Выява ілюстрацыйнага характару. Фестываль «Viva Braslav». (Фота: vkurier.by)
podpis źródła zdjęcia
Вечарына відавочна ўдалася. Народ адцягнуўся напоўніцу. І ўсё б нічога, але…
Калі верыць водгукам журналістаў і ўдзельнікаў, то ў мінулыя выходныя наваколлі Браслава ўцягнулі ў сябе каля 40 000 беларусаў (і не толькі). Прынамсі рэкорд мінулага года быў відавочна пабіты. Сонца паліла на ўсю моц, дождж (часам) ліўся ракою – разам з рознымі ахаладжальнымі напоямі. Ну і галоўнае: грымелі канцэрты, палохаючы свойскую (і не толькі) жывёлу, а таксама жыхароў навакольных вёсак.
Выява ілюстрацыйнага характару. Фестываль «Viva Braslav». (Фота: vkurier.by)
Вечарына, якая расцягнулася на два дні, відавочна ўдалася. Народ адцягнуўся напоўніцу. І ўсё б нічога, але ў недружалюбных сацыяльных сетках то тут, то там чуецца гоман: «Гэта як жа так? У нас жа накшталт вайна, палітвязні, барацьба за „Новую Беларусь” 24 гадзіны на содні? А яны, а гэтыя! Эх… Забыліся, здраднікі!»
Увогуле выкарыстоўваюцца вельмі моцныя словы, вельмі грубыя выразы. Дык што: забыліся? Здраднікі? Не згодны. Дакладней, мне вельмі не хочацца з гэтым згаджацца. Мяркую, мы маем справу з зусім іншаю з’яваю.
Свядомасць нармальнага чалавека не можа ўвесь час быць у стане ўзбуджэння, яна прывыкае. Прывыкае да ўсяго, да ўсіх вонкавых умоваў і перастае рэагаваць. Асабліва ў тых зонах, вобласцях, на якія сам чалавек не мае беспасярэдняга ўплыву.
Спытай у кожнага з маладых, яркіх, энергічных наведнікаў гэтага фестывалю: «Вы за вайну ці супраць? Вы б хацелі, каб заўтра ўсе палітвязні апынуліся на волі?» Пераважная большасць адкажа: «Так! Вядома! Што трэба зрабіць?» І калі гэта патрэбнае будзе ў іхных сілах, на ўзроўні «кінуць бюлетэнь у скрыню» альбо ахвяраваць пасільную суму грошай, яны абавязкова гэта зробяць.
Чаму я ў гэтым упэўнены? Дык не «Славянскі базар» жа! Гэта там усё па лінеечцы, ідэалагічна выверана і мёртвыя людзі на сцэне (тыпу Грышы Лепса) спяваюць такім жа мёртвым людзям у зале пра… пра нешта патрыятычнае, вельмі і вельмі важнае. А «Viva, Braslav!» жа пра іншае – пра адчуванне свабоды ўласнага выбару.
Ну, пачакайце, не кідайце ў мяне камянямі. Або патрацьце час і выберыце буйнейшыя. Так, гэта «дазволены фестываль», і вы там не ўбачыце ні тых, што захавалі самапавагу (беларускіх і расейскіх) гуртоў, артыстаў, ні іншых слядоў 2020 года. Але чамусьці мне здаецца, што паміж Клавай Кокай, якая «пакінула чат», разам з Лёшам Свікам, які падміргвае «Малінавым святлом», і афіцыйнай беларускай эстрадай – зазор гадоў недзе на 40. І гэта я яшчэ не ўспамінаю пра невядомых мне герояў з TikTok, якіх разрываў натоўп у ваколіцах Браслава.
Мяне не кранаюць фота, відэа з гэтага фестывалю. Я не хачу, каб людзі пакутавалі там, дзе яны могуць гэтага не рабіць. Калі ўжо мы прапагандуем свабоду як найвышэйшую чалавечую каштоўнасць, то дзіўна было б патрабаваць яе абмяжоўваць толькі прыемнымі нам асабіста перформансамі.
