Беларускія падлеткі зноў уліліся ў лік «Дзяцей Азіі»
25.06.2024, 17:15
Дэлегацыя з Беларусі прыбыла ў Якуцк для ўдзелу ў VIII Гульнях «Дзеці Азіі». 25 чэрвеня 2024 года. (Фота: Министерство спорта и туризма Республики Беларусь / Telegram)
podpis źródła zdjęcia
У Беларусі ўзялі курс на своеасаблівую помсту ўсім цывілізаваным міжнародным спартовым арганізацыям.
Так называюцца спаборніцтвы для юных спартоўцаў, узрост якіх не перавышае 16 год. Гульні ўпершыню адбыліся ў расейскім Якуцку паводле ініцыятывы першага прэзідэнта Рэспублікі Саха Міхаіла Мікалаева, дзеля чаго быў выдадзены адмысловы ўказ. Стартавалі ў гонар 100-годдзя сучаснага алімпійскага руху, а далей праводзілі спаборніцтвы кожныя чатыры гады пад патранатам ЮНЕСКО і Міжнароднага алімпійскага камітэту.
Дэлегацыя з Беларусі прыбыла ў Якуцк для ўдзелу ў VIII Гульнях «Дзеці Азіі». 25 чэрвеня 2024 года. (Фота: Министерство спорта и туризма Республики Беларусь / Telegram)
Выступаюць у іх юныя спартоўцы з краінаў Азіі і іншых, неазіяцкіх рэгіёнаў Расеі. У 2019-м годзе Паўднёва-Сахалінск прыняў дэбютныя зімовыя «Дзеці Азіі», а ў другіх – у 2023-м на Кузбасе – упершыню ўзялі ўдзел беларусы. Летась сяброўства замацавалася. Віктар Лукашэнка (непрызнаны кіраўнік алімпійскага камітэту Беларусі) лятаў у Якуцк, кіраўнік міжнароднага камітэту «Дзеці Азіі» Уладзімір Максімаў наведваў Менск. У леташнім траўні праўленне Гульняў вырашыла задаволіць заяўку Нацыянальнага Алімпійскага камітэту Рэспублікі Беларусь і дапусціць да VІІІ летніх спаборніцтваў школьнікаў з нашай краіны.
Ад Менску да Якуцку, калі ехаць па зямлі – 9 тысяч кіламетраў. Па наўпроставай – 5.5 тысяч. Пералёт займае 10-12 гадзінаў. Беларускія ўлады дзеля такой справы не сквапнічалі. Для ўсёй дэлегацыі, у якую ўвайшлі больш за 150 чалавек (з іх – 144 спартоўцы), замовілі чартар, які сёння паспяхова прызямліўся ў сталіцы Рэспублікі Саха. У Якуцк, скарыстаўшыся момантам, паляцелі і міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Сяргей Кавальчук са сваім намеснікам Аляксандрам Баравулям, і непрызнаны кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі Віктар Лукашэнка.
Віктара Лукашэнку, які прыбыў у Якуцк на VIII Гульні «Дзеці Азіі», сустрэлі ў Міжнародным аэрапорце Якуцка ім. Платона Оюнскага. 25 чэрвеня 2024 года. (Фота: yakutsk2024.org)
Разумеючы ўсё гэта, нельга, тым не меней, не ўзгадаць народную прыказку, якая выкарыстоўваецца крыху ў іншым сэнсе, але і тут ладна пасуе: «З-за дурной галавы нагам спакою няма». Я не медык, але і так зразумела, што падобныя перасоўванні ў прасторы – вялікая нагрузка на арганізм. Тым больш, падлеткавы. А дзецям абцяжарваць свой стан прыйдзецца яшчэ і выступам на спаборніцтвах. Зразумела, што ніхто не абавязвае «кроў з носу», альбо «імем рэвалюцыі» заваёўваць медалі. Плана тут аніякага быць не можа. Як падкрэсліў Віктар Лукашэнка, прымаючы ў мінулым лістападзе якуцкую дэлегацыю на чале з кіраўніком «Дзяцей Азіі» Уладзімірам Максімавым, «у цяперашні няпросты для беларускіх і расейскіх спартоўцаў удзел у праектах, накіраваных на падрыхтоўку спартовага рэзерву, стане выдатнай дапамогаю ў развіцці іх далейшай кар’еры». Напэўна, кіраўніку НАК РБ лепш бачна, якая кар’ера чакае беларускіх дзяцей. Але на маю думку, такія спаборніцтвы наўрад ці дадуць адчувальны штуршок для гэтага. Паводле спадара Максімава, з нашай краінаю яго звязвае тое, што дырэктар ягонай спартовай школы быў родам з Беларусі. Ён таксама адзначыў, што выступленне беларускіх атлетаў стала ўпрыгожаннем на ІІ зімовых Гульнях «Дзеці Азіі» ў Кузбасе. Як па мне, то гэта спрэчна, калі меркаваць з пункту гледжання менавіта спартовага сэнсу. Тады Беларусь з адным залатым медалём і 11-цю ўзнагародамі наагул заняла 9 месца ў камандавым заліку з 13-ці, якія сталіся ўладальнікамі прызавых месцаў. У пераможцаў – камандаў Сібірскай федэральнай акругі і гораду Масква – назбіралася па 15 першых месцаў і, адпаведна, 39 і 35 медалёў. Беларусь абышла Якуцію, Таджыкістан, Узбекістан і Кыргызстан. А саступіла, акрамя раней названых, Татарстану, Башкартастану, Казахстану, Кемераўскай вобласці, Далёкаўсходняй і Уральскай федэральным акругам.
