Здымак мае ілюстрацыйны характар. Генеральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў Антонью Гутэрыш. Нью-Ёрк, ЗША. 3 жніўня 2022 года. (Фота: Xinhua /Xie E / East News)
podpis źródła zdjęcia
Бясконцая хлусня.
Распавяду вам гісторыю пра тое, як у лукашэнкаўскім Міністэрстве замежных справаў ці то аслеплі, ці то развучыліся чытаць, ці, можа, мовы замежныя пагалоўна забыліся.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Генеральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў Антонью Гутэрыш. Нью-Ёрк, ЗША. 3 жніўня 2022 года. (Фота: Xinhua /Xie E / East News)
Пачалася гісторыя ў Астане, падчас візіту дыктатара на саміт Шанхайскай арганізацыі супрацы, дзе Аляксандр Лукашэнка, сярод іншага, сустрэўся з генеральным сакратаром Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў Антонью Гутэрышам.
Палітыкі паразмаўлялі, і на інтэрнэт-старонцы Лукашэнкі з’явілася інфармацыя пра сустрэчу. Адкрываем, чытаем: «Прасоўваецца ініцыятыва Кіраўніка беларускай дзяржавы аб неабходнасці пачатку шырокага міжнароднага дыялогу для аднаўлення даверу і ўмацавання бяспекі ў духу Сан-Францыска. Беларусь таксама актыўна выступае з трыбуны ААН супраць аднабаковых прымусовых захадаў».
Карацей, пустая цырыманіяльная балбатня ў духу ветлівасці. Ніякай канкрэтыкі.
,,
Але ў дыпламатыі прынята, што кожны з бакоў, калі распавядае пра сустрэчу, звяртае ўвагу на тое, што было важна для яго.
Таму журналісты, у адрозненне ад прапагандыстаў, заўсёды пацікавяцца і тым, што пра сустрэчу раскажа другі бок.
Таму чытаем пра спатканне і на сайце ААН. Па-першае, сустрэча адбылася на запыт Лукашэнкі. То бок не Гутэрыш напрасіўся паразмаўляць, а Лукашэнка звярнуўся з просьбаю пра аўдыенцыю.
Чытаем далей: генеральны сакратар ААН падкрэсліў важнасць спынення вайны ва Украіне на падставе Хартыі ААН, то бок статуту арганізацыі, а таксама на падставе міжнароднага права і павагі да тэрытарыяльнай цэласці дзяржаваў.
Чытаем далей:
,,
«Генеральны сакратар выказаў занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Ён выказаў пажаданне, каб учорашняя амністыя зрабілася крокам да поўнай павагі правоў чалавека і асноўных свабодаў у Беларусі».
Калі параўнаць два паведамленні – на старонцы Лукашэнкі і на сайце Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, – то гэта як быццам бы дзве розныя сустрэчы. Але гэта дапушчальна. Кожны звярнуў увагу на тое, што важна для яго, так бывае. Куды больш цікава тое, што было далей.
Беларускія незалежныя медыі напісалі пра словы Антонью Гутэрыша са спасылкаю на афіцыйную старонку ААН, і тут на прапагандысцкім тэлебачанні вылез новы лукашэнкаўскі міністр замежных справаў Максім Рыжанкоў.
Цікава, што яго самога на сустрэчы хутчэй за ўсё не было – леваруч ад Лукашэнкі першым сядзіць Дзмітрый Мірончык. Рыжанкова няма на фотаздымках з гэтай сустрэчы, а на сайце МЗС, які ён узначальвае, няма згадкі пра ягоны ўдзел у ёй. Тым не меней Рыжанкоў лепш ведае, як усё было, і бярэцца нам усім пра гэта распавесці:
«Падчас сустрэчаў з генеральным сакратаром ААН было абмеркаванае шырокае кола пытанняў. Я ўжо нават бачыў, нехта там напісаў, нібыта [Гутэрыш] нас у нечым папракаў: пра правы чалавека. Насамрэч, практычна ўся сустрэча была прысвечаная дзейнасці ААН у Беларусі і пачатку новага цыклу ўзаемадзеяння. Ніякага спецыяльнага кейсу для Беларусі ў ААН няма, які б сёння даваў Гутэрышу права гаварыць нешта, [выстаўляць] прэтэнзіі».
,,
Смех разбірае, калі глядзіш, як лукашэнкаўскі служака спрабуе адбяліць свайго гаспадара і выдумляе нейкія небыліцы пра сустрэчу, на якой яго і не было.
А можа, ён сапраўды не валодае замежнымі мовамі і не здольны зайсці на старонку ААН ды прачытаць па-англійску, што гэта не нехта там напісаў, а сама прэс-служба генеральнага сакратара Гутэрыша. Але што з іх узяць? Які рэжым, які іхны лідар, такія і чыноўнікі. Бясконцая хлусня.