Закуліссе гібрыднай атакі на межы ў сенсацыйным дакументальным фільме «Мігранты Лукашэнкі».
Закуліссе гібрыднай атакі на межы ў сенсацыйным дакументальным фільме «Мігранты Лукашэнкі».
Сітуацыя паміж Беларуссю і Еўразвязам абвастрылася ў чэрвені 2021 года пасля таго, як Лукашэнка загадаў беларускім памежнікам спыніць ахову мяжы ад мігрантаў. Тысячы людзей накіраваліся ў Еўропу. Праз пяць месяцаў няспынных спробаў прарваць мяжу пачалася дээскалацыя напружанасці. Як высветлілася пазней, міграцыйны крызіс быў уступам да поўнамаштабнай вайны супраць Украіны.
Міграцыйны крызіс быў арганізаваны спецслужбамі рэжыму Лукашэнкі самастойна – альбо пры дапамозе Федэральнае службы бяспекі Расеі?
У фільме ў якасці экспертаў выступілі: былы падпалкоўнік беларускай міліцыі, кіраўнік ініцыятывы BYPOL Аляксандр Азараў, які раскрывае сакрэты аперацыі «Шлюз», што выклікала міграцыйны крызіс; польскі даследнік палітыкі Беларусі і Расеі Марэк Будзіш, які напісаў кнігу «Усё ёсць вайна. Расейская стратэгічная культура»; а таксама былы прапаршчык беларускай Памежнай службы Іван Страшкевіч.
Падзеі міграцыйнага крызісу пракаментавалі еўрапейскія чыноўнікі розных узроўняў, ад памежніка да міністра.
Сваімі драматычнымі гісторыямі падзяліліся і самі мігранты. Яны прызналіся, што зазналі гвалт з боку беларускіх службаў, і дэталёва распавялі, як сілавікі Лукашэнкі маніпулявалі ды падманвалі іх.
Курд Набіль, лідар кульмінацыйнага нападу на польскую мяжу ў лістападзе 2021 года, тлумачыць, чаму курды зрабіліся мігрантамі.
У фільме выкарыстаныя эксклюзіўныя, раней не апублікаваныя відэаматэрыялы з межаў Беларусі і Еўразвязу. Аўтары фільму вялі здымкі ў закрытых памежных зонах, цэнтрах для мігрантаў у Польшчы і балтыйскіх краінах. Ёсць відэаматэрыялы і з Беларусі, дзе даводзілася здымаць схаванай камерай.
Рэжысёры Сяргей Пеляса і Антось Цялежнікаў, 2022 г., Польшча