Шуфлядка

Так пачыналася вайна: 85 гадоў пакту Гітлера–Сталіна. Што пра яго пісала беларуская прэса ў 1939 годзе?

Паведамленне  газеты «Звязда» пра падпісанне пакту Молатава–Рыбэнтропа. Скрыншот: «Звязда», № 195, 26 жніўня 1939г. / knihi.com
Паведамленне газеты «Звязда» пра падпісанне пакту Молатава–Рыбэнтропа. Скрыншот: «Звязда», № 195, 26 жніўня 1939г. / knihi.com
podpis źródła zdjęcia

Савецка-нямецкаму пакту аб ненападзе спаўняецца 85 гадоў. Дакумент фармальна прызначаны для таго, каб гарантаваць мір у Еўропе, фактычна спрыяў пачатку Другой сусветнай вайны. Вайны, якая сталася катастрофай для беларускага народу. Карэспандэнты «Белсату» паглядзелі, што пісала пра гэта беларуская прэса – як савецкая з Менску, гэтак і антысавецкая з Заходняй Беларусі.

Пакт аб ненападзе паміж СССР і Нямеччынай быў падпісаны ў Маскве 23 жніўня 1939 года. У гонар кіраўнікоў вонкавапалітычных ведамстваў дзвюх краін ён атрымаў назву пакту Молатава–Рыбэнтропа, але цяпер усё часцей можна ўбачыць ягоную назву як пакт Сталіна–Гітлера, бо менавіта гэтыя кіраўнікі двух таталітарных рэжымаў стаялі за яго падпісаннем.

Дакумент утрымліваў сакрэтны пратакол, што прадугледжваў падзел сфераў інтарэсаў у Еўропе. А таксама дэ-факта развязваў рукі Нямеччыны ў ейнай агрэсіі супраць Польшчы, якую бакі дамовіліся падзяліць паміж сабою.

«Магу сказаць Вам, Дучэ, што гэтыя дамовы гарантуюць спрыяльнае стаўленне Савецкага Саюза ў выпадку пачатку любога канфлікту», – пісаў 25 жніўня 1939 года нямецкі фюрэр Адольф Гітлер у лісце да свайго італьянскага калегі Бэніта Мусаліні.


Як вынік, пакт спрычыніўся да таго, што 1 верасня 1939 года пачалася Другая сусветная вайна – самая крывавая бойня ў гісторыі чалавецтва на гэты момант. Вайна, у якой, паводле афіцыйных ацэнак, загінуў кожны трэці жыхар Беларусі.

«Паслядоўная мірная палітыка», што вядзе да глабальнай вайны

Камуністычная прапаганда настойвала на нібыта мірным характары савецка-нямецкага саюзу. Як пісала 26 жніўня 1939 года ў нумары 195 газета беларуская газета «Звязда» – орган ЦК і менскага абкаму КП(б)Б, пакт адлюстроўваў «паслядоўную мірную палітыку Савецкага Саюза».

«Няма ніякага сумнення, што заключаны дагавор аб ненападзе ліквідуе напружанасць існаваўшую ў адносінах паміж СССР і Германіяй», – пісала газета за 22 месяцы да нападу Нямеччыны на Савецкі Саюз.

У наступным нумары, № 196 ад 27 жніўня, «Звязда», аглядаючы рэакцыю міжнароднай прэсы на падпісанне пакту, паведамляла пра «расчараванне» англійскіх дзеячоў, радасць французскіх пацыфістаў ды адзначала, што італьянская фашысцкая прэса «вітае збліжэнне „такіх вялікіх народаў, як германскі і рускі“». Пры гэтым газета цытавала брытанскага прэм’ера Нэвіла Чэмбэрлена, які казаў, што праз падпісанне савецка-нямецкай дамовы існуе «непасрэдная небяспека вайны», ды лісты амерыканскага прэзідэнта Франкліна Рузвэльта ў Берлін, Рым і Варшаву з заклікамі «ўстрымацца ад усякага акта варожасці».

