10 жніўня 2024 года Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз успомніў, што наогул можна сыходзіць з пасады прэзідэнта, а не сядзець там вечна.
Зрэшты, беларусы ўжо перасталі на гэта рэагаваць, таму што чуюць падобныя абяцанні ўжо тры дзясяткі гадоў: кожны год ён абяцае сысці, таму што «наеўся» і «не трымаецца сінімі пальцамі за ўладу». І кожны раз яму нешта перашкаджае. «Белсат» прааналізаваў, колькі разоў за ўвесь час у прэзідэнцкім крэсле дыктатар абяцаў сысці.
2024: «Вы павінны прывыкаць да таго, што прэзідэнт будзе іншы»
Літаральна пару дзён таму Лукашэнка загаварыў пра тое, прэзідэнт Беларусі «не вечны». І нават памарыў, як было б добра жыць у вёсцы і вяртацца толькі для таго, каб выкупацца ў промнях народнай удзячнасці.
«Я ўжо публічна пачынаю казаць усім вам: вы павінны прывыкаць да таго, што прэзідэнт будзе іншы. Не, я не кажу, што заўтра я вас кіну, паслязаўтра і іншае. Але ўсякае ў жыцці бывае. Вы павінны прывыкаць да таго, што я не вечны, як і ўсе вы. Я ведаю свае рызыкі: перш чым сысці, ты павінен пакінуць (мірную, спакойную краіну, – элегантна збірае мазаіку з абрыўкаў ягоных фраз БелТА). – Вось сыйду, дзе-небудзь у вёсцы буду жыць з вамі побач, прыеду, і вы будзеце ўспамінаць і дзякаваць, што горш не стала».
Крыху раней, у лютым 2024-га, ён абверг сваё ж абяцанне 2021 года і сказаў, што пойдзе ў восьмы раз балатавацца ў прэзідэнты Беларусі.
«Пайду, пайду, пайду. Перадайце ім [апазіцыі], што пайду! І чым складаней будзе абстаноўка, чым больш актыўна яны будуць бударажыць наша грамадства... чым яны будуць больш напружваць вас, мяне і грамадства, тым хутчэй я пайду на гэтыя выбары».
2023 год: «Раз яны там хочуць, каб мяне не было, значыць, трэба рабіць наадварот»
Падчас звароту да беларускага парламента 31 сакавіка 2023 года Лукашэнка за 8 гадзін шмат чаго нагаварыў. Напрыклад, што яго дзеці «прэзідэнтамі не будуць», а ён не будзе «трымацца за пасаду», але паступіць насуперак тым, хто не хоча бачыць яго ва ўладзе. Што ў перакладзе на чалавечую мову гэта азначае, што ён будзе кіраваць насуперак большасці беларусаў.
«Вы бачыце, якія абставіны. І многія хацелі б, каб Лукашэнкі не было. А раз яны там хочуць, каб мяне не было, значыць, трэба рабіць наадварот. Гэта мой прынцып. <...> Гэта не значыць, што я буду трымацца за гэтую пасаду. Не і яшчэ раз не. Я думаю пра будучыню», – вяшчаў дыктатар.
А яшчэ, тады ж ён заявіў, што не мае намеру мяняць «пад сябе» Канстытуцыю, якую ў чарговы раз памяняў літаральна за год да гэтай заявы. Тады ён зноў увёў два максімальных тэрміны на пасадзе прэзідэнта (якія сам жа да гэтага і адмяніў) і адмяніў адказнасць для прэзідэнта, які спыніў выконваць паўнамоцтвы. Але гэта ўжо іншая гісторыя.
2021 год: «Калі хтосьці думае, што я ўчапіўся за крэсла (і ўжо рукі пасінелі), вы проста памыляецеся»
Падчас «Вялікай размовы» ён зноў шмат і доўга гаварыў перад чыноўнікамі з нататнікамі. Сярод іншага, закрануў і вечную тэму свайго зыходу.
