навіны

У Баранавічах пачаўся суд за наезд на міліцыянта ў жніўні 2020 года

Belsat
Belsat
podpis źródła zdjęcia

35-гадоваму Паўлу Лінкевічу пагражае да 10 гадоў турмы

У судзе Баранавіцкага раёну і гораду Баранавічы 6 ліпеня распачаўся разгляд крымінальнай справы супраць 35-гадовага Паўла Лінкевіча, абвінавачанага ў наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання працаўніку міліцыі (ч. 2 арт. 147 Крымінальнага кодэксу РБ), паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Паводле матэрыялаў следства, у жніўні 2020 года Лінкевіч, калі быў у Баранавічах, седзячы за стырном пазадарожніка, здзейсніў наўмысны наезд на працаўніка органаў унутраных справаў, які ахоўваў грамадскі парадак.
Следчыя паведамляюць, што ў пэўны момант увагу міліцыянтаў прыцягнуў пазадарожнік з замежнымі рэгістрацыйнымі знакамі і танаваным шклом. Калі міліцыянты накіраваліся да аўтамабіля, абвінавачаны пачаў рух заднім ходам і наўмысна наехаў на аднаго з іх, пасля чаго ўцёк з месца здарэння. У выніку працаўнік міліцыі атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні, з якімі быў шпіталізаваны.
На відэа з рэгістратара службовага аўтамабіля ДАІ відаць вялікае скапленне працаўнікоў міліцыі ў поўнай экіпіроўцы. Моманту наезду на аднаго з іх не відаць.
Скрыншот з відэарэгістратара аўтамабіля ДАІ. Крыніца: Следчы камітэт РБ
Скрыншот з відэарэгістратара аўтамабіля ДАІ. Крыніца: Следчы камітэт РБ
Павел пасля падзеяў 2020 года абвінавачаны з’ехаў у Польшчу, але вярнуўся сёлета 5 траўня. Яго затрымалі і ўзялі пад варту.
Судовы працэс вядзе суддзя Мікалай Кміта.
Падчас папярэдняга следства Лінкевіч віну не прызнаў. Растлумачыў, што ў яго не было намеру прычыняць цялесныя пашкоджанні міліцыянту, і што гэта атрымалася з неасцярожнасці. Мужчыну пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10