Украінцы прагаласавалі за вуліцы імя Кастуся Каліноўскага і Уладзіміра Караткевіча ў Кіеве
21.06.2022, 15:05
Эмблема палка імя Кастуся Каліноўскага на кепцы байца з пазыўным Хобіт. Кіеўская вобласць, Украіна. 7 чэрвеня 2022 года. (Фота: Алесь Усцінаў / Белсат)
podpis źródła zdjęcia
Галасаванне праходзіць у межах праграмы дэрусіфікацыі.
Ва ўкраінскай сталіцы завяршылася онлайн-галасаванне за дэрусіфікацыю вуліцаў. За чатыры дні з 15 да 19 чэрвеня ўкраінцы аддалі 6,5 млн галасоў, паведамляе Кіеўская гарадская рада.
Эмблема палка імя Кастуся Каліноўскага на кепцы байца з пазыўным Хобіт. Кіеўская вобласць, Украіна. 7 чэрвеня 2022 года. (Фота: Алесь Усцінаў / Белсат)
Экспертная камісія склала пералік 296 аб’ектаў, што вымагаюць перайменавання, і прапанавала шэраг новых назваў. У камісіі працавалі спецыялісты-гісторыкі і мовазнаўцы.
Украінцы маглі прагаласаваць за тыя назвы, што ім больш падабаюцца. Галасаваць маглі ўсе грамадзяне, не толькі кіяўляне.
У выніку галасавання ў Кіеве сярод іншага могуць з’явіцца вуліцы, названыя ў гонар беларускага лідара паўстання супраць Расеі 1863–1864 гадоў Кастуся Каліноўскага, полк імя якога цяпер абараняе Украіну, і беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, які пэўны час жыў і вучыўся ў Кіеве.
Вуліца Каліноўскага мае з’явіцца на месцы вуліцаў Астраханскай ці Берасцейскай, а Караткевіча – на месцы вуліцы Дабралюбава.
Усе вынікі будуць перададзеныя ў Кіеўскую раду для далейшага разгляду і экспертызы. Пасля дэпутаты гарадской рады будуць прымаць пастанову аб перайменаванні.