«Не трэба гадаць, калі сыдзе Лукашэнка і гэтак далей. Вельмі хутка», – казаў Лукашэнка.
Прайшло тры гады, але яго «хутка» так і не наступіла. Зрэшты, там было яшчэ шмат іншых дзіўных заяваў. Напрыклад, такая:
«Я ўсё зраблю, каб [выбары] былі аб'ектыўныя. І калі абяруць з іншай кагорты, значыць, наш народ павінен перажыць тое, што перажыла Грузія, Украіна. Раз на чужых памылках не навучыўся, значыць, павінен гэты этап прайсці».
У лістападзе 21-га года ён зноў успомніў пра свае «пасінелыя пальцы»:
«Калі хтосьці думае, што я ўчапіўся за крэсла (і ўжо рукі пасінелі), каб мяне тут не адарвалі ад яго, вы проста памыляецеся. Я рэальна ацэньваю сітуацыю, свае магчымасці», – сказаў чалавек, які намаляваў сабе галасы 80,1 % беларусаў.

2020 год: ад «я ўжо наеўся прэзідэнцкай долі» да «пакуль вы мяне не заб'яце, іншых выбараў не будзе»
Увесь 2020 год Лукашэнку кідала з боку ў бок. То ён заводзіў катрынку пра «пасінелыя пальцы», то ясна даваў зразумець, што жывым нікуды сыходзіць не збіраецца.
«Я ўжо напрацаваўся, я ўжо наеўся гэтай прэзідэнцкай долі. Я ў гэтай прэзідэнцкай кампаніі не таму, што, учапіўшыся, трымаюся за гэтае крэсла пасінелымі пальцамі. Я лепшыя гады свайго жыцця, як і многія з вас, аддаў будаўніцтву гэтай краіны. Як маглі, як мог, так і будавалі», – заявіў ён 2 ліпеня.
За пару дзён да выбараў ён выдаў чарговы опус, які стаў крылатым, пра «любімую» Беларусь, якую ён не збіраецца аддаваць не тое фантомным ворагам, не тое самім беларусам.
«За намі Беларусь – чыстая і светлая, сумленная і прыгожая, працавітая, трошкі наіўная і ледзь-ледзь ранімая. Але яна – нашая, яна любімая. А каханую не аддаюць!».
Зрэшты, ні намёкаў, ні прамой просьбы беларусаў Лукашэнка разумець не хоча. Так, 17 жніўня 2020 года падчас візіту на МЗКЦ работнікі завода сталі скандаваць «Сыходзь». Не дапамагло.
«Мы правялі выбары. Пакуль вы мяне не заб'яце, іншых выбараў не будзе», – сказаў ён пад чарговыя крыкі натоўпу. – «Дзякуй, я сказаў усё, можаце крычаць «Сыходзь».
Праз тры месяцы на нарадзе з сілавікамі ён зноў сказаў, што пасінелымі рукамі не будзе трымацца за ўладу.
«Гэта не значыць, што я буду пасінелымі пальцамі, як казаў, трымацца за гэтае крэсла. Не. Палітыка –гэта не толькі прэзідэнт. Мы з вамі рана ці позна сыдзем з гэтых пасад, але мы не сыдзем ад захавання таго, што мы цяпер збераглі».
А потым запэўніў, што на выбары 2025 года не пойдзе. І зноў не выканаў свае ж абяцанні і запэўніванні.
«Але калі будуць прэзідэнцкія выбары, я вам абяцаю, што я не буду педаляваць, што я не буду ўдзельнічаць, што я там на кагосьці пастаўлю і буду кагосьці прапіхваць. Не. Я буду сумленна паводзіць сябе, – сказаў тады Лукашэнка, удакладніўшы, што ў яго ўжо ёсць 15–20 «падобных на яго» кандыдатаў у прэзідэнты, якіх ён «выгадаваў».
