Як мінімум 38 чалавек загінулі, яшчэ 140 былі параненыя. Гэта вынік ракетнай атакі расейскай арміі па Украіне ў панядзелак 8 ліпеня.
Як мінімум 38 чалавек загінулі, яшчэ 140 былі параненыя. Гэта вынік ракетнай атакі расейскай арміі па Украіне ў панядзелак 8 ліпеня. На мэтах гэтага ўдару мы зараз спынімся і разбярэм падрабязней у праграме «Лукавыя навіны»:
Усяго па Украіне былі выпушчаныя да 40 ракетаў розных тыпаў. Паводле падлікаў выдання «Forbs», гэтая атака расейскаму бюджэту каштавала ад 200 да 250 мільёнаў долараў. У Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што гэта быў удар у адказ.
Сярод аб’ектаў, якія былі мэтаю гэтай атакі «высокадакладнай зброяй вялікай далёкасці»: адміністрацыйныя будынкі, дзясяткі жылых дамоў і адразу дзве медычныя ўстановы. Галоўнай трагедыяй 8 ліпеня стала траплянне расейскай ракеты ў корпус найбуйнейшага ўкраінскага дзіцячага шпіталю – «Ахматдыт». Неўзабаве пасля гэтага часткі яшчэ адной ракеты патрапілі ў кіеўскую радзільню «ISIDA».
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пракаментаваў камбінаваную ракетную атаку Расеі наступным чынам.
,, «Расея не можа не ведаць, куды ляцяць яе ракеты, і павінна напоўніцу адказаць за ўсе свае злачынствы: супраць людзей, супраць дзяцей, супраць чалавечнасці ў цэлым. Вельмі важна, каб свет цяпер не маўчаў пра гэта і каб кожны бачыў, што такое Расея, што яна робіць».
Вось толькі ў Міністэрстве абароны Расеі зноў запэўніваюць: у грамадзянскія абʼекты яны нібыта не цэлілі. Толькі ў вайсковыя.
,, «Шматлікія апублікаваныя фота і відэакадры з Кіева адназначна пацвярджаюць факт разбурэнняў з прычыны падзення ўкраінскай ракеты СПА, запушчанай з зенітнага ракетнага комплексу ў межах гораду».
Ваенны расейскі Telegram-канал «война с фейками» напісаў, што мэтай расейскага ўдару нібыта магло быць вагоннае дэпо непадалёк ад шпіталю. А ў шпіталь трапіла нібыта шрапнель ад украінскай ракеты СПА.
Кіраўнік маніторынгавай місіі ААН па правах чалавека ва Украіне Даніэль Бэл заявіла, што ўдар па дзіцячаму шпіталю «Охматдет» у Кіеве, верагодна, быў нанесены прамым трапляннем расейскай ракеты. Дадзенае заключэнне заснаванае на аналізе відэазапісаў і дадзеных, сабраных на месцы здарэння.
Расейскія ўдары па Украіне 8 ліпеня асудзілі мноства лідараў заходніх краін. Францыя, Нямеччына, Швейцарыя, Польшча прапанавалі ў сябе прыняць дзяцей са шпіталю «Ахматдыт», якім цяпер няма дзе працягваць лячэнне.
Таксама ў праграме «Лукавыя навіны»:
belsat.eu / Авер