Прасоўванні расейцаў і паспяховыя контратакі ЗСУ. Што адбываецца ва Украіне?
08.01.2024, 21:39
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сваякі ваеннапалонных украінскіх вайскоўцаў, у прыватнасці палонных падчас блакады Марыупалю, патрабуюць іх вызвалення падчас мітынгу ў Кіеве, Украіна. 7 студзеня 2024 года. (Фота: Genya Savilov / AFP / East News)
podpis źródła zdjęcia
Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 8 студзеня.
«Белсат» падводзіць вынікі 684-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 8 студзеня чытайце ў нашым аглядзе.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сваякі ваеннапалонных украінскіх вайскоўцаў, у прыватнасці палонных падчас блакады Марыупалю, патрабуюць іх вызвалення падчас мітынгу ў Кіеве, Украіна. 7 студзеня 2024 года. (Фота: Genya Savilov / AFP / East News)
На паўночным усходзе Украіны цягам содняў ішлі сустрэчныя баі каля сёлаў Сынькоўка і Іванаўка ў Харкаўскай вобласці і Цернаў у Данецкай. Генеральны Штаб Збройных сілаў Украіны паведаміў пра шэсць няўдалых атак праціўніка на гэтых участках фронту, у Міністэрстве абароны РФ заявілі пра 9 адбітых атак украінцаў.
Праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Балу», піша, што сітуацыя ў Сынькоўцы стабільная, і ЗСУ працягваюць утрымліваць населены пункт, што зняпраўджвае ранейшыя заявы асобных прарасейскіх крыніцаў пра выхад украінцаў з часткі сяла.
Каля Іванаўкі і Цернаў зменаў лініі фронту таксама не зафіксавана.
Паводле ўкраінскага камандавання, у ваколіцах Бахмуту ЗСУ адбілі тры атакі праціўніка каля сёлаў Клішчыеўка і Андрэеўка.
Між тым прарасейскі ваенны эксперт Барыс Рожын сцвярджае, што УС РФ прасунуліся на поўначы ад Клішчыеўкі.
Тэлеграм-канал «Два майора» піша пра замацаванне расейцаў у паўночнай частцы сяла Багданаўка (на захадзе ад раённага цэнтру). Акрамя гэтага крыніца фіксуе цяжкія баі каля Хромава.
У чарговы раз найбольшая інтэнсіўнасць расейскіх атак фіксуецца на аўдзееўскім кірунку. У Генштабе ЗСУ паведамілі, што цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі 21 атаку праціўніка каля населеных пунктаў Новабахмутаўка, Аўдзееўка, Первамайскае і Невельскае.
Канал «Два майора» удакладняе, што самую Аўдзееўку расейцы штурмуюць з усходу ад мясцовага коксахімічнага заводу на тэрыторыі садовых таварыстваў.
Рожын сцвярджае, што тут УС РФ крыху прасунуліся.
Аналітыкі праекту Deepstate паведамляюць, што таксама войскі РФ мелі поспех у Первамайскім.
На суседнім мар’інскім кірунку Узброеныя сілы РФ наступаюць па ўмоўнай лініі Георгіеўка – Пабеда – Новаміхайлаўка.
У 46-й аэрамабільнай брыгадзе ЗСУ пішуць, што расейцы замацаваліся ва ўсходняй частцы Георгіеўкі. Паводле іншых крыніцаў, прасоўванні склалі каля 300 метраў.
У ваколіцах Пабеды лінія фронту застаецца нязменнай, у гэты ж час на поўдні ад Новаміхайлаўкі Збройныя сілы Украіны адкінулі праціўніка. Пры гэтым сам населены пункт працягвае знішчацца расейскай авіяцыяй і артылерыяй.
У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці працягваюцца баі на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў.
Украінскі бок паведамляе пра адбіццё атакі праціўніка з захаду ад сяла Вэрбовае.
Тэлеграм-канал «Два майора» піша пра няўдалую контратаку ЗСУ на гэтым жа ўчастку, а таксама пра заняцце расейцамі некалькіх апорных пунктаў каля Работына.
У Херсонскай вобласці баі засяроджаныя на левабярэжжы Дняпра, дзе Збройныя сілы Украіны ўтрымліваюць некалькі плацдармаў.
Генштаб ЗСУ заяўляе пра тры няўдалыя спробы штурму сваіх пазіцыяў за содні.
Іншыя крыніцы ўдакладняюць, што баі лакалізуюцца ў ваколіцах сяла Крынкі: тут ЗСУ валодаюць перавагай у БпЛА, што дазваляе ім карэктаваць агонь артылерыі, пры гэтым расейцы засяродзіліся на знішчэнні плавальных сродкаў праціўніка з асабовым складам.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Акрамя гэтага, у ноч на 8 студзеня расейскі бок нанёс чарговы масіраваны ракетны ўдар па аб’ектах крытычнай, цывільнай, прамысловай і ваеннай інфраструктуры Украіны.
Як і ў папярэднія разы, напачатку УС РФ задзейнічалі БпЛА «Shahed-136/131», каб выявіць пазіцыі супрацьпаветранай абароны. Ужо пасля гэтага расейцы запусцілі ў бок Украіны 51 ракету розных тыпаў, толькі 18 з якіх удалося збіць сіламі ўкраінскай СПА.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.