2019 год: «Я ўжо ўлады наеўся» і «сінімі пальцамі за крэсла трымацца не буду»
Напярэдадні чарговых выбараў, на 26 годзе ў крэсле прэзідэнта, Аляксандр Лукашэнка зноў пачаў запэўніваць грамадскасць, што не трымаецца на ўладу і ўжо «наеўся».
«Абяцаю вам, што на той свет мяне з прэзідэнцкага крэсла не панясуць. Гэта я вам цвёрда абяцаю. Другое: я вам абяцаю, што дзеля сваіх дзяцей я не буду ўтрымліваць уладу і перадаваць яе ў спадчыну», – казаў тады Лукашэнка.
Для мацнейшага эфекту на адной толькі сустрэчы паўтараў ён гэта не раз, і не два.
«Публічна заяўляю – я не першы тэрмін прэзідэнт, я ўжо наеўся гэтага прэзідэнцтва. Таму загубіць краіну ў імя асабістых амбіцый (чыіхсці і сваіх) – я ніколі на гэта не пайду. Гэта значыць перакрэсліць усё тое, што ты рабіў больш за два дзясяткі гадоў. Таму трэба супакоіцца ў гэтым плане».
«Я вам клянуся: нават калі сітуацыя будзе найцяжэйшая, я ніколі не буду маніпуляваць грамадскай думкай і выбіраць нейкі час, каб падабраць момант і прапхнуць сябе ва ўладу... Мне гэта не трэба. Я ўжо ўлады наеўся», – зноў сказаў Лукашэнка.
Але, хоць ён ужо і даўно «наеўся» і «сінімі пальцамі не трымаецца», праз паўгода пасля ўсіх вышэйпададзеных запэўненняў ён заявіў, што зноў вырашыў ісці на выбары.
«Я сваю кандыдатуру прапаную на гэтых выбарах. Але калі буду адчуваць, што вы катэгарычна супраць, вядома, буду перажываць, але тым не менш вы павінны маю кандыдатуру адкінуць на выбарах. І я паабяцаў, што сінімі пальцамі за крэсла трымацца не буду».
2013 год: «Я ўжо прэзідэнцтва наеўся»
11 гадоў таму на нарадзе «па праблемных пытаннях у будаўнічай галіне» Лукашэнка запэўніў усіх, што ўжо тады «наеўся».
«Я ўжо прэзідэнцтва наеўся, калі ўжо на тое пайшло. І абяруць мяне людзі ці не абяруць – паверце, гэта будзе залежаць не толькі ад вас. Калі я яшчэ буду ўдзельнічаць у гэтых прэзідэнцкіх выбарах. Гэта толькі Госпаду вядома, яшчэ да іх трэба дажыць. Чалавек ходзіць-ходзіць, а заўтра і хадзіць перастае. Таму ўсякае можа быць», – заявіў тады Лукашэнка.

2012 год: «Мае дзеці прэзідэнцтва наеліся пры сваім бацьку»
Падчас візіту ў Венесуэлу разам з 7-гадовым Мікалаем Лукашэнкам,
самаабвешчаны прэзідэнт так увайшоў у раж, што нават забыўся пра тое, што Беларусь не манархія, а рэспубліка.
«Тут знаходзіцца мой сын Мікалай, і гэта кажа пра тое, што мы сур'ёзна і надоўга заклалі асновы супрацоўніцтва, і ёсць каму пераняць эстафету гадоў праз 20–25», – працытавала яго брытанская «The Independent».
Праўда, пасля пачаў апраўдвацца, што яго дзеці ў прэзідэнты не цаляць.
«Каторы раз кажу, не апраўдваючыся перад вамі: мае дзеці прэзідэнцтва наеліся пры сваім бацьку».
2011: «Я ўжо ўлады наеўся»
Пасля пратэстаў праз чарговую фальсіфікацыю выбараў у снежні 2010 года Лукашэнка заклаў логіку сваіх цытат на 2024 год: я наеўся і сыйду, але пры ўмовах (якіх – яшчэ не прыдумаў).