У нумары 197 ад 28 жніўня «Звязда» адзначала, што Польшча прыняла мірныя прапановы ЗША адносна стасункаў з Нямеччынай, а вось Гітлер наадварот звароты з Вашынгтону ігнараваў. Газета паведамляла, што англійскія грамадзяне і амбасадар Вялікай Брытаніі пакідаюць Нямеччыну, а нямецкія – Польшчу. Адзначалася, што Лондан актывізуе «мерапрыемствы на выпадак вайны» і рэкамендуе сваім грамадзянам «адкласці свой ад’езд» у Еўропу. Пісалася і пра вайсковыя прыгатаванні ў Бельгі, дзе мабілізавалі «значныя кантынгенты рэрервістаў».

Газета таксама паведамляла пра першыя выпадкі правакацыяў на нямецка-польскай мяжы: пра збройны рэйд нямецкага атраду ў глыб Польшчы на Мазоўшы, пра нямецкіх дыверсантаў у польскай Сілезіі, пра парушэнне паветранай мяжы нямецкай авіяцый на Памор’і. «Барометр паказвае буру», – цытавала «Звязда» нямецкіх калегаў.

Тым не менш, нягледзячы на відавочнае набліжэнне вайны, «Звязда» надалей заступалася за пакт Гітлера–Сталіна:

«Рад [французскіх] газет прадаўжае ўводзіць у заблуджэнне грамадскую думку краіны, друкуючы ўсяго роду „здагадкі“ і вымыслы па поваду савецка-германскага дагавора».

Сама тэма будучай вайны не была галоўнай для выдання. Першыя палосы займалі падрыхтоўка да выбараў, прыняцце новых законаў, нарыхтоўка ільна. Міжнародныя навіны, нягледзячы на ўсю іх важнасць, займалі апошнюю старонку. Менавіта там паведамлялася пра заклікі да частковай эвакуацыі Парыжу, напружанае становішча ў Гданьску, увядзенне надзвычайнага становішча ў акупаванай немцамі Маравіі. У міжнародных жа медыях менавіта набліжэнне канфлікту было галоўнай тэмай, што адзначала і менскае выданне.

«У перадавым артыкуле газета [брытанская лейбарысцкая Daily Herald. – рэд. „Белсат“] ставіць пытанне: ці з’яўляецца савецка-германскі пакт велізарнейшай дыпламатычнай перамогай для Савецкага Саюза і гарантыяй міра або-ж, як мяркуе Гітлер, заахвочваннем фашыстаў на далейшую агрэсію?» – пісала «Звязда» 29 жніўня 1939 года, у нумары 198.

Да адказу на пытанне заставаліся тры дні.

Тым часам італьянскія параходы вярталіся ў свае парты, нямецкія выходзілі з амерыканскіх, а амерыканскія – з нямецкіх. Рыхтавалася да абароны Англія, пачыналася мабілізацыя ў Нарвегіі і Нідэрландах, а ў марыянеткавую да Рэйху і суседнюю з Польшчай Славаччыну ўводзіліся нямецкія войскі «ў сувязі з напружаным становішчам у Еўропе».

«Звязда» актыўна цытавала левых брытанскіх журналістаў і палітыкаў, якія вінавацілі Лондан у падпісанні савецка-нямецкай дамовы. Напрыклад, левага публіцыста і прыхільніка СССР Генры Брэйлсфарда, які на старонках «Reynold’s News» раскрытыкаваў тое, што Варшава і Лондан не дазволілі дапусціць для імавернага супрацьстаяння Нямеччыне савецкія войскі на польскую «свяшчэнню зямлю». Але нават ён прызнаваў памылковасць падпісання пакту. Паводле яго, савецкі ўрад дарэмна «сышоў з свайго шляху, каб аблягчыць несправацыраваны напад на Польшчу».

