Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Аліса Ганчар / Белсат)
podpis źródła zdjęcia
Дзеля ўласнай выгады ўлады здольныя спыніць канвеер рэпрэсіяў.
Сёння, у гадавіну смерці ў зняволенні ў беларускай турме мастака Алеся Пушкіна, тэма палітвязняў загучала яшчэ больш выразна. Алесь быў не проста мастаком, ён быў сімвалам і заснавальнікам беларускага палітычнага перформансу. Перавернутая тачка з гноем на ганку Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі дагэтуль для тысяч беларусаў застаецца сімвалам улады, што змагла пратрымацца да сённяшняга дня.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Аліса Ганчар / Белсат)
Палітвязні сталіся неад’емнай часткай гэтай улады. І сам мастак не пазбег гэтай долі. Але за сваю смеласць у засценках, куды ніхто не мог прыйсці яму на дапамогу, Алесю давялося заплаціць самую высокую цану. Аплаквалі яго многія. Гэтага выдатнага чалавека асабіста ведалі сотні людзей. Кожны з іх мог расказаць сваю асабістую гісторыю знаёмства і стасункаў з такім светлым чалавекам. Аб такой памяці можна толькі марыць. Але лепш бы гэта здарылася праз дзясяткі гадоў, як і належыць у выпадку натуральнай смерці.
,,
Помста. Мабыць, сёння гэта галоўны матыў усіх рэпрэсіяў.
Расправы ідуць штодзень. Публікуюцца ўсё новыя і новыя прозвішчы. Канвеер працуе на ўсю моц і выглядае, што спыняць яго ўлады не збіраюцца. Прасіць дыктатара выпусціць палітвязняў – гэта ўсё роўна, што прасіць у злодзея аддаць накрадзенае. Не для таго ён краў, каб вярнуць.
Колькі дыскусіяў прайшло за гэты час у дэмакратычных колах у пытанні вызвалення палітвязняў! Колькі папрокаў то ў бяздзейнасці, то ў няўменні весці дыялог з апанентамі і міжнароднай грамадскасцю выказвалі некаторыя дзеячы. Папракалі і працягваюць папракаць. А толку з таго? Можна папракаць да пасінення каго заўгодна, хоць таго ж Папу Рымскага – гэта нічога не можа змяніць. Доказам гэтага служаць заклікі асобных краінаў і структураў, якія перыядычна і рэгулярна заклікаюць улады Беларусі выпусціць усіх палітвязняў. Можа, ёсць сэнс паглядзець тады ў іншы бок?
Вельмі многія – і беларусы, і ўкраінцы – уважліва сачылі за візітам прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды ў Кітай. Вайна ва Украіне і сітуацыя на беларуска-польскай мяжы.
,,
Усе спадзяваліся, што таварыш Сі скажа сваё важкае слова каму трэба, і тады будзе зразумела: ці ёсць хтосьці сёння сярод моцных на гэтым свеце, хто можа паўплываць на паводзіны перш за ўсё расейскага дыктатара і, як вынік, беларускага.
Надзея зʼявілася, калі на беларуска-польскай мяжы рэзка скарацілася колькасць мігрантаў і знізілася колькасць агрэсіўных нападаў на польскіх памежнікаў. Потым раптам як гром сярод яснага неба прагучалі словы Лукашэнкі аб вызваленні цяжкахворых палітвязняў. Тое, што ніхто з іх не выйдзе паводле абвешчанай амністыі, не сумняваўся ніхто. Усе разумелі, што «палітычныя» пад амністыю не падпадаюць. Але каго ж тады «памілуюць»?
Нясцерпнае чаканне і ўсялякія здагадкі. Самае распаўсюджанае: ці прасіў Дуда паспрыяць вызваленню сябра Саюзу палякаў у Беларусі Анджэя Пачобута? Аналітыкі загаварылі, што, вядома, разам з Пачобутам выпусцяць некалькі палітвязняў, каб не было відавочна, што насамрэч гэта саступка з боку Лукашэнкі ў адносінах да аднаго чалавека. Шмат хто тады гаварыў пра тое, што цалкам верагодна, што Пачобут не будзе пісаць просьбы аб памілаванні і тады яго не выпусцяць.
