навіны

Праваабаронцы: за праяву антываеннай пазіцыі ў Беларусі затрымалі 1645 асобаў

Акцыя супраць вайны ва Украіне. Вільня, Літва. 27 лютага 2022 года. (Фота: КК / Белсат)
Акцыя супраць вайны ва Украіне. Вільня, Літва. 27 лютага 2022 года. (Фота: КК / Белсат)
podpis źródła zdjęcia

82 з іх асуджаныя паводле крымінальных справаў на тэрмін ад 1 да 23 гадоў.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» падлічыў, што ў Беларусі за праяву антываеннай пазіцыі затрымалі 1645 асобаў. 82 з іх асуджаныя паводле крымінальных справаў на тэрмін ад 1 да 23 гадоў.
Акцыя супраць вайны ва Украіне. Вільня, Літва. 27 лютага 2022 года. (Фота: КК / Белсат)
Акцыя супраць вайны ва Украіне. Вільня, Літва. 27 лютага 2022 года. (Фота: КК / Белсат)
Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі беларусы актыўна праяўлялі антываенную пазіцыю, адзначаюць праваабаронцы. Людзі ладзілі маршы і пікеты, псавалі чыгуначнае абсталяванне, каб запаволіць рух расейскай тэхнікі, быў выпадак падрыву расейскага самалёта-лакатара, беларусы таксама дапамагаюць у інфармацыйным супрацьстаянні, ваююць на баку Украіны.
Толькі за першыя паўтара месяца вайны за антываенныя акцыі ў Беларусі затрымалі больш за 1500 чалавек.
13 асобаў асуджаныя за дыверсіі на чыгунцы агулам на 199,5 года няволі. За перадаванне фота і відэа расейскай вайсковай тэхнікі ў медыі асуджаныя не меней за 35 асобаў, за намер ваяваць на баку Украіны тэрміны атрымалі 14 чалавек. Не меней за 40 асобаў зазналі пераслед за публічнае асуджэнне расейскай агрэсіі, ахвяраванні беларускім добраахвотнікам і падтрыманне Украіны.
Агулам за праяву антываеннай пазіцыі затрымлівалі не меней за 1645 беларусаў і беларусак. З іх 82 асуджаныя паводле крымінальных справаў на тэрмін ад 1 да 23 гадоў.
У Беларусі дасюль пераследуюць за адкрытае падтрыманне Украіны. Арышты даюць за публічныя лозунгі «Слава Украіне», за ўкраінскі сцяг на аватарцы ў сацсетках і нават за спяванне ўкраінскіх песень у караоке. Віншаванне Украіны з Днём незалежнасці ў TikTok, выкананне ўкраінскага гімну або надпіс «Не вайне» суд у Беларусі лічыць «несанкцыянаваным пікетаваннем».
Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10