навіны

«Пратэсты 2020 года сыходзяць з павесткі». Што пішуць пра Беларусь у замежных медыях?

Дзень Волі, День Воли, БНР-106, беларусы, Літва, Литва (Фота: Белсат)
Дзень Волі, День Воли, БНР-106, беларусы, Літва, Литва (Фота: Белсат)
podpis źródła zdjęcia

Найчасцей нашую краіну згадваюць у кантэксце вайны ва Украіне.

Пра Лукашэнку замежныя СМІ пішуць у 30% матэрыялаў, пра Ціханоўскую – у 5%. Беларусаў усё часцей называюць прыхільнікамі Расеі, а тэма пратэстаў 2020 года і рэпрэсіяў сыходзіць з павесткі. Як за мяжой успрымаюць Беларусь і што можна зрабіць для змянення іміджу краіны? Гэтыя пытанні разглядаюцца ў даследаваннях, якія прэзентаваў Цэнтр новых ідэй: медыйны вобраз Беларусі за мяжой у 2022 – 2023 гадах і ўплыў беларусаў замежжа на імідж Беларусі.
Дзень Волі, День Воли, БНР-106, беларусы, Літва, Литва (Фота: Белсат)
Дзень Волі, День Воли, БНР-106, беларусы, Літва, Литва (Фота: Белсат)
Пра вобраз Беларусі ў замежных медыях распавяла Леся Руднік – дырэктарка і даследчыца Цэнтру новых ідэй.
У рамках даследавання разглядаліся ўсе артыкулы, прысвечаныя Беларусі, якія выйшлі цягам 2022 – 2023 гадоў у 20 еўрапейскіх, а таксама амерыканскіх і японскіх СМІ: Euronews, BBC, The Guardian, Die Zeit, Deutsche Welle, CNN, Washington Post, Wyborcza, Delfi.lt, УНІАН і інш. Найбольш артыкулаў сярод СМІ, якія даследаваліся, было апублікавана на ўкраінскай навінавай агенцыі УНІАН – 1680. На другім месцы – польскае выданне Rzeczpospolita. Найменш – на літоўскім Delfi – 16. Усяго даследчыкі разгледзелі 7505 матэрыялаў.
У замежных выданнях Беларусь пераважна згадваецца ў кантэксце вайны ва Украіне і сусветнай палітыкі і геапалітыкі. На трэцім месцы – спартыўны кантэкст. Найменш матэрыялаў прысвячалі ўнутрыпалітычным і культурным падзеям Беларусі.
Беларусь у замежных медыях найчасцей згадваецца ў кантэксце вайны. (Крыніца: прэзентацыя даследавання Цэнтру новых ідэй)
Беларусь у замежных медыях найчасцей згадваецца ў кантэксце вайны. (Крыніца: прэзентацыя даследавання Цэнтру новых ідэй)
У 46% вывучаных матэрыялаў беларусы паказваюцца як агрэсары – найбольш гэта характэрна для польскіх і ўкраінскіх выданняў, найменш – для брытанскіх. У 36% – як ахвяры ці закладнікі рэжыму. Пра тое, што Беларусь знаходзіцца пад акупацыяй Расеі, гавораць 8% артыкулаў.
Беларусаў, якія застаюцца ўнутры краіны, у 60% артыкулаў называюць ахвярамі рэжыму, а ў 26% лічаць, што беларусы – гэта прыхільнікі Расеі. Гэта больш, чым у мінулым маніторынгу, зазначае Леся Руднік – тады не было і 1%. І гэтае меркаванне часцей сустракаецца ў польскіх і ўкраінскіх СМІ, паводле даследчыкаў, а таксама ў японскім выданні NHK, якое трапіла ў маніторынг.
Найменш матэрыялаў – 2% – кажуць, што беларусы – прыстасаванцы.
Вобраз беларусаў унутры краіны ў замежных медыях. (Крыніца: прэзентацыя даследавання Цэнтру новых ідэй)
Вобраз беларусаў унутры краіны ў замежных медыях. (Крыніца: прэзентацыя даследавання Цэнтру новых ідэй)
Датычна беларусаў, якія эмігравалі, 30% артыкулаў прысвечаныя агульным лічбам тых, хто выехаў, 29% пішуць пра акцыі беларусаў за мяжой, 23% – пра праблемы легалізацыі беларусаў. Але агулам колькасць артыкулаў пра беларускую дыяспару зніжаецца, зазначае даследчыца Цэнтру новых ідэй – агулам іх сёлета толькі 3% на фоне астатніх тэмаў пра Беларусь. Акцыі беларусаў найчасцей згадвалі амерыканскія медыі, а пытанні легалізацыі больш асвятлялі ўкраінскія і польскія выданні.
У 51% артыкулаў Беларусь згадваецца праз вобразы ўладаў, а менавіта Лукашэнку – у 30% матэрыялаў. Таксама шмат пісалі пра перамовы Лукашэнкі і Пуціна. Найменш папулярныя летась былі тэмы, якія ў папярэднія гады наадварот былі ў топе – беларускія добраахвотнікі ва Украіне, рэйкавыя партызаны, дэмсілы і асоба Святланы Ціханоўскай – усяго 5% – «значна менш у параўнанні з Лукашэнкам», падкрэслівае Леся Руднік.