«Сваю думку Брэйлсфард асабліва апраўдвае тым, што ў перспектыве «прыяцельскі нейтралітэт рускіх забяспечвае Германіі дастатковую колькасць нафты, пшаніцы і мінералаў, неабходных для вядзення працяглай вайны», – пісала «Звязда» ў нумары 199 за 30 жніўня.

І вось надыйшло 1 верасня. І «Звязда» ў нумары 200 выйшла з галоўным матэрыялам, прысвечаным міжнароднай палітыцы. Але ўсё ж ён быў не пра пачатак сусветнай вайны, а пра ратыфікацыю напярэдадні савецка-нямецкай дамовы пра ненапад.

«Савецка-германскі дагавор аб ненападзе адзначае паварот у развіцці Еўропы, паварот у бок паляпшэння адносін паміж двума самымі вялікімі дзяржавамі Еўропы. Гэты дагавор не толькі дае нам устраненне пагрозы вайны з Германіяй, звужае поле магчымых ваенных сутычак у Еўропе і служыць такім чынам справе ўсеагульнага міру, – ён павінен забяспечыць нам новыя магчымасці росту сіл, умацавання нашых пазіцый, далейшы рост уплыву Савецкага Саюза на міжнароднае развіццё», – цытавала ў дзень пачатку Другой сусветнай вайны «Звязда» выступ народнага камісара замежных справаў СССР Вячаслава Молатава.

І хоць выпуск газеты, вядома, рыхтаваўся напярэдадні, усю цынічнасць заяваў савецкага кіраўніцтва раскрывалі навіны з Еўропы. Там працягвалі паведамляць пра мабілізацыю і умацаванне абароны ў заходніх краінах, далейшы рост напружанасці ў польска-нямецкіх стасунках, магчымае ўмяшанне ў будучы канфлікт ЗША.

Паведамленне  газеты «Звязда» пра ўвод савецкіх войскаў у Польшчу. Скрыншот: «Звязда», № 215, 18 верасня 1939г. / knihi.com
Паведамленне газеты «Звязда» пра ўвод савецкіх войскаў у Польшчу. Скрыншот: «Звязда», № 215, 18 верасня 1939г. / knihi.com

Пра напад Нямеччыны на Польшчу «Звязда» паведаміла 2 верасня, у нумары 201. Сярод іншага адзначалася, што нямецкія самалёты бамбяць Кракаў, Луцк, Бялу Падляску, Горадню і Вільню, а войскі наступаюць з захаду, поўначы і поўдня.

«З вялікай прамовай выступіў Гітлер. Ён заявіў, што паколькі Польшча адхіліла германскія мірныя прапановы, больш няма шляхоў для мірнага вырашэння германа-польскіх спрэчных пытанняў. Гітлер адзначыў таксама, што ўчора вечарам польскія рэгулярныя часці перайшлі германскую граніцу і што сёння раніцой германскія выступілі супраць палякаў. Пад шумныя апладысменты зала Гітлер падкрэсліў, што ўчора ў Маскве быў ратыфіцыраван германа-савецкі пакт і што адначасова германскі ўрад са свайго боку ратыфіцыраваў гэты пакт. Рэйхстагам зацверджан поўнасцю тэкст распараджэння главы данцыгскай дзяржавы Форстэра аб далучэнні Данцыга да Германіі», – цытавала «Звязда» паведамленне ТАСС з Берліну, якія так падобныя да паведамленняў з Масквы ў 20 чыслах лютага 2022 года.

Заявам польскіх уладаў на старонках «Звязды» на той момант месца не знайшлося. А галоўнай тэмай нумара стаў праект закону аб усеагульным вайсковым абавязку ў СССР. Дый надалей вайсковая мабілізацыя ў СССР і паведамленні кшталту «Маладыя патрыёты з вялікім натхненнем ідуць у Чырвоную армію» былі галоўнымі тэмамі нумараў. А «Германа-польская вайна» працягвала заставацца тэмай апошніх старонак, хоць там і былі даволі падрабязныя зводкі з франтоў і свету.

