Меркаваннi

Прарывы ў вакууме

Belsat
Belsat
podpis źródła zdjęcia

Совацца ў Кітай са сваёй прамысловасцю – гэта як прадаваць у Туле партыю найлепшых беларускіх самавараў.

«З імі трэба знайсці шляхі супрацы…» Пра каго гэта Лукашэнка? Хто такія «яны»? Вы будзеце здзіўленыя гэтаксама, як і я, але гэтыя самыя «яны», з якімі трэба нешта там абавязкова знайсці, гэта – тыя самыя варожыя краіны Еўрапейскага Звязу, якія ў беларускім тэлевізары адзін нізкарэйтынгавы Грыша збіраўся закідаць ядравымі бомбамі. А што здарылася?
Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Вагон «Беларуськалію». (Фота: vagon.by)
Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Вагон «Беларуськалію». (Фота: vagon.by)
Адказ на гэтае пытанне можна разабраць, калі звярнуць увагу на тое, у які час, у якім месцы і ў якім кантэксце былі вымаўленыя гэтыя рэвалюцыйныя словы. А прагучалі яны падчас нарады пра развіццё прамысловасці, акурат адразу пасля жыццесцвярджальных пасажаў пра яе, прамысловасці, небывалыя тэмпы – дасягнула нябачаных поспехаў у выглядзе экспарту на 6,5 млрд варожых долараў у мінулым годзе. У першую чаргу на дружалюбныя рынкі Расеі і Кітаю.
Гм… 6,5 млрд выглядае, вядома, моцна – калі б не было з чым параўноўваць. Аднак няўмольная статыстыка, трасца гэткая, падкідвае нам, напрыклад, амаль такую ж 10-мільённую Чэхію, якая ў тым жа 2023 годзе здолела экспартаваць толькі асноўнай прадукцыі ўласнай прамысловасці (машыны, абсталяванне, сродкі транспарту) на… удыхніце… на 150 млрд гэтых жа самых долараў. Так, вы не памыліліся, у 23 разы больш!
Такія параўнанні нараджаюць пэўнае неразуменне. Хоць чаму здзіўляцца, калі выручка адной удала прыватызаванай «Шкоды» склала 28 млрд долараў. Колькі ва ўсіх нашых МАЗаў, МТЗ, БелАЗаў і іншых МЗКЦ? Ну, дай Бог, калі 2,8 млрд набярэцца на ўсіх. Гэта значыць, у 10 разоў менш (ці ў 8, калі я крыху прынізіў нашы паказнікі, хоць я ў гэтых лічбах больш-менш упэўнены).


,,

Беларускія прамысловыя прарывы выглядаюць такімі толькі ва ўмовах сферычнага вакууму, не больш за тое. Яны не вытрымліваюць сутыкнення з рэальнасцю.


Дык а што ж там з дыверсіфікацыяй? Ёсць жа ў нас згаданыя Расея, Кітай? З Кітаем усё не вельмі. Са звестак той жа мытнай службы Кітаю (беларускія чыноўнікі лічбы хаваюць), купілі яны ў нас усякага-рознага ў 2023-м на 2,6 млрд долараў, і 60 % гэтых закупаў – калійныя ўгнаенні з непрыдатнай цаной 88 долара за тону, калі верыць КДК. Далей ідуць харчы і драўніна. Чаго-небудзь прамысловага ў прыкметных (без павелічальных прыбораў «БелОМА») аб’ёмах у статыстыцы не відаць.
Яно і ясна. Совацца ў Кітай са сваёй прамысловасцю – гэта як перці ў Тулу з разлікам зрэалізаваць там партыю найлепшых беларускіх самавараў. Патрэбная для гэтага пэўная смеласць.
Таму застаецца нам адзін-адзіны рынак – Расея. Але і там, калі верыць самому грамадзяніну Лукашэнку, таксама дзеяцца ўсялякія непрыемныя цуды. І лядоўняў яны нашых больш не хочуць, і МАЗ выцясняюць кітайцы, і з астатнім спектрам прамысловай прадукцыі таксама неяк не складваецца. І калі прыбраць са статыстыкі калявайсковую прамысловасць (якая, вядома, прэ), то, цалкам магчыма, мы выявім не слабенькі рост (2,8 % пры гадавым плане болей за 7 %), а цалкам прыстойнае падзенне.
І калі ўспомніць, што імпарт, разагнаны пустымі грашыма, разганяецца значна хутчэй, гэта можа выклікаць у тых, хто чытае і лічыць, адчуванне лёгкага напружання і нават непрыемныя ўспаміны пра 2009, 2011 і 2014 гады. І, як бачым, гэты рэфлекс спрацоўвае нават у галоўнага спецыяліста ва ўсіх пытаннях. У нашага галоўнага географа, гісторыка і хакеіста. Таму і ўспамінае ён пра тое, як калісьці Еўропа, што мае дабрабыт, купляла ў нас бензін з такімі прыемнымі еўрапейскімі цэнамі ды забяспечыла ў 2021 годзе выхад з ковіднага тупіку. І яшчэ шмат-шмат прыемнага зрабілі для беларускай эканомікі гэтыя самыя ворагі.
На фоне такой настальгіі прарываецца: «Калі ім трэба нешта купіць, а нам трэба прадаць у іх на рынку – гэта ўзаемавыгадны інтарэс». Ну так, было б добра. Але сёння Еўразвяз, уводзячы новыя балючыя санкцыі, думае зусім не пра выгаду. З пункту гледжання грошай, санкцыі трэба было б скасоўваць не заўтра – сёння. Аднак – вайна. Санкцыямі, адмовай у супрацы Еўразвяз паказвае Лукашэнку чырвоную картку, ставіць у кут.


,,

Што трэба, каб сітуацыя змянілася? Мусіць скончыцца вайна. Беларускія палітвязні мусяць апынуцца на волі. Мігранты, якія штурмуюць межы, мусяць раз’ехацца па дамах. І тады… Тады наступіць час «рэалпалітык».


У мяне няма ілюзіяў. У 1924 годзе, пасля сямі крывавых гадоў, краіны Захаду прызналі цалкам незаконны ўрад СССР. Прызналі і пачалі выбудоўваць з ім дыпламатычныя і гандлёвыя адносіны. Так будзе і ў нас. Аднак пакуль да прызнання намінальнай легітымнасці Лукашэнкі ўсё ж такі яшчэ далёка. Дый стагоддзе маем усё ж такі дваццаць першае, а не дваццатае. Што дае мне сякую-такую надзею.
/ ІР

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш

апошнія

Item 1 of 10