«Артыкулы часта падаюць Беларусь як краіну-сатэліт Расеі, якая ўступіла ў агрэсію супраць Украіны. Вельмі часта абмінаюцца падзеі 2020 года, і гэта складае вялікую розніцу з нашым першым маніторынгам, калі вельмі шмат журналістаў пісалі пра пратэсты», – кажа даследчыца.
Пра каго з беларусаў пішуць замежныя медыі. (Крыніца: прэзентацыя даследавання Цэнтру новых ідэй)
Пра каго з беларусаў пішуць замежныя медыі. (Крыніца: прэзентацыя даследавання Цэнтру новых ідэй)
Лукашэнку пераважна працягваюць называць прэзідэнтам – у 32% артыкулаў. Далей ідуць «дыктатар» (22%) і «нелегітымны прэзідэнт» (18%).
«Прэзідэнтам яго найчасцей называлі ў японскім выданні, французскіх, брытанскіх і ў ЗША, – кажа Леся Руднік. – Як нелегітымнага прэзідэнта называлі пераважна ва ўкраінскіх артыкулах, таксама ва ўкраінскіх выданнях і польскіх часта выкарыстоўваліся эпітэты «дыктатар» і «аўтакрат». У Нямеччыне Лукашэнку называлі лідарам ці кіраўніком Беларусі. <…>. Бачым, што ў большай колькасці артыкулаў Лукашэнка акрэсліваецца негатыўна. Улады Беларусі замежныя СМІ агулам акрэсліваюць як агрэсараў, якія нясуць пагрозу суседзям і жорстка кантралююць беларускае грамадства».
Ціханоўскую ў 75% артыкулаў называюць лідаркай дэмакратычных сілаў, у 20% згадваюць як былую кандыдатку ў прэзідэнты, актывістку ці без пасады, і толькі ў 5% матэрыялаў замежныя журналісты называюць Ціханоўскую «прэзідэнтка» ці «прэзідэнт-элект». Большая частка артыкулаў пра Ціханоўскую датычыць ейнай персанальнай гісторыі і шляху да палітыкі ў параўнанні з ейнымі дыпламатычнымі візітамі.
Як замежныя медыі называюць Ціханоўскую. (Крыніца: прэзентацыя даследавання Цэнтру новых ідэй)
Як замежныя медыі называюць Ціханоўскую. (Крыніца: прэзентацыя даследавання Цэнтру новых ідэй)
Датычна Беларусі ў кантэксце вайны ва Украіне, у траціне даследаваных артыкулаў гаварылася, што беларусы падтрымліваюць Украіну, амаль столькі ж – 29% – кажуць, што беларусы лічаць украінцаў варожай нацыяй.
«За год колькасць артыкулаў, у якіх сцвярджаецца, што большасць беларусаў падтрымліваюць Расею, павялічылася на 10% – у мінулым маніторынгу гэтая лічба была меншай за 1%, у цяперашнім – 11%. Найчасцей такое меркаванне выказвалася ў польскіх і ўкраінскіх медыях. <…>. Можна сцвярджаць, што ва ўкраінскіх і польскіх медыях імідж Беларусі крыху пагоршыўся», – зазначае Леся Руднік.
У папярэднім маніторынгу даследчыкі пісалі, што адной з самых папулярных тэмаў адносна Беларусі, былі рэпрэсіі.
«Шмат пісалі пра канкрэтных асобаў, канкрэтных палітзняволеных, пра рэпрэсіі супраць журналістаў <…>. Аднак цяпер мы бачым, што рэпрэсіі апісваюцца ў агульным кантэксце. <…>. Даволі моцна знізілася колькасць артыкулаў, якія кажуць пра прызнанне медыяў экстрэмісцкімі, пра блакаванне сайтаў», – кажа даследчыца.
Як у замежных медыях згадваюцца рэпрэсіі ў Беларусі. (Крыніца: прэзентацыя даследавання Цэнтру новых ідэй)
Як у замежных медыях згадваюцца рэпрэсіі ў Беларусі. (Крыніца: прэзентацыя даследавання Цэнтру новых ідэй)
Даследаванне паказала, што ўвага да Беларусі ў замежных медыях працягваецца падаць.
«Гэта адлюстроўваецца як у колькасці артыкулаў пра Беларусь, так і ў больш павярхоўным асвятленні падзеяў. У некаторых выданнях, якія траплялі ў наш маніторынг цягам апошніх трох гадоў, колькасць артыкулаў пра Беларусь зменшылася ў 5 разоў. <…>. З’явіўся новы трэнд, што беларусаў называюць прыхільнікамі Расеі», – рэзюмуе Леся Руднік.