Дэлегацыя з Беларусі прыбыла ў Якуцк для ўдзелу ў VIII Гульнях «Дзеці Азіі». 25 чэрвеня 2024 года. (Фота: Министерство спорта и туризма Республики Беларусь / Telegram)
У Беларусі ўзялі курс не на змену палітыкі краіны, а на своеасаблівую помсту ўсім цывілізаваным міжнародным спартовым арганізацыям, падкрэсліваючы, што і без удзелу ў Алімпіядах, чэмпіянатах свету і Еўропы (у тым ліку і юнацкіх) дадуць рады з належным развіццём спорту дзеля будучыні юных спартоўцаў. Чыноўнікі абвінавачваюць у нядобрасумленнасці Еўропу, але ў сваіх вачах не заўважаюць бервяна. Калі яны яшчэ нічога не зразумелі ў жніўні 2020-га, што свет не будзе жыць па-старому і прымаць Беларусь з ейнаю аўтарытарнаю ўладаю, то мусіў быць нейкі рывок у розуме пасля адмены ў Менску чэмпіянату свету па хакеі ў 2021-м годзе. Тады яшчэ не было вайны і нежаданне ехаць у Менск замежных дэлегацыяў было звязанае выключна з гвалтам, брутальнай і крывавай расправай са сваім народам у жніўні 2020 года рэжымам Лукашэнкі. Нават вожыку зразумела, што пры ўладзе Лукашэнкі Беларусь ніколі не вернецца на інтэлігентную міжнародную арэну. Хаця, чакайце. У календары Міністэрства спорту і турызму на тыдзень ад 24 да 30 чэрвеня акрамя «Дзяцей Азіі» і чэмпіянатаў Расеі значацца юнацкі чэмпіянат Еўропы па грэка-рымскай барацьбе ў сербскім Новім-Садзе, чэмпіянат Еўропы для хлопцаў і дзяўчат па дзюдо ў балгарскай Софіі, этап Кубка свету па скачках на батуце ў швейцарскай Арозе, чэмпіянат свету сярод юніёраў і юніёрак па сучасным пяцібор’і ў егіпецкай Александрыі. Дык нашто яшчэ везці дзяцей за пяць тысяч кіламетраў? Адказ знайшоў у размове з палітолагам і дырэктарам міжнароднага дэпартаменту Беларускага Фонду спартовай салідарнасці Анатолем Котавым. Мы пагадзіліся, што дзецям патрэбна хоць дзесьці і з кімсьці дужацца, але ёсць нюанс: спаборніцтвы ў Расеі, як бы там да нас не ставіліся – першачарговыя.
«Лічу, – зазначае Анатоль Котаў, – што, па вялікім рахунку, для дзяцей любыя спаборніцтвы на карысць. Але адначасова ўсё падобнае пераўтвараецца ў Гульні дзеля таго, каб пацешыць эга беларускіх і расейскіх чыноўнікаў. Перабываючы там, наўрад ці ўдасца пазбегнуць прасякнутасці ідэалогіяй «рускага свету». Трэба мець моцную псіхіку, каб пазбегнуць гэтага і сканцэнтравацца выключна на спорце».
Гульні «Дзеці Азіі» будуць доўжыцца амаль два тыдні: ад сёння да 7 ліпеня. І падстава вярнуцца да іх, упэўнены, яшчэ будзе.