Пазіцыя савецкіх уладаў на старонках «Звязды» адносна вайны доўгі час не акрэслівалася. Але па меры таго, як польскія войскі цярпелі паразы на фронце, манера публікацыяў пачала мяняцца. Гэтак, у нумары 211 за 14 верасня з’явіліся паведамленні са спасылкай на нямецкія медыі пра антыпольскі рух і нават паўстанні ва Усходняй Галіцыі і Заходняй Беларусі. А на наступны дзень на першай старонцы нумару 212 выйшаў пераклад артыкула маскоўскай «Правды» з назвай «Аб унутраных прычынах ваеннага паражэння Польшчы». У ім заяўлялася, што параза Польшчы звязаная не толькі і не столькі з «перавагай ваеннай тэхнікі і ваеннай арганізацыі Германіі» і адсутнасцю эфектыўнай дапамогі з боку Англіі і Францыі, колькі з нацыянальнай палітыкай польскага ўраду.

Вайна стала галоўнай тэмай толькі 18 верасня, калі ў нумары 215 паведамлялася, што «з раніцы 17 верасня войскі Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі перайшлі граніцу па ўсёй заходняй лініі».

«Падзеі, выкліканыя польска-германскай вайной, паказалі ўнутраную несастаяцельнасць і яўную недзеяздольнасць польскай дзяржавы. Польскія правячыя кругі абанкроціліся», – тлумачыў у перадавіцы Молатаў увод войскаў, што быў часткаю сакрэтнага пратаколу падпісанага ім жа пакту.

А нота савецкага ўраду польскаму амбасадару, апублікаваная ніжэй, абвяшчала, што Савецкі ўрад не можа «абыякава адносіцца к таму, каб адзінакроўныя ўкраінцы і беларусы, якія пражываюць на тэрыторыі Польшчы, кінутыя на волю лёсу, заставаліся безабароннымі».

У беларусаў былі іншыя думкі

Але заходнебеларускі часопіс «Chryścijanskaja Dumka» прытрымліваўся супрацьлеглага погляду на савецкую дапамогу. У артыкуле «Сучаснае міжнароднае палажэнне й беларуская праблема», што выйшаў у нумары 26 за 1 верасня 1939 года, падкрэслівалася, што вялікія дзяржавы змагаюцца за свой уласны «жыццёвы прастор» і не маюць справаў да беларусаў.

Загаловак артыкулу «Сучаснае міжнароднае палажэнне й беларуская праблема». Скрыншот: «Chryścijanskaja Dumka», № 26, 1 верасня 1939г. / knihi.com
Загаловак артыкулу «Сучаснае міжнароднае палажэнне й беларуская праблема». Скрыншот: «Chryścijanskaja Dumka», № 26, 1 верасня 1939г. / knihi.com

«Чаму СССР дагаварваецца з Нямеччынай? Трэба ведаць, што Саветам, у выпадку патрэбы, лягчэй будзе бараніць свайго „жыццёвага прастору“ – Украіны, Беларусі і каўказскіх прастораў ад пасягання на іх з боку Нямеччыны безпасрэдна, чымся бараніць яго ад палітычнага вызвалення Украінцаў, Беларусаў і Каўказцаў, адначасна з абаронай яго ад Нямеччыны пасрэдна», – падкрэслівала рэдакцыя часопіса ў перадавым артыкуле.

Згодна з ім, «беларусы, як і іншыя недзяржаўныя народы, сярод тых дзяржаў, што цяпер „пераварочваюць“ свет, ані саюзнікаў, ані прыяцеляў не маюць». І таму, заклікала «Chryścijanskaja Dumka», «для нас, Беларусаў, ёсць адна дарога – мець свой, беларускі план і бараніць сваіх уласных інтарэсаў».

Пачытаць гэтыя і іншыя архіўныя выданні беларускай перыёдыкі можна тут.

Макар Мыш, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10