Пра вобраз Беларусі ў краінах, дзе сёння найбольш беларусаў – Польшчы, Літве і Грузіі, распавёў Генадзь Коршунаў, сацыёлаг, старэйшы даследчык Цэнтру Новых ідэй. Высновы рабіліся на падставе глыбінных інтэрв’ю, якія праводзіліся ў гэтых трох краінах у лютым – сакавіку 2024 года. Апыталі 12 актывістаў мясцовых дыяспараў. Даследаванне паказала, што адзінага вобразу беларусаў не існуе.
У той жа час грузінская моладзь больш ведае пра пратэсты 2020 года і пра рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць грамадства. Таму і спачування беларусам з боку моладзі больш, зазначае сацыёлаг.
Палякі, па выніках даследавання, «лаяльна ставяцца да беларусаў, бо праходзілі падобнае – яны памятаюць, што мы маем агульную гісторыю». У прадстаўленні палякаў Беларусь – краіна, захопленая дыктатурай, але змагаецца з ёй.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Грузінка на святкаванні Дня Волі ў Тбілісі. Беларусы сабраліся на акцыю да 106-годдзя БНР на плошчы перад будынкам парламента. Тбілісі, Грузія. 24 сакавіка 2024 года. (Фота: Белсат)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Грузінка на святкаванні Дня Волі ў Тбілісі. Беларусы сабраліся на акцыю да 106-годдзя БНР на плошчы перад будынкам парламента. Тбілісі, Грузія. 24 сакавіка 2024 года. (Фота: Белсат)
«Палякі, асабліва старэйшае пакаленне, бачаць гістарычныя паралелі паміж тым, што адбываецца ў Беларусі зараз і сваёй эпохай «Салідарнасці» і разумеюць, што гэта за цяжар, і памятаюць, колькі часу спатрэбілася палякам, каб вырашыць сітуацыю», – кажа Генадзь Коршунаў.
У Літве апошнім часам сітуацыя складаная, звязаная з пашырэннем праз правых палітыкаў абвінавачванняў беларусаў у «радыкальным ліцвінізме», зазначае сацыёлаг. Гэтыя закіды дэперсаналізаваныя і высоўваюцца хутчэй супраць беларускай дыяспары:
«Погляд на беларусаў як на пагрозу захінуў сабой і вобраз «рэпрэсаванай Беларусі», і «пратэснага» беларускага грамадства. Аднак на ўзроўні асабістых стасункаў абвінавачванні пакуль не даходзяць. Тут беларусы працягваюць карыстацца рэпутацыяй працавітых, адказных і дысцыплінаваных людзей».
Маніторынг замежных медыяў паказаў, што ў стаўленні да Беларусі і беларусаў 2022 год перакрыжаваў уздзеянне 2020 года, які стаў практычна зацёртым. 2022 года таксама пачынае замыльвацца пад уздзеяннем далейшых падзеяў.
Беларускія дыяспары цяпер фармуюць імідж беларусаў у розных краінах праз кантакты з уладамі, вулічныя акцыі, розныя адукацыйныя мерапрыемствы, асабістыя кантакты з мясцовымі жыхарамі тых краінаў, дзе яны жывуць, кажа Генадзь Коршунаў. Пры гэтым што датычыць кантактаў з уладамі, то ў Польшчы і Літве гэта робяць прадстаўнікі дэмакратычных сілаў, у Грузіі, паколькі прадстаўніцтва дэмсілаў няма, самі беларускія актывісты.
Вулічнае жыццё Вільні, Уличная жизнь Вильнюса (Фота: Белсат)
Вулічнае жыццё Вільні, Уличная жизнь Вильнюса (Фота: Белсат)
Беларусы ў Грузіі, Літве і Польшчы адзначаюць амаль аўтаматычны недавер да сябе з боку ўкраінскіх арганізацыяў – трэба шмат часу і высілкаў, каб пераадолець такое стаўленне, і гэта не заўсёды дае плён.
Таксама даследчык адзначае слабую супрацу паміж беларускімі дыяспарамі ў розных краінах.
Паводле Генадзя Коршунава, цяпер няма нейкай стратэгіі адносна фармавання пазітыўнага вобразу Беларусі і ўсе захады ў гэтым кірунку робяцца спантанна. Таксама даследчык адзначае фрагментаванасць беларускай дыяспары нават у межах адной краіны, а агульная сістэма ці схема агульнай інфармацыйнай працы дыяспараў і дэмакратычных сілаў агулам адсутнічае. У рамках таго, што робіцца, вобразы Беларусі фіксуюцца на балюча-негатыўных складніках, не хапае складнікаў пазітыўнага характару.
Каб выправіць гэтую сітуацыю, Генадзь Коршунаў раіць дзейнічаць лакальна.
Даследчык лічыць, што беларусам варта выпрацаваць тэзісы для супольнага прасоўвання – напрыклад, «7 тэзісаў аб тым, што за 5 – 10 хвілін трэба распавесці суразмоўцу пра Беларусь і беларусаў», а яшчэ ў паўсядзённай камунікацыі больш выкарыстоўваць беларускую мову.
Поўныя тэксты даследаванняў можна прачытаць па спасылках: Медыйны вобраз Беларусі за мяжой і Беларусы замежжа: уплыў на вобраз Беларусі.
Ганна Ганчар belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10