навіны

Памерлы зняволены Аляксандр Кулініч быў «ідэйным чалавекам» – «BELPOL»

Аляксандр Кулініч. (Фота: Mediazona.by)
Аляксандр Кулініч. (Фота: Mediazona.by)
podpis źródła zdjęcia

Сын памерлага кажа, што бацька марыў пра свабодную Беларусь «і за гэтую свабоду ён загінуў».

Пра смерць зняволенага за «Абразу Лукашэнкі» Аляксандра Кулініча стала вядома 10 красавіка. Арганізацыя «BELPOL» пакуль не мае нейкіх асаблівых звестак пра абставіны смерці, але расказала «Белсату» цікавую дэталь у біяграфіі памерлага. Таксама пра памерлага расказалі выданню «Zerkalo» сын і сябра.
Аляксандр Кулініч. (Фота: Mediazona.by)
Аляксандр Кулініч. (Фота: Mediazona.by)
Прадстаўнік арганізацыі «BELPOL» Уладзімір Жыгар расказаў «Белсату»: у берасцейскім Следчым ізалятары № 7, дзе памёр Аляксандр Кулініч, умовы для затрыманых паводле палітычных артыкулаў прыблізна такія ж, як у іншых СІЗА: «Паўсюль аднолькава складана, паўсюль аднолькава кепска».
Пра начальства СІЗА № 7 Жыгар таксама не можа сказаць чагосьці асаблівага: кіраўніцтва любой сілавой структуры цяпер – гэта «абсалютна ідэалагічна вывераныя людзі». На больш нізкім узроўні ёсць супрацоўнікі, якія могуць адступіць ад рэпрэсіўных нормаў, але за такімі людзьмі паўсюль дадаткова глядзяць, адзначае ён. І за кіраўніцтвам, і за супрацоўнікамі глядзіць так званае Упраўленне ўласнай бяспекі, таму людзі ў сілавых структурах сабе не гаспадары, мусяць выконваць патрабаванні.
Неаказанне своечасовай медычнай дапамогі палітвязням – таксама ўжо звычайная справа, кажа Жыгар. Некалі ў СІЗА ці ізалятары часовага ўтрымання на любую просьбу аказаць медычную дапамогу адказвалі, выклікалі брыгаду «хуткай дапамогі». Цяпер жа ўмовы сталі іншыя, асабліва для затрыманых з палітычных матываў. Гэта, кажа Жыгар, «для рэжыму людзі нават не другога гатунку, на якіх ніяк не дзейнічаюць».
Падпалкоўніка запасу Аляксандра Кулініча затрымалі 29 лютага ў Берасці. Яго абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі. Раней набліжаныя да сілавікоў каналы заяўлялі, што Кулініч апублікаваў больш як 1000 каментароў адносна сітуацыі ў краіне. З каментароў вядома, што палітвязень крытыкаваў сітуацыю ў краіне, прывязанасць Беларусі да Расеі, выступаў супраць вайны ва Украіне.
Сілавікі таксама публікавалі кадры з ягоным затрыманнем: кватэру штурмаваў натоўп байцоў у поўным вайсковым рыштунку, з пісталетамі і аўтаматамі. Відэа з ананімнага каналу, звязанага з сілавікамі, суправаджалася вясёлай музыкай. Жыгар адзначае, што кадры такога затрымання публікуюцца, каб запужаць беларусаў. Такі спосаб затрымання ён называе неадэкватнымі паводзінамі: так мелі б затрымліваць толькі людзей, якія ўчынілі цяжкія ці асабліва цяжкія злачынствы, да якіх каментары ў інтэрнэце не адносяцца.
У матэрыялах пра Аляксандра Кулініча «BELPOL» знайшоў цікавую дэталь: мужчына ў 2016 годзе паведамляў па лініі «102», што ў Берасці па вуліцы Машэрава рухаецца аўтамабіль са сцягам самаабвешчанай «ДНР» і «георгіеўскай стужкай» – сімвалам расейскай ваеннай агрэсіі.
Аляксандру Кулінічу быў 51 год. Ён нарадзіўся ў Маладзечне 11 красавіка 1972 года. Апошнім часам Кулініч працаваў індывідуальным прадпрымальнікам, займаўся харчовымі дадаткамі.
Аляксандр Кулініч. (Крыніца: mediazona.by)
«Такіх выпадкаў будзе больш». Праваабаронцы не чакаюць адлігі пасля смерці абвінавачанага ў СІЗА Берасця навіны
Быў падпалкоўнікам запасу, служыў у 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой Берасцейскай брыгадзе Паветрана-дэсантных войскаў. Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Валерый Сахашчык расказваў, што служыў з Кулінічам 30 гадоў таму, але пасля не кантактаваў доўгі час, пра лёс былога саслужыўцы не ведаў.
Сын Аляксандра Кулініча, 28-гадовы Мікіта, расказаў выданню «Zerkalo», што бацька памёр у ноч з 8 на 9 красавіка. Як гэта адбылося, «ніхто не разумее». Сябра памерлага расказаў, што ў Аляксандра былі праблемы з сэрцам, увесь час быў высокі ціск, і знаходжанне ў СІЗА магло абвастрыць праблемы. Праўда, сын кажа, што медычныя перадачы для бацькі прымалі, у няволі рабілі кардыяграму сэрца.
Па словах і сына, і сябра памерлага, на відэа затрымання, якое публікавалі сілавікі, не Аляксандр Кулініч: яго затрымлівалі ў вёсцы, дзе нарадзіліся ягоныя бацька і дзядуля і дзе ён апошнім часам жыў, а на відэа штурмуюць кватэру ў шматкватэрным доме, і чалавек, якога затрымліваюць, не падобны да Кулініча.
Сын адзначыў, што ягоны бацька, як сапраўдны патрыёт Беларусі, моцна перажываў праз напад Расеі на Украіну, якую вельмі любіў і куды часта ездзіў на адпачынак.
Сябра згадаў, што Аляксандр даўно прытрымліваўся прадэмакратычных перакананняў, у 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах у Берасці:
Кулініч бачыўся з Сахашчыкам падчас пратэстаў, згадвае сябра: падышоў да яго, спытаў, ці пазнае, той адразу пазнаў, назваў імя, прозвішча і званне. Сахашчыка Кулініч лічыў «выдатным афіцэрам, сапраўдным дэсантнікам і чалавекам з вялікай літары».
Сын дадае, што бацька марыў пра свабодную Беларусь, жадаў Беларусі і беларусам быць свабоднымі – «і за гэтую свабоду ён загінуў».
***
«Вясна» адзначала, што Кулініча не было ў спісе палітычных зняволеных, бо праваабаронцы пра ягоны пераслед не ведалі.
Цела мужчыны ўжо выдалі сваякам. Яго планавалі пахаваць у дзень ягонага нараджэння, 11 красавіка, у Маладзечне.
Аліна Скрабунова, Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10