Пазіцыйныя баі па поўдні і ўсходзе. Што адбываецца ва Украіне?
04.01.2024, 20:54
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook)
podpis źródła zdjęcia
Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 4 студзеня.
«Белсат» падводзіць вынікі 680-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 4 студзеня чытайце ў нашым аглядзе.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook)
Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)
На паўночным усходзе Харкаўскай вобласці найбольш актыўным участкам фронту па-ранейшаму застаюцца ваколіцы сяла Сынькоўка.
Аналітыкі праекту Deepstate пішуць, што ў асноўным атакі Узброеных сілаў РФ ідуць з поўначы ад Сынькоўкі з боку суседняга Ліману Першага. Таксама фіксуюцца спробы УС РФ наступаць з ваколіцаў сяла Альшана (на паўночным усходзе ад Сынькоўкі). Такім чынам расейцы імкнуцца стварыць плацдарм для далейшага наступу на раённы цэнтр горад Купянск.
У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што таксама на купянскім кірунку войскі РФ атакавалі каля Петрапаўлаўкі, але поспеху не дасягнулі.
На суседнім ліманскім кірунку войскі РФ атакуюць з усходу ад сяла Церны ў Данецкай вобласці, таксама працягваюцца сустрэчныя баі на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва з поўдня ад Дзібровы.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook)
Прарасейскі тэлеграм-канал «Белорусский силовик» сцвярджае, што акрамя гэтага УС РФ наступалі на захадзе ад сяла Кармазінаўка на Луганшчыне і крыху прасунуліся па фронце.
Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)
На захадзе ад Бахмуту расейскія войскі ціснуць каля Хромава і з поўдня ад сяла Багданаўка. Паводле Deepstate, ЗСУ страцілі частку пазіцыяў.
На поўдні ад раённага цэнтру расейцы наступалі каля Клішчыеўкі і Андрэеўкі. І калі вышыні на паўночным захадзе ад першага сяла ЗСУ ўтрымалі, то каля Андрэеўкі УС РФ крыху палепшылі сваё тактычнае становішча побач з чыгуначнай лініяй.
Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» паведамляе пра заняцце войскамі РФ некалькіх пазіцыяў каля сяла Курдзюмаўка.
Самым актыўным участкам усяго фронту па-ранейшаму застаюцца ваколіцы Данецку, дзе войскі РФ праводзяць маштабную наступальную аперацыю.
У Генштабе ЗСУ пішуць, што на паўночным фланзе аўдзееўскага кірунку цягам содняў сілы абароны краіны адбілі прынамсі 13 атак праціўніка каля населеных пунктаў Новабахмутаўка, Стэпавое і Аўдзееўка, а на паўднёвым – 19 атак у ваколіцах Севернага, Первамайскага і Невельскага.
У Deepstate удакладняюць, што Стэпавое расейцы штурмуюць кожны дзень, але штораз не маюць поспеху. Адначасова з гэтым ідзе ціск на суседнія Бэрдычы, дзе войскі РФ занялі пару пасадак.
Між тым прарасейскі ваенны эксперт Барыс Рожын сцвярджае, што ЗСУ практычна выйшлі са Стэпавога, пакінуўшы ў сяле дзве-тры баявыя пазіцыі.
На мар’інскім кірунку найбольшая гарачымі кропкамі з’яўляюцца ваколіцы Георгіеўкі і Новаміхайлаўкі: па інфармацыі ўкраінскага камандавання, тут ЗСУ адбілі 14 атак праціўніка.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook)
Пры гэтым Барыс Рожын піша, што таксама расейцы атакавалі ў бок Пабеды, у выніку чаго замацаваліся ў лесапасадках каля населенага пункту.
На поўдні Украіны працягваюцца баі на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў у Запарожскай вобласці.
Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што УС РФ крыху прасунуліся з боку сяла Навапрокапаўка. Акрамя гэтага адзначаюцца сустрэчныя баі з захаду ад Работына, каля Вэрбовага і Навафёдараўкі.
Тактычныя поспехі войскаў РФ на гэтым участку фронту фіксуе і тэлеграм-канал «Два майора».
На херсонскім кірунку працягваюцца баі на левабярэжжы Дняпра ў ваколіцах сяла Крынкі: украінскае камандаванне заявіла пра дзевяць няўдалых штурмавых дзеянняў з боку праціўніка.
Аналітыкі Deepstate пішуць, што пакуль ЗСУ ўдаецца ўтрымліваць пазіцыі і паляпшаць тактычнае становішча. Між тым расейцы засяродзіліся на ўдарах па плавальных сродках украінцаў, пры дапамозе якіх ажыццяўляецца ратацыя асабовага складу.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.