Цяпер бяспеку Сувальскага калідору падтрымліваюць 40 тыс. жаўнераў, чакаецца, што іх будзе 300 тыс
навіны
Прэзідэнты Польшчы і Літвы на Сувальскім калідоры: гэтае месца бяспечнае

podpis źródła zdjęcia
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, а таксама міністры абароны Польшчы і Літвы Мар’юш Блашчак і Арвідас Анушаўскас наведалі мабільны камандны пункт шматнацыянальнай дывізіі «Паўночны ўсход», якая цяпер дыслакуецца ў Шыплішках на Падляшшы, каля польска-літоўскай мяжы. Пра гэта паведамляе PAP.
Кіраўнікі краінаў абмеркавалі пытанні рэгіянальнай бяспекі.
– Батальённыя баявыя групы, якія сёння знаходзяцца тут, у Польшчы і Літве, з’яўляюцца саюзніцкай гарантыяй бяспекі гэтага рэгіёну, якая будзе ўмацоўвацца, – заявіў Анджэй Дуда.
Цяпер бяспеку Сувальскага калідору падтрымліваюць 40 тыс. жаўнераў, чакаецца, што іх будзе 300 тыс. Анджэй Дуда таксама адзначае прысутнасць у Польшчы больш за 11 тыс. амерыканскіх вайскоўцаў і анансаваную пастаянную прысутнасць камандавання 5-га корпуса ЗША ў Познані.
Гітанас Наўседа падкрэсліў канструктыўнасць супрацы Польшчы і Літвы.
– Я думаю, што нашыя ворагі не будуць радыя бачыць, што мы дэманструем поўнае адзінства, – сказаў прэзідэнт Літвы.
Наўседа адзначыў, што ўсе дзеянні абедзвюх краінаў павінныя быць накіраваныя на падтрыманне бяспекі. Таму сустрэча і адбылася ў Сувальскім калідоры, каб «абмеркаваць, як дзейнічаць у выпадку надзвычайнай сітуацыі».
Сувальскі калідор лічыцца адной з патэнцыйных цэляў расейскай арміі, у тым выпадку, калі Крэмль прыме рашэнне аб нападзе на Літву. Сувальскі калідор дазваляе абʼяднаць Калінінградскую вобласць Расеі з Беларуссю. Магчымасць нападу Расеі на Літву актыўна пачалі абмяркоўваць у медыях пасля таго, як Вільня прыпыніла транзіт тавараў праз сваю тэрыторыю ў Калінінградскую вобласць. Аляксандр Лукашэнка назваў гэты крок Вільні «фактычна абʼяўленнем вайны».
belsat.eu