У рэпартажы «Дзе мой сцяг?» распавядаецца гісторыя барацьбы вядомай беларускай апазіцыйнай актывісткі Ніны Багінскай з дзеючай уладай. Чаму спадарыня Ніна ходзіць на акцыі? За што злуецца на амапаўцаў і ці зможа маленькая жанчына супрацьстаяць дзясятку сілавікоў, якія перакрылі ёй шлях да Чырвонага Касцёлу?
,,«Больш за 30 год я ў руху супраціву. Спачатку – камуністам у Савецкім саюзе, а потым лукашыстам у нашай краіне», – кажа Ніна Багінская.
,,«Дзяржава ўжо пачала забіраць штрафы, каб мы пакутавалі, і гэтымі самымі штрафамі, каб мы давалі прыклад іншым людзям, каб паменш хадзілі на мітынгі. Бо людзі ў нас бедныя, грошай у іх няшмат. І калі забіраюць грошы на штрафы – яны могуць галадаць. І таму дзяржава пачала мяне штрафаваць. Гэта таксама метады іх фашыстоўскія. 50 працэнтаў пенсіі яны забіраюць, спачатку забіралі 20, а потым больш і больш. Таксама, я злую на іх за гэта. І не хачу, каб гэты фашызм рабаваў мяне», – распавядае спадарыня Ніна.
,,«А чаму яны за гэты сцяг мяне штрафуюць? Чаму яны смеюць забіраць гэты сцяг? Гэта ж не вы шылі! Ні вы пакупалі тканіну, ні вы выходзіце з ім. Ну так цярпіце! Калі нават вам сцяг не падабаецца, як некаторым людзям, ну не ваша гэта справа! Я ж не кажу пра вашы сцягі, не хапаю вас, не забіраю. І вы не маеце права забіраць», – звяртаецца спадарыня Ніна да амапаўцаў.