навіны

«Пуцін – гэта цяжкі гістарычны запор». Віктар Шэндэровіч выказаў здагадку, што будзе з Расеяй пасля Пуціна

Belsat
Belsat
podpis źródła zdjęcia

«Калі пранясе, пачнецца іншае жыццё»

Знаны пісьменнік і публіцыст Віктар Шэндэровіч у жывым эфіры студыі «Белсат» выказаў меркаванне, што знікненне Пуціна прывядзе ў Расеі да сур’ёзных зменаў у сістэме.


,,

«Калі не будзе Пуціна, прынамсі палітычна, гэта будзе азначаць, вядома, сур’ёзныя змены ў сістэме. Як яны будуць праходзіць, бог яго ведае. Але, безумоўна, адсутнасць Пуціна развяжа рукі сённяшнім элітам. Аднак ніякага Гавэла ў Расеі не будзе, і ніякі прыстойны чалавек блізка не падыдзе да ўлады ў бліжэйшыя гады», – лічыць публіцыст.


Тым не менш, на думку Віктара Шэндэровіча, у любога, хто апынецца на месцы Уладзіміра Пуціна, з’явіцца магчымасць пачаць размаўляць з Захадам, мяняць рыторыку і гандлявацца, бо Расеі патрэбныя інвестыцыі і тэхналогіі. З чыстага прагматызму.
Уладзімір Пуцін і Эманюэль Макрон на сустрэчы ў Крамлі. 7 лютага 2022 года. Фота мае ілюстрацыйны характар: Kremlin.ru
Уладзімір Пуцін і Эманюэль Макрон на сустрэчы ў Крамлі. 7 лютага 2022 года. Фота мае ілюстрацыйны характар: Kremlin.ru
«А Пуцін, вядома, – гэта такі цяжкі гістарычны запор. Калі ўва ўсіх сэнсах пранясе, то там і пойдзе, вядома, зусім іншае жыццё», – падкрэсліў Шэндэровіч.
Віктар Шэндэровіч упэўнены: калі «ў нейкай перспектыве» ў Расею не прыйдзе свабода і плюралізм, яе палітычная сістэма пойдзе ў разнос.
«Адзіны шанец Расеі застацца ў сваіх межах – гэта свабода і федэралізм. Такі, каб часткам федэрацыі было цікава, выгадна, бяспечна і прыбыткова быць у складзе Расеі.


,,

А калі Расея будзе пад санкцыямі, гэта будзе праклёнам. Трыкалор над Хабараўскам, Новасібірскам, Уралам, Татарстанам – гэта стане праклёнам, які не дасць атрымліваць інвестыцыяў, тэхналогіяў, развівацца і прадаваць», – кажа публіцыст.


На погляд Шэндэровіча, у Расеі няма дзесяцігоддзяў, каб весці зацяжныя войны, нават калі так запланаваў Пуцін. І Пётр I, які стаяў ля вытокаў імперыі, тут не прыклад: існаванне краіны, культуры і цывілізацыі ў выглядзе імперыі ў XVII стагоддзі было нармальнаю з’яваю.
Валнаваха. 13 сакавіка 2022 года. Фота мае ілюстрацыйны характар: Stringer / Белсат
Валнаваха. 13 сакавіка 2022 года. Фота мае ілюстрацыйны характар: Stringer / Белсат
«Але мінула амаль тры стагоддзі, і імперыя як форма існавання дзяржаўнай матэрыі – гэта глыбокі адстой. Няма наперадзе ніякіх дзесяцігоддзяў вайны ў Расеі… Расейская імперыя ў сённяшнім дэградаваным стане – без водаправоду, дарог, грошай – ніякіх перспектываў не мае. Гэта самазнішчэнне. Так, гэта самазнішчэнне будзе суправаджацца і знішчэннем тых, хто, на няшчасце, апынуўся побач на геаграфічнай мапе. Нейкі час менавіта так і будзе. На жаль», – разважае Віктар Шэндэровіч.
Шэндэровіч пракаментаваў інфармацыю пра ўдзел у Пецярбургскім эканамічным форуме прадстаўнікоў руху «Талібан», якія выказалі жаданне купляць у Расеі нафту. Форум сёлета праходзіць пад лозунгам «новых магчымасцяў».


,,

«Не, Расея не будзе ніколі ў ізаляцыі. Будуць талібы, будзе трошкі Індыі ды Кітаю, Турцыі… Мы зробім нейкія дзіркі ў санкцыях. Гэта вось і ёсць «новыя магчымасці». Замест развіцця», – сказаў Віктар Шэндэровіч.


Для публіцыста 9 Траўня і Пецярбургскі эканамічны форум – «адсечкі», па якіх можна кожны год сачыць за развіццём або дэградацыяй Расеі:
«Вось хто быў нашымі гасцямі чвэрць стагоддзя таму на Пецярбургскім форуме? Як ён праходзіў і якія задачы развязваў, якія перспектывы адкрываў? І што цяпер? Талібы і пару людажэраў, так? І галоўны эмэмэмнік, былы чалавек Маўродзі, які цяпер на чале Данбасу, Пушылін. Вось, уласна кажучы, эвалюцыя».
Парад 9 траўня ў Маскве. (Фота: kremlin.ru)
Парад 9 траўня ў Маскве. (Фота: kremlin.ru)
Паводле Шэндэровіча, не могуць быць эканамічныя форумы ў Зімбабвэ, як і немагчыма «абмяркоўваць стаўку падатку пасярод канцлагеру»:


,,

«Бессэнсоўна развіваць эканоміку ў краіне, дзе група сілавікоў можа выбіваць нагамі дзверы ў бюджэт і браць са скарбу колькі трэба. Там, дзе ёсць Сечын, там няма эканомікі. Там, дзе Кадыраў, якога трэба ўтрымліваць і плаціць за лаяльнасць, там не можа быць ніякай эканомікі. Што і пацвердзілася чарговы раз», – падсумаваў Шэндэровіч.


Цалкам размову з расейскім пісьменнікам і публіцыстам Віктарам Шэндэровічам можна паглядзець у праграме «Студыя «Белсат».
ЗК / АВ belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10