Настаўнікі ў Смаленскай вобласці выйшлі на акцыю з партрэтам беларускага пранкера Уладзіслава Бохана
26.07.2023, 11:59
Настаўнікі ў Смаленскай вобласці выйшлі на акцыю з партрэтам беларускага пранкера Уладзіслава Бохана. (Фота: Уладзіслаў Бохан/Telegram)
podpis źródła zdjęcia
Уладзіслаў разаслаў чарговыя лісты з загадам правесці фэйкавую акцыю
Беларускі актывіст і мастак Уладзіслаў Бохан працягвае «троліць» настаўнікаў расейскіх школ. Гэтым разам ён разаслаў у школы Смаленскай вобласці ліст з заклікам выйсці на акцыю з ягоным партрэтам.
Настаўнікі ў Смаленскай вобласці выйшлі на акцыю з партрэтам беларускага пранкера Уладзіслава Бохана. (Фота: Уладзіслаў Бохан/Telegram)
Уладзіслаў, як і папярэднія разы, выступаў ад імя партыі «Адзіная Расея». Ён прапанаваў настаўнікам зрабіць агульнае фота нібыта з «героем Перамогі», што загінуў ва Украіне і якому надалі званне героя Расеі. Разам з інструкцыяй Уладзіслаў даслаў у школы свой фотаздымак.
У выніку настаўнікі некалькіх школаў Смаленскай вобласці сфатаграфаваліся з партрэтам Уладзіслава і плакатамі «У вас верыць уся Расея» і «Уладзіслаў – наш герой».
Настаўнікі ў Смаленскай вобласці выйшлі на акцыю з партрэтам беларускага пранкера Уладзіслава Бохана. (Фота: Уладзіслаў Бохан/Telegram)
Гэты свой пранк сам Уладзіслаў назваў «Стварэнне куміра».
Некалькі дзён таму Уладзіслаў Бохан даслаў у школу-інтэрнат гораду Абаянь Курскай вобласці загад правесці малебен. Настаўнікі выканалі загад. У лісце Уладзіслаў выступаў ад імя партыі «Адзіная Расея» і патрабаваў правесці хрэсны ход «Усерасейскі малебен аб Перамозе». Удзельнікам акцыі загадвалася ўзяць плакаты з перафразаванымі нацысцкімі лозунгамі.
У 2022 годзе Уладзіслаў гэткім жа чынам даслаў ліст у школу ў расейскім горадзе Клін з патрабаваннем правесці акцыю «Праца вызваляе», і настаўнікі выканалі загад.
Раней актывіст рассылаў падобныя лісты ў беларускія школы і патрабаваў арганізаваць «дыялогавыя пляцоўкі для абмеркавання паправак да Канстытуцыі», а потым даслаць фотасправаздачу.