Меркаваннi

Ці зможам мы выратаваць сваю Трою?

Эйфэлева вежа з алімпійскімі кольцамі падчас цырымоніі адкрыцця XXXIII летніх Алімпійскіх гульняў у Парыжы. 26 ліпеня 2024 г., Парыж, Францыя. (Фота: Vincent Kalut / imago sport / Forum)
Эйфэлева вежа з алімпійскімі кольцамі падчас цырымоніі адкрыцця XXXIII летніх Алімпійскіх гульняў у Парыжы. 26 ліпеня 2024 г., Парыж, Францыя. (Фота: Vincent Kalut / imago sport / Forum)
podpis źródła zdjęcia

Калі наогул такое было, каб арганізатары Алімпійскіх гульняў выбачаліся за тое, што закранулі пачуцці вернікаў?

Хто б мог падумаць, што на фоне жудасных войнаў ва Украіне і на Блізкім Усходзе адкрыццё Алімпіяды ў Францыі да такой ступені ўзрушыць фантазіі некаторай часткі публікі на розных кантынентах! Калі наогул такое было, каб арганізатары Алімпійскіх гульняў выбачаліся за тое, што адна з імправізаваных сцэнаў закранула пачуцці вернікаў-хрысціянаў? Арганізатары папрасілі прабачэння, хаця насамрэч прасіць прабачэння ім не было за што. Сцэну выразалі для паўторнага прагляду, аднак жарсці да гэтага часу не сціхлі. Але вернемся да гэтага пазней.
Эйфэлева вежа з алімпійскімі кольцамі падчас цырымоніі адкрыцця XXXIII летніх Алімпійскіх гульняў у Парыжы. 26 ліпеня 2024 г., Парыж, Францыя. (Фота: Vincent Kalut / imago sport / Forum)
Эйфэлева вежа з алімпійскімі кольцамі падчас цырымоніі адкрыцця XXXIII летніх Алімпійскіх гульняў у Парыжы. 26 ліпеня 2024 г., Парыж, Францыя. (Фота: Vincent Kalut / imago sport / Forum)
А ў той дзень за некалькі гадзінаў да адкрыцця Алімпійскіх гульняў чыгуначная кампанія SNCF заявіла, што шляхі і вакзалы былі атакаваныя вандаламі ў самых розных рэгіёнах Францыі. Паведамлялася пра падпалы. Мэта нападаў – паралізаваць хуткасныя зносіны ў краіне менавіта ў дзень адкрыцця гульняў. Усе дыверсіі адбыліся глыбокай ноччу. На парыжскім вакзале «Монпарнас» утварыліся вялізныя чэргі. У пятніцу транспартны калапс адчулі на сабе больш за чвэрць мільёна пасажыраў, а ў выходныя гэты лік сягнуў да 800 000 тысячаў. Прэм’ер-міністр Францыі Габрыель Аталь заявіў, што дыверсіі былі добра падрыхтаваныя і скаардынаваныя.
Прыйшлося адмяняць або затрымліваць рэйсы «Eurostar», якія ажыццяўляюць міжнародныя зносіны паміж Парыжам і шэрагам еўрапейскіх гарадоў. Нават прэмʼер-міністру Вялікай Брытаніі Кіру Стармэру давялося ляцець на цырымонію на самалёце. А яно таго было вартае!
Бо арганізатары пастанавілі адысці ад традыцыйнага шоу на стадыёне і выкарысталі цудоўны Парыж як сцэну. Аўтары нагадалі тыя далёкія часы, калі багі і героі Старажытнай Грэцыі насялялі Алімп, ваявалі разам з людзьмі, кахалі як людзі і не грэбавалі ніякімі задавальненнямі. Караблі з камандамі спартоўцаў з розных краінаў на Сене як на рацэ жыцця. Рака злучыла Старажытную Грэцыю і сучасны свет. Можна было наглядна пабачыць, які шлях прайшла Францыя. Узяць хаця б сцэну з адсечанай галавой Мары Антуанэт, якая крычыць песню часоў Французскай рэвалюцыі «Ça ira».
Наш свет звязаны з тым нябачнымі ніткамі. Шмат музыкі і далікатная бітлзаўская «Imagine» на падпаленым раялі нагадала, наколькі крохкім ён да гэтага часу застаецца. Свет, што раздзіраецца самымі рознымі супярэчнасцямі. Ці істотна адрозніваюцца сучасныя людзі ад тых, хто жыў у антычную эпоху? А гей-парад і дэфіле мадэляў на біянічных пратэзах толькі нагадалі нам, што мульткультурнасць нікуды не знікла.
