Медыі даведаліся пра смерць 96-гадовай украінкі, вывезенай расейцамі ў Беларусь на пачатку вайны
04.01.2024, 18:12
Ратаўнікі разбіраюць завалы пасля баёў у паселішчы Барадзянка, Кіеўская вобласць, Украіна. 7 красавіка 2022 года. (Фота: Белсат)
podpis źródła zdjęcia
Жанчыну пахавалі ў Ветцы на Гомельшчыне.
У Беларусі ў 2022 годзе памерла жанчына, якую расейскія вайскоўцы прывезлі з Украіны на пачатку вайны. Яе пахавалі ў Гомельскай вобласці. На Радзіме ў жанчыны застаўся толькі ўнук, паведамляе радыё «Свабода».
Ратаўнікі разбіраюць завалы пасля баёў у паселішчы Барадзянка, Кіеўская вобласць, Украіна. 7 красавіка 2022 года. (Фота: Белсат)
Паводле неафіцыйных звестак, 96-гадовую жанчыну прымусова вывезлі ў Беларусь з Барадзянкі ў Бучанскім раёне пад Кіевам. Гэта здарылася ў сакавіку 2022 года.
Жанчыну прывезлі ў дом-інтэрнат для старых у Ветцы на Гомельшчыне. Там праз тры месяцы яна памерла. Прычынаю сталася сардэчная недастатковасць.
Грамадзянку Украіны пахавалі на могілках у Ветцы. На Радзіме ў яе застаўся толькі ўнук.
Летась у снежні пагалоску атрымала гісторыя 15-гадовай Арыны Яцюк, якую параненай вывезлі з Кіеўскай вобласці ў Беларусь таксама ў сакавіку 2022 года. Дзяўчына памерла. Беларускія ўлады амаль год хавалі ад сваякоў інфармацыю, што цела трымаюць у мазырскім моргу.