сведчаць пра тое, што замена на Гэрыс у значнай ступені аднавіла аслаблую дэмакратычную кааліцыю, аднавіла лідарскі імідж сярод незалежных і прынамсі вярнула ў выбары інтрыгу. Карацей кажучы, ёй удалося зрабіць тое, пра што кожны кандыдат можа толькі марыць: прыцягнуць сваю базу, не адпудзіўшы выбарцаў, якія вагаюцца», – піша выданне.


Незалежныя выбарцы і рэспубліканцы цэнтрысцкіх поглядаў – адна з галоўных надзей дэмакратаў на гэтых выбарах. Іх імкнуцца пераканаць прыйсці да выбарчых скрыняў і прагаласаваць за Гэрыс, а не сядзець дома. На прыцягненне незалежных і кансерватыўных выбарцаў скіраваны і імідж новага віцэ ад дэмакратаў Ўолза – выхадца з мястэчка на Сярэднім Захадзе.

Прыхільнікі кандыдаткі ў прэзідэнты ад Дэмакратычнай партыі Камалы Гэрыс прысутнічаюць на перадвыбарным мітынгу ў Мілўокі, ЗША. 20 жніўня 2024 года. Фота: Jacquelyn Martin / AP Photo / East News
Прыхільнікі кандыдаткі ў прэзідэнты ад Дэмакратычнай партыі Камалы Гэрыс прысутнічаюць на перадвыбарным мітынгу ў Мілўокі, ЗША. 20 жніўня 2024 года. Фота: Jacquelyn Martin / AP Photo / East News

Тое, што гэта працуе, на з’ездзе дэмакратаў у Чыкага паказалі некаторыя рэспубліканцы, якія пакінулі партыю праз нязгоду з Трампам. Былая прэс-сакратарка Белага дома пры Трампе Стэфані Грышэм распавяла, як прайшла шлях ад «сапраўднай прыхільніцы» былога прэзідэнта да першага высокапастаўленага супрацоўніка Белага дома, які падаў у адстаўку пасля нападу прыхільнікаў Трампа на Капітолій ЗША 6 студзеня 2021 года. А мэр-рэспубліканец Джон Джайлз з Арызоны заявіў, што Рэспубліканскай партыі, якая імкнецца пераадольваць рознагалоссі, «больш няма, і мы нічым не абавязаныя тым, хто ў ёй застаўся». 

Прыносіць свой плён і тактыка Гэрыс не даваць інтэрв’ю і пазбягаць любых фразаў, за якія б маглі зачапіцца ейныя крытыкі. Але ёй не ўдасца вечна пазбягаць прамой дуэлі з Трампам, бо ў верасні ўсё ж давядзецца сутыкнуцца з вострай палемікай на дэбатах у пытаннях міграцыі, эканомікі і палітыкі ідэнтычнасці.

«Мы не павінны падманваць сябе – мы застаемся аўтсайдарамі», –
сказала карэспандэнтам BILD крыніца ў дэмакратычнай партыі.

Многія дэмакраты згадваюць выбары 2016 года, калі Гілары Клінтан таксама абыходзіла Трампа ў апытаннях, але ўсё ж прайграла.

«Небяспека ў тым, што мы становімся самаўпэўненымі і, як у 2016 годзе, усе пераконваюць сябе, што мы абавязкова пераможам, бо так паказваюць апытанні. А потым здарыцца шок», – сказаў BILD адзін з дэлегатаў ад дэмакратаў на з’ездзе ў Чыкага.


Эканоміка як ахілесавая пятка дэмакратаў

Ёсць у дэмакратаў і праблемы з эканамічнай праграмай Гэрыс, якую CNN ахарактарызавала як папулізм. Яна прапанавала надаць падатковыя льготы больш як 100 млн амерыканцаў сярэдняга класа і малазабяспечаным, у тым ліку на жыллё, медыцыну і выхаванне дзяцей, і падвысіць падатак для кампаніяў. Гэрыс паклялася ўтаймаваць рост цэнаў на прадукты харчавання і змагацца з цэнавым маніпуляваннем, усклаўшы адказнасць за рост выдаткаў на буйны бізнес.

«Новыя прапановы Гэрыс запатрабуюць ухвалення Кангрэса, і яна не ўдакладніла, як будзе плаціць за свой дарагі спіс жаданняў у той час, калі федэральны доўг імкліва расце – акрамя таго, што яна папросіць багатыя і буйныя карпарацыі выплаціць сваю справядлівую долю», – піша CNN, адзначаючы, што прапанаваныя Гэрыс захады могуць павялічыць дэфіцыт бюджэту на 1,7-2 трлн долараў.


Financial Times адзначае, што Гэрыс «рызыкуе сутыкнуцца з негатыўнай рэакцыяй эканамістаў і бізнес-групаў». Выданне піша, што некаторыя эканамісты ўстрывожаныя, тым, што ейныя прапановы патэнцыйна вядуць да празмернага дзяржаўнага рэгулявання эканомікі і ўносяць разбуральныя скажэнні ў коштаўтварэнне.

«Гэты план падаўся мне адказам на фокус-групы. Вы можаце сказаць, што турбуе выбарцаў, і, у рэшце, першая задача Камалы Гэрыс – перамагчы на ​​выбарах», – сказаў Дэйвід
Ўэсэл, старэйшы навуковы супрацоўнік у эканамічных даследаваннях Інстытуту Брукінгса.

Планы Трампа скараціць падаткі, павысіць мыты на імпартныя тавары і абмежаваць іміграцыю таксама выклікалі неспакой у многіх эканамістаў, якія асцерагаюцца, што яны могуць справакаваць новы разбуральны віток інфляцыі. Аднак экс-прэзідэнт і блізкія да яго эканамісты накінуліся на эканамічную платформу Гэрыс, крытыкуючы найперш такія захады, як федэральная забарона на рост цэнаў у прадуктовых крамах.

Майкл Стрэйн, дырэктар даследаванняў эканамічнай палітыкі ў Амерыканскім інстытуце прадпрымальніцтва, лічыць планы Гэрыс «няспелымі», «несур’ёзнымі» і шкоднымі для самой віцэ-прэзідэнткі. На яго думку, ёй трэба арыентавацца на ўмераных рэспубліканцаў, незадаволеных Трампам, і не прымушаць іх «закатваць вочы».

Пакуль жа FOX Business піша пра вяртанне Трампам страчаных пазіцыяў на рынку букмекерскіх ставак. Калі яшчэ тыдзень таму Гэрыс на PolyMarket абыгрывала Трампа з 51 % супраць 46 %, то 21 жніўня букмекеры давалі яму ўжо 52 % шанцаў на перамогу. А каэфіцыенты Гэрыс упалі да 47 %.

Як паведаміў дырэктар у сувязях з грамадскасцю BetUS Тым Ўільямз, змены на рынках ставак могуць быць звязаныя з крытыкай эканамічнай праграмы Гэрыс. А таксама з размовамі пра тое, што незалежны кандыдат у прэзідэнты Робэрт Кенэдзі-малодшы разглядае магчымасць падтрымання або аб’яднання з Трампам. Прафесар статыстыкі Ратгерскага ўніверсітэту Гэры Крэйн, які назваў усплёск ставак на Трампа «даволі значным рухам», таксама звязаў гэта з эканамічнай праграмай кандыдаткі ад дэмакратаў і з тым, што «яна адказала на некалькі пытанняў больш, чым раней. І, магчыма, яны [адказы. – рэд. „Белсат“] былі не такімі ўжо добрымі для яе».

Макар Мыш, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10