Мы кіруемся тымі ж жарсцямі і пачуццямі, што былі ўласцівыя багам, героям і простым людзям Старажытнай Грэцыі. Узяць хаця б вяселле Пэлея з німфай Фэтыдай, якія стануць бацькамі героя «Іліяды» Ахіла. Госці нястрымна святкуюць і зразумела, што на такім баляванні не абысціся без Бахуса. Бахус жа з іранічнай усмешкай ляжыць і цешыцца застоллем. Пануюць мір і радасць. У французскім Дыжоне захоўваецца карціна Яна ван Бэйлерта «Свята багоў» менавіта пра гэтую падзею.
Чаму гэтае вяселле, а не нейкая іншая гісторыя? Можа, таму, што яно прывяло да катастрафічных наступстваў, пра якія сёння ведае кожны школьнік? Гамэр у сваёй «Іліядзе» кажа, што на гэтае вяселле забыліся паклікаць Эрыду, а яна была вельмі помслівай. Ейныя інтрыгі прывялі да Траянскай вайны, а гэта была геапалітычная катастрофа таго часу. Так што вяселле атрымалася на пажарышчы. Вайна працягвалася 10 гадоў. Троя была спаленая і знікла з зямлі. У «Іліядзе» міфы і легенды пераплятаюцца з гістарычнымі падзеямі. Колькі пакаленняў чыталі «Іліяду» і «Адысею» Гамэра – і толькі ў ХІХ стагоддзі, калі раскапалі Трою, стала зразумела, што гэта не проста мастацкія творы. І стала таксама зразумела, як лёгка можна знішчыць уласнымі рукамі цэлую цывілізацыю – а гэта і культура, і людзі, і памяць.
Асабіста я, калі ўбачыла вершніка на вуліцах вячэрняга Парыжу, падумала, што гэта вершнік Апакаліпсісу, які папярэджвае нас, што разбурыць мір вельмі лёгка – і мы стаім на парозе гэтай катастрофы. Некалькі разоў з падзякай прагучала імя Пʼера дэ Кубэртэна – славутага суайчынніка французаў, які адрадзіў традыцыю Алімпійскіх гульняў. Традыцыю, што знікла разам з той, антычнай, цывілізацыяй.
Антычная эпоха да гэтага часу ўплывае на нашую культуру. Колькі пакаленняў у Еўропе зачытваліся творамі вялікіх таго часу! Нават у савецкіх людзей – калі ўлічыць, што пасля катастрофы 1917 года антычную культуру вывучалі толькі асобныя спецыялісты – на кніжнай паліцы можна было сустрэць кніжку «Легенды і міфы Старажытнай Грэцыі» Мікалая Куна. Аўтары відовішчнага шоу нагадалі гледачам толькі адзін з сюжэтаў «Іліяды» – вяселле, застолле і зманлівае чаканне спакою і стварэння наперадзе. Шоу разлічанае на людзей, знаёмых з гісторыяй Антычнасці, якія ведаюць, што ўсё абвалілася праз аднаго чалавека, які пачаў гуляць на нізкіх пачуццях іншых людзей.
Вось і ў наш час сцэна вяселля Пэлея і Фытыды выклікала скандал. Знайшліся людзі, якія ў сцэне вяселля пабачылі пародыю на «Таемную вячэру» Леанарда да Вінчы і заявілі, што былі абражаныя іхныя рэлігійныя пачуцці. Памятаеце, як Эрыда пачала помсціць за тое, што яе не паклікалі на вяселле? Нібыта і няма ніякай Эрыды, але хтосьці ўсё ж сапсаваў чыгунку, каб стварыць нязручнасці яшчэ да пачатку імпрэзы. А тут яшчэ і галасы пасля завяршэння грандыёзнага шоу пра тое, што ўсё было дрэнна. Як жа ўсё дзіўна пераплятаецца!
Арганізатары Алімпійскіх гульняў папрасілі прабачэння ў тых, каму сцэна нагадала апошнюю вячэру Ісуса. Дырэктарка аргкамітэту ў справе камунікацыяў Ан Дэкан заявіла, што намеру «выказаць непавагу да якой-небудзь рэлігійнай групы» не было. Яна заявіла, што сцэнка мусіла прапагандаваць талерантнасць у грамадстве. Арганізатары папрасілі прабачэння, бо хочуць захаваць атмасферу свята. Няхай яна захаваецца як найдаўжэй!
Бо свет крохкі і цяпер ён ізноў на краі прорвы. І зноў, як і тады, некалькі стагоддзяў таму, чалавечая цывілізацыя залежыць ад амбіцыяў асобных людзей. Што нас чакае наперадзе? Марк Тулій Цыцэрон казаў: «Historia magistra vitae». Арганізатары вельмі відовішчнага і прыгожага шоу сказалі нам, што нельга забывацца на гэта. Каб цяперашняе шоу не стала апошнім для нашае цывілізацыі.
Любоў Лунёва belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10