«Гасподзь з ёй, з маёй асабістай уладай, я ўжо гэтай улады наеўся. Але не дазволю, каб вы перавярнулі нашу краіну і каб нас захліснулі такія падзеі, якія сёння адбываюцца ва ўсіх кутках свету».
2010 год: «Я не хачу, каб мае дзеці былі ў Беларусі прэзідэнтамі. Я наеўся»
На чарговай прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў рэгіянальных СМІ Расеі ён заявіў, што валадарыць не збіраецца.
«Я катэгарычна не хачу абразіць свой народ і не даць яму права выбару. Таму забудзьце гэтыя размовы пра тое, што я рыхтую сваіх сыноў ці старэйшага сына як спадчынніка. Па спадчыне ўладу ніхто перадаваць не будзе. Я вам кажу так, як я сёння гэта разумею, сумленна і шчыра. Я не хачу, каб мае дзеці былі ў Беларусі прэзідэнтамі. Ведаеце, вы ўспрымаеце – я дзесьці так ужо казаў – прэзідэнцтва як царства. Вось сеў – і валадар. Я гэта ўспрымаю як працу, жудасную, напружаную, дзікую працу».
2009 год: «Лукашэнка ўжо дастаткова ва ўладзе, наеўся ёю»
На сустрэчы з міністрам замежных справаў Эстоніі ў 2009 годзе Лукашэнка зноў загаварыў пра сваё «наеўся».
«Лукашэнка ўжо дастаткова ва ўладзе, наеўся ёю, і пытанне ў тым, у імя чаго я імкнуся яе захаваць. У мяне заўсёды была адна мэта: захаваць суверэнітэт, незалежнасць нашай краіны. Я хачу, каб народ нармальна жыў, каб на гэтым кавалку зямлі людзі адчувалі сябе, як дома. Вось мэта ўсёй маёй уладнай палітыкі».
2005 год: «Я ўлады наеўся <...> за дзесяць гадоў свайго прэзідэнцтва далей няма куды»
На прэс-канферэнцыі з расейскімі рэгіянальнымі СМІ ў 2005 годзе ён заявіў, што ўжо наеўся далей няма куды. Наступныя 19 гадоў запэўнілі ўсіх у адваротным.
«І справа тут не ў "дзяльбе ўлады". Я ўжо ўлады наеўся. За дзесяць гадоў свайго прэзідэнцтва далей няма куды. Гэта трэба, каб папракнуць: «Лукашэнка замахнуўся на Крэмль». Ды хапае мне гэтага "Крамля" у Менску».
2003 год: «Я наеўся ўлады, мне шапка Манамаха не патрэбная»
На прэс-канферэнцыі ў Расеі ён не менш за 13 разоў вымавіў кароннае слова «захаваць», хоць пры гэтым казаў, як «наеўся ўлады».
«Я вельмі часта ўжо пачынаю апраўдвацца, нават перад высокапастаўленымі чыноўнікамі Расеі. Я ім так кажу: дарагія мае, родныя, я наеўся ўлады, мне шапка Манамаха не патрэбная, я не прыязджаю ў Крэмль, каб схапіць нейкую сцяну і павезці ў Беларусь, я не прэтэндую ні на нейкія там уладныя паўнамоцтвы на тэрыторыі Расеі».
Тым часам падыходзіў да канца другі, максімальны па Канстытуцыі, тэрмін прэзідэнцтва. Ужо тады ўжо так «наеўся», што праз год унёс папраўкі ў Канстытуцыю, якія дазволілі яму абірацца і далей.
2002 год: «Я ўжо ўлады наеўся столькі, што вам і не снілася»
Цяпер неяк няёмка ўспамінаць, але 22 гады таму ўзыходзячы дыктатар ужо «наеўся ўлады».
«Я восем гадоў – прэзідэнт. Паверце, я ўжо ўлады наеўся столькі, што вам і не снілася».
Тэса Анэйда, «Белсат»