А хіба ўсе пісалі просьбу аб памілаванні, калі вырашалася пытанне аб прэферэнцыях у гандлі з Еўразвязам у 2007 годзе? Тады на волю выпусцілі адразу трох палітвязняў: Міколу Статкевіча, Паўла Севярынца і Кацярыну Садоўскую. Ім прапанавалі напісаць просьбу аб памілаванні, але яны адмовіліся гэта зрабіць. І што? Далі іншую паперку. Не чысты ліст, а пералік асабістых рэчаў, з якімі ўчарашні вязень выйдзе на волю. Так што і гэтыя пытанні можна развязаць. Але трэба, каб на гэта была палітычная воля.
Дарэчы, тады нават спынілі крымінальныя справы ў дачыненні некаторых актывістаў: Мікіты Краснова, Таццяны Ялавай, Дзяніса Дзянісава, Наталлі Старасцінай, Аляксандры Ясюк і Аляксандра Урыўскага. І «Чарнобыльскі шлях» прайшоў без эксцэсаў.
,,
Усё можна, калі праявіць палітычную волю.
Але і тады яе да канца не хапіла. Не хапіла волі выпусціць лідараў «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча і Артура Фінькевіча, а таксама экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта Аляксандра Казуліна.
Больш за тое, улады арыштавалі грамадскага дзеяча Андрэя Клімава. Калі надзея на захаванне прэферэнцыяў правалілася, то супраць Дашкевіча і Фінькевіча адразу ж пачалі новыя крымінальныя справы. Услед за гэтым пайшла хваля рэпрэсіяў супраць актывістаў самых розных арганізацыяў. Таго ж Паўла Севярынца пад арыштам тады пратрымалі 47 дзён.
,,
Але самае галоўнае – стала зразумела, што дзеля ўласнай выгады ўлады здольныя спыніць канвеер.
Вось і ў нашыя дні, калі палітвязняў для адной маленькай краіны сталася такая неймаверная колькасць, людзі задаюць пытанне: што менавіта можа прымусіць уладу пайсці на спыненне рэпрэсіяў? Таму мы кожны раз, калі ўзнікае нейкая экстраардынарная сітуацыя на мяжы з Беларуссю, запытваем: ці не той гэта выпадак?
Вось і цяпер, калі прайшла інфармацыя пра тое, што грузавыя аўтамабілі не могуць уехаць на тэрыторыю Польшчы, шмат хто пачаў пісаць у сацсетках, што, магчыма, гэта ціск на ўлады з мэтай вызвалення палітвязняў? Але аказалася, што гэта проста больш пільнае правяранне дакументаў паводле новых правілаў у сувязі з новым пакетам санкцыяў. І не больш за тое. Праўда, санкцыі ж і ўзнікаюць не на роўным месцы.
Але сваякі і сябры чакаюць і спадзяюцца на перамовы, і хто б мог падумаць, што ўсе позіркі будуць звернутыя на Далёкі Усход? Таварыш Сі сёння можа паўплываць на сваіх саюзнікаў.
,,
Ці цікавяць аднаго дыктатара палітвязні іншых дыктатараў? Адказ відавочны. А ці цікавяць таварыша Сі гандлёвыя адносіны з Еўропай і бесперашкоднае праходжанне грузаў праз тэрыторыю краіны саюзнага дыктатара? Адказ, здаецца, таксама відавочны.
Значыць, надзея ўсё ж такі ёсць? І ёсць рычагі, хоць пакуль і вельмі слабенькія, якія могуць ссунуць з месца гэтую самую балючую для беларусаў тэму. Таварыш Сі можа шмат у гэтым пытанні. Дастаткова толькі праявіць тую самую праславутую палітычную волю.