Супярэчлівыя звесткі з франтоў. Што адбываецца ва Украіне?
05.01.2024, 20:38
Belsat
podpis źródła zdjęcia
Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 5 студзеня.
«Белсат» падводзіць вынікі 681-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 5 студзеня чытайце ў нашым аглядзе.
Вайна ва Украіне (Фота: прэс-служба 95-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады / Media Center Ukraine)
Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)
На паўночным усходзе Харкаўскай вобласці працягваюцца баі ў ваколіцах сяла Сынькоўка ў Купянскім раёне.
Расейскі ваенкор Сямён Пегаў сцвярджае, што Узброеныя сілы РФ вымусілі праціўніка пакінуць пазіцыі ў паўночнай і цэнтральнай частках населенага пункту, пасля чаго гэтая тэрыторыя апынулася ў так званай шэрай зоне. Між тым іншыя крыніцы пакуль не пацвярджаюць гэтую інфармацыю.
У сваю чаргу ў Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны заявілі пра адбіццё атак праціўніка каля Сынькоўкі. Адзначаецца, што таксама расейцы наступалі каля Петрапаўлаўкі, але поспеху не дасягнулі.
На суседнім ліманскім кірунку расейскія войскі наступаюць у ваколіцах населеных пунктаў Церны і Ямпалаўка на поўначы Данецкай вобласці, імкнучыся ліквідаваць плацдарм ЗСУ на правым беразе ракі Жарабец.
Тэлеграм-канал «Рыбарь» фіксуе прасоўванні УС РФ на гэтым участку фронту. Удакладняецца, што цяпер лінія фронту праходзіць прыкладна за тры кіламетры ад абодвух сёлаў. Пры гэтым адзначаецца, што ўкраінцы актыўна абараняюцца, наносячы ўдары па перадавых атрадах праціўніка.
Акрамя гэтага ёсць паведамленні аб прасоўваннях расейцаў на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва ў Луганскай вобласці, але гэтая інфармацыя пакуль не была пацверджаная.
Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)
На бахмуцкім кірунку Узброеныя Сілы РФ валодаюць ініцыятывай і наступаюць на захадзе і поўдні ад аднайменнага раённага цэнтру.
Аналітыкі праекту Deepstate адзначаюць частковы поспех расейцаў каля Хромава (населены пункт знаходзіцца каля заходняй мяжы Бахмуту).
Украінскія байцы, якія трымаюць абарону на гэтым участку фронту пішуць пра вялізныя сілы праціўніка. Таксама адзначаецца, што асобныя пазіцыі былі пакінутыя праз недахоп боекамплекту.
Сямён Пегаў гаворыць, што войскі РФ паступова прасоўваюцца каля Багданаўкі (на захадзе ад Бахмуту). Каля Іванаўскага (паўднёвы захад) яны атакуюць, але поспеху не маюць. На поўдні ад райцэнтра ідуць сустрэчныя баі за вышыні побач з сялом Клішчыеўка – тут таксама без зменаў.
Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)
Найбольшая актыўнасць расейскіх вайскоўцаў па-ранейшаму фіксуецца ў ваколіцах Данецку. У Генштабе ЗСУ паведамляюць, што на паўночным фланзе аўдзееўскага кірунку цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі 16 атак праціўніка каля населеных пунктаў Новабахмутаўка, Стэпавое і Аўдзееўка, а на паўднёвым фланзе – 16 атак у ваколіцах Первамайскага і Невельскага.
Між тым у Deepstate пішуць, што УС РФ усё ж дасягнулі частковага поспеху на поўначы Аўдзееўкі. У гэты ж час самыя ЗСУ адкінулі праціўніка з Первамайскага.
На суседнім мар’інскім кірунку зменаў па лініі фронту не зафіксавана: тут сілы абароны Украіны адбілі прынамсі сем атак праціўніка каля Мар’інкі і Новаміхайлаўкі.
Бярдзянскі і мелітопальскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай вобласці)
На поўдні Украіны асноўныя баявыя дзеянні засяроджаныя на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў у Запарожскай вобласці.
Украінскі бок піша пра восем няўдалых атак праціўніка каля сяла Работына і з паўночнага захаду ад Вэрбовага.
Пегаў гаворыць, што баі маюць сустрэчны характар: расейцы крыху прасунуліся з боку Навапрокапаўкі, ЗСУ – каля Вэрбовага. Але ёсць верагоднасць, што гаворка ідзе пра ранейшыя падзеі.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.