,,
Турбуе мяне тут іншае. Гэта было цалкам і цалкам свята расейскай папсы. І вось гэта – бяда.
Культурны зігзаг у рэжыму атрымаўся выдатны. Спачатку трэба было зачысціць уласнае музычнае поле так, каб нават на афіцыйных імпрэзах выбар абмяжоўваўся вечназялёным Ярмоленкам, белазубым Саладухам і сёстрамі Груздзевымі, якіх добраахвотна слухаць можна толькі ў змененым спецрэчывамі стане свядомасці.
Тым, хто жадае паспрачацца з такім становішчам рэчаў, нагадаю, што гэдлайнерамі афіцыйнага канцэрту да адной урачыстай даты былі Павалій, Кадышава і Газманаў, да іншай (канцэрт ля Стэлы) – хор Турэцкага з нададзенымі ў яго распараджэнне Пелагеяй і Дзянісам Майданавым.
Пасля захопу песеннага рынку Ганнаю Сялук (яна ж нявестка Лукашэнкі!) неяк у нас адкрыта жыдкавата сталася з эстрадаю. Няма кім заканчваць афіцыйныя канцэрты. Ну нельга ж сабе сур’ёзна ўявіць, што цвярозы глядач ірване ў скокі пад эпічны хіт «Ах, Аляксандр!».
Гэтак зачыстка палітычнага поля ад іншадумства прывяла, з усёй відавочнасцю, да чарговага этапу каланізацыі Беларусі. І людзі – гледачы – тут не вельмі і прычым. Для гэтага трэба было моцна папрацаваць там, наверсе.
,,
А ці магло быць па-іншаму, спытае мяне чытач, які ўмее разважаць. Бо мы, аб’ектыўна, як не вельмі вялікая нацыя, цяпер на арбіце больш магутнай культуры – куды ж нам цягацца з гэтым уплывам?
Тут я павінен нагадаць чытачу, які дабраўся да гэтага месца, што 10-мільённая Швецыя пастаянна пастаўляе на сусветны эстрадны рынак вельмі моцныя калектывы ды індывідуальных выканаўцаў. Там гэта канвеер, і памер тэрыторыі альбо насельніцтва ніяк іх не бянтэжыць. «ABBA», «Ace Of Base», «Roxette», «Army Of Lovers» і многія-многія іншыя.
Кажуць, там асаблівая ўвага надаецца дзіцячым музычным школам, а яшчэ там 500 дарослых хораў, у якіх спяваюць 600 000 чалавек – ну, вось так яны забаўляюцца. А яшчэ ўрад, у які прарваліся прыхільнікі року, праз Нацыянальную раду культуры вылучае штогод 1 млрд шведскіх кронаў (больш за $ 100 млн) толькі на гранты мясцовым маладым музыкам, каб яны маглі займацца выключна творчасцю. Жудасныя норавы на гэтым Захадзе, праўда?
Не хочацца ёрнічаць, дый летні камерцыйны фестываль тут, на вялікае, і ні пры чым. Але калі б атрымальнікамі бюджэтных ганарараў былі не Лепс з Кадышавай, а сапраўды маладыя таленавітыя беларускія артысты… Не, не такія, што спяваюць песні Анны Сялук у аранжыроўках 1972 года, а нармальныя. Хоць бы як Клава Кока, я ўжо не кажу пра «ABBA»… Магчыма, тады з культурніцкаю незалежнасцю краіны было б крыху інакш.
А ці была ў нас свая «ABBA»? Вядома! Мулявінскія «Песняры» былі зʼяваю ніяк не меншага памеру. Былі.
P. S. У тыя выходныя, калі грымеў «Браслаў», мне пашанцавала наведаць «Летуцень» у Кракаве. І было выдатна! Фестываль таксама расце: хай не 40 000, але 3-4 тысячы гледачоў таксама нядрэнна правялі час з беларускімі майстрамі, артыстамі, кухняй. Паслухалі беларускіх блогераў і патанцавалі пад «Разбітае сэрца пацана» і Leibonik. І гэта таксама было пра свабоду. Свабоду выбару.