навіны

У Мазыры замяняюць легендарныя трамваі – мясцовыя жыхары дзеляцца фотаздымкамі навюткіх і ўжо сумуюць па старых, якія наездзілі па мільену кіламетраў

Старэнькі мазырскі трамвай. Фота: © griphon. livejournal.com
Старэнькі мазырскі трамвай. Фота: © griphon. livejournal.com
podpis źródła zdjęcia

Мазырскі трамвай – унікальная для Беларусі з’ява, бо ён існуе і дагэтуль дзейнічае ў горадзе раённага падпарадкавання. І гэта яшчэ не ўсё. Першапачаткова трамвай у Мазыры быў запушчаны адмыслова для перавозкі працоўных да Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу, але стаў улюбёным транспартам для ўсіх мазыран. За некалькі дзясяткаў гадоў мазырскія трамваі сталі сапраўднай легендай. Квіткі трэба было кампасціраваць, а сама паездка на трамваі была як экскурсія ў мінулае, яшчэ і па цудоўным краявідам, бо гэта адзіны трамвай у краіне, які курсіруе і ў мяжы горада, і праз палі-вескі – да прадпрыемства.

«Скончылася эпоха», – крыху сумуюць мазыране і дасылаюць у мясцовыя паблікі фотаздымкі новых саставаў трамваяў, якія ўжо пачалі «бегаць» свае 20 км маршуту ад Мазыра да прамысловай зоны, у рысе якой размешчаны Мазырскі НПЗ. Улюбёныя адразу некалькімі пакаленнямі мясцовых жахароў старыя чырвона-белыя трамваі паступова пачалі замяняць на чырвона-чорныя, распрацаваныя сталічнай кампаніяй BKM Holding (былое прадпрыемства «Белкамунмаш»).

Вось так выгляююць новыя вагоны. Фота: тг-канал «Мозырь»
Вось так выгляююць новыя вагоны. Фота: тг-канал «Мозырь»

Шмат гадоў таму з’яўленне трамвая ў Мазыры стала магчымым дзякуючы Мазырскаму нафтаперапрацоўчаму заводу, які адкрыў адмысловае трамвайнае ўпраўленне ў 1988 годзе для арганізацыі зручнай перавозкі рабочых на прадпрыемства.

Трамвай быў ведамасны, і ўвесь час знаходзіцца на балансе завода.Унікальна тое, што трамвайная лінія ў Мазыры праходзіць і ў самім горадзе, і за горадам – 6 км маршруту пралягае ў гарадской мяжы, і каля 13 – па маляўнічым прыгарадзе, мінаючы палі, лясы, вёсачкі і дастаўляючы працаўнікоў на нафтаперапрацоўчы завод.

Легендарныя бела-чырвоныя мазырскія трамваі. Фота: © griphon. livejournal.com
Легендарныя бела-чырвоныя мазырскія трамваі. Фота: © griphon. livejournal.com

Увесь шлях даўжынёю амаль у 20 км – ад трамвайнага (пажарнага) дэпо да заводу – трамвай мінае прыкладна за 40 хвілінаў. Для старога трамвая гэта даволі хутка. Яго маршрут для горада, ды і для Беларусі, унікальны, і карыстаюцца ім не толькі мясцовыя нафтавікі. Трамвай вельмі папулярны сярод жыхароў бліжэйшых вёсак – Раеўскія, Бібікі і Пянькі.

Лінія вельмі падобная на чыгуначную. Рэйкі сярод поля, бетонныя шпалы ... А сам маршрут праходзіць па вельмі прыгожай мясцовасці. Едзеш на старадаўнім трамваі і робіш цудоўныя фотаздымкі.

Дарэчы, 100% старога рухомага саставу – так званыя катээмы (КТМ-5 – Рэд.). Яны ўсе счэпленыя ў сістэмы, адзіночных вагонаў няма – і гэта адзіная такая сістэма ў былым БСССР. Ніводнага беларускага вагону тут раней не было, бо сістэма першапачаткова была не гарадской, а прыватнай.

Няма ў трамваяў і нумароў маршруту. Таму што ён ўсяго адзін! Але не ўсё так проста: у гадзіны пачатку і канца змен на заводзе вагоны едуць адзін за адным. Гэта экспрэс-маршруты, і яны не спыняюцца ў вёсках. У астатні час – інтэрвал каля гадзіны. І ўжо гэтыя маршруты спыняюцца ў вёсачках. Нават талончыкі, якія да апошняга трэба было прабіваць у савецкім кампосцеры, у аднаго і таго ж трамвая, розныя. Адны – для тых, хто едзе толькі ў межах горада. Іншыя – для тых, хто едзе з горада ў вёску.

Так выглядаюць кампосцеры ў старых трамваях. Рарытэт! Фота: © griphon. livejournal.com
Так выглядаюць кампосцеры ў старых трамваях. Рарытэт! Фота: © griphon. livejournal.com

Як распавёў начальнік трамвайнага ўпраўлення «Мазырскага НПЗ» Пётр Хілько мясцовым СМІ, старэнькія вагоны трамваяў – сапраўдныя ветэраны. Кожны за свой век накатаў ад 800 000 км да 1 200 000 км, і тое, у якім стане вагоны падтрымліваліся да апошняга часу, рэдкасць. Вагоны – сапраўдны рарытэт.

Па інфармацыі Мазырскага трамвайнага упраўлення, толькі да канца гэтага года заменіць плануюць каля 10 старэнькіх трамвайных вагонаў. Усяго ж за найбліжэйшыя 6 гадоў будзе заменена 28 вагонаў – новыя будуць з падвышанай шумаізаляцыяй і кандыцыянерам, нізкай падлогай, прыцемненымі вокнамі і з раздымамі для зарадкі мабільных тэлефонаў. Кажуць, такіх ў Беларусі яшчэ нідзе няма.

Пакуль жа ў гадзіны-пік па рэйках бягуць старэнькія трамваі. Новыя, па словах супрацоўнікаў трамвайнага ўпраўлення, яшчэ не даказалі сваю надзейнасць. Таму пакуль што ў мясцовых жыхароў ёсць магчымасць развітацца са старэнькімі трамваямі і зрабіць апошлнія памятныя фотаздымкі з імі.

Надзея Вольная, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10