Польскі брэнд CROPP выпусціў калекцыю вопраткі ў супрацы з беларускім мастаком Дзмітрыем Каштальянам
22.06.2024, 18:56
Калекцыя CROPP з ілюстрацыямі беларускага мастака Дзмітрыя Каштальяна. (Фота: kashtalyan.com)
podpis źródła zdjęcia
Дзмітрый Каштальян – дызайнер, ілюстратар і стрыт-арт мастак.
CROPP абвесціў аб запуску эксклюзіўнай калекцыі вопраткі, створанай у супрацы з вядомым беларускім мастаком і ілюстратарам Дзмітрыем Каштальянам.
Калекцыя CROPP з ілюстрацыямі беларускага мастака Дзмітрыя Каштальяна. (Фота: kashtalyan.com)
Летняя калекцыя для мужчын і жанчын уключае 12 прадметаў адзення, аздобленых малюнкамі і дызайнам з матывамі дзікай прыроды аўтарства беларускага мастака.
Дзмітрый Каштальян – мультыдысцыплінарны мастак, дызайнер, ілюстратар і стрыт-арт мастак, вядомы сваімі працамі для Lavazza, Harper’s Magazine, AFAR Media, Entertainment Weekly.
У Дзмітрыя – больш за 20 гадоў досведу ў жывапісу і стрыт-арту. Мастак – удзельнік персанальных і групавых выставаў па ўсім свеце, а таксама – міжнародных мурал-фестываляў. Лаўрэат узнагародаў Merit 3×3 і HIII Illustration за ўнёсак у ілюстрацыю.
Сольная выстава Дзмітрыя Каштальяна «Рэха збянтэжанасці» прайшла ў галерэі HotAsFoc у Барсэлоне ў 2023 годзе.
Цяпер мастак жыве ў Варшаве.
Калекцыя CROPP з ілюстрацыямі беларускага мастака Дзмітрыя Каштальяна. (Фота: kashtalyan.com)
CROPP быў заснаваны польскай кампаніяй – вытворцам адзення LPP ў 2004 годзе. Спецыялізуецца на моладзевай модзе. Брэнд прадстаўлены ў больш як 20 краінах.