навіны

Мафія ў Эквадоры падняла мяцеж. На вуліцах і ў турмах – закалоты, у сталіцу сцягваюцца танкі

Эквадорскія салдаты патрулююць тэрыторыю ля тэлеканалу TC у Гуаякілі пасля таго, як невядомыя ўзброеныя людзі ўварваліся ў дзяржаўную тэлестудыю ў прамым эфіры 9 студзеня 2024 года. Гуаякіль, Эквадор. (Фота: Marcos Pin / AFP / East News)

podpis źródła zdjęcia

Прэзідэнт Даньель Набоа абвясціў у краіне «ўнутраны ўзброены канфлікт».

Эквадорская мафія ў адказ на абвешчанае прэзідэнтам надзвычайнае становішча ўчыніла закалоты і сутыкненні па ўсёй краіне. Бандыты з наркакартэляў захапілі тэлеканал у жывым эфіры, узялі ў закладнікі некалькіх паліцыянтаў і ўчынілі беспарадкі ў некалькіх турмах, паведамляе Бі-Бі-Сі.
Эквадорскія салдаты патрулююць тэрыторыю ля тэлеканалу TC у Гуаякілі пасля таго, як невядомыя ўзброеныя людзі ўварваліся ў дзяржаўную тэлестудыю ў прамым эфіры 9 студзеня 2024 года. Гуаякіль, Эквадор. (Фота: Marcos Pin / AFP / East News)
Эквадорскія салдаты патрулююць тэрыторыю ля тэлеканалу TC у Гуаякілі пасля таго, як невядомыя ўзброеныя людзі ўварваліся ў дзяржаўную тэлестудыю ў прамым эфіры 9 студзеня 2024 года. Гуаякіль, Эквадор. (Фота: Marcos Pin / AFP / East News)
Новы прэзідэнт краіны Даньель Набоа адказаў тым, што ў аўторак, 9 студзеня, абвесціў 22 мафіёзныя групоўкі тэрарыстычнымі арганізацыямі і заявіў, што краіна цяпер у стане ўнутранага ўзброенага канфлікту.
Дзень раней, пасля знікнення з турмы завадатара адной з мафіёзных груповак, прэзідэнт Набоа абвясціў у краіне надзвычайнае становішча. Такі рэжым прадугледжвае ў прыватнасці пашыраныя паўнамоцтвы для паліцыі ды вайскоўцаў, каменданцкую гадзіну і забарону на публічныя сходы.
Карыстальнікі сацыяльных сетак з Эквадору сталі публікаваць відэа і фотаздымкі ўзброеных бандытаў на вуліцах, падпаленых аўтамабіляў і нават выбухаў. У сутыкненнях загінулі сама меней 10 чалавек.
Узброеныя асобы ў масках уварваліся ў студыю тэлеканалу TC у партовым горадзе Гуаякіль падчас жывога эфіру. Яны загадалі працаўнікам каналу легчы на падлогу, за кадрам былі чутныя стрэлы і крыкі.
Трансляцыя неўзабаве перарвалася. Пазней узброеныя людзі пакінулі будынак тэлеканалу, а яшчэ праз некаторы час паліцыя заявіла, што ўсе яны арыштаваныя, і апублікавала фота асобаў, якія ляжаць на падлозе са звязанымі рукамі.
Шэф эквадорскай паліцыі Сэсар Сапата сказаў журналістам, што затрыманыя 13 чалавек, і ў іх знайшлі некалькі адзінак агнявой зброі, дзве гранаты і выбухоўку.
Як паведамляе эквадорская і міжнародная прэса, у панядзелак, 8 студзеня, і аўторак, 9 студзеня, у розных месцах краіны, у тым ліку ў сталіцы Кіта, у закладнікі былі ўзятыя як мінімум сямёра работнікаў эквадорскай паліцыі.
Эквадорская паліцыя арыштавала некалькіх узброеных людзей, якія ўварваліся на здымачную пляцоўку грамадскага тэлеканалу ТС. Гуаякіль, Эквадор. 9 студзеня 2024 года. (Фота: Jose Orlando Sanchez Lindao / Anadolu Press / Abaca Press / Eaast News)

У горадзе Куэнка невядомыя кінулі самаробную бомбу ў вайсковы цяжкавік. У правінцыі Эсмэральда, як паведаміла паліцыя, выбуховыя прыстасаванні былі задзеяныя тройчы. Выбухі грымелі і ў некалькіх іншых месцах Эквадору.
У некалькіх гарадах бандыты падпалілі машыны. Пры гэтым у Кіта ў адным падпаленым аўце паліцыянты знайшлі газавыя балоны – імаверна, злачынцы разлічвалі, што тыя ўзарвуцца.
Як паведамляе турэмнае ведамства Эквадору SNAI, закалоты выбухнулі ў турмах шасці з 24 правінцыяў Эквадору, пры гэтым у некаторых выпадках наглядчыкаў узялі ў закладнікі.
Спецназу паліцыі і вайскоўцам давялося душыць бунты ў турмах правінцыяў Эль-Ора, Лёха, Чымбараса, Катапаксі, Асўай і Пічынча.
З адной з турмаў у Андах у аўторак вырваліся 32 зняволеныя, у тым ліку лідар мафіёзнай групоўкі «Los Lobos» Фабрысьё Калён Піка. Яго арыштавалі толькі ў пятніцу па абвінавачанні ў рыхтаванні забойства генеральнага пракурора краіны, 20 уцекачоў хутка злавілі, але астатнія, у тым ліку Піка, застаюцца ва ўцёках.
Прэзідэнт Набоа заявіў, што бунты ў турмах – гэта рэакцыя мафіі на спробы аднавіць кантроль над папраўчымі ўстановамі.
Тым часам урад Перу абʼявіў надзвычайнае становішча на паўночнай мяжы з Эквадорам. Прэмʼер-міністр Альбэрта Атараля растлумачыў, што на мяжу на дапамогу паліцыянтам будуць адпраўленыя вайскоўцы.
2024 год
Дзе бабахне ў 2024 годзе? Глядзім, у якіх краінах магчымыя новыя войны навіны
Перад гэтым міністр унутраных справаў аб’явіў пра адпраўленне на мяжу дадатковых паліцэйскіх падраздзяленняў. Суседзі баяцца, што эквадорцы пабягуць да іх, ратуючыся ад закалотаў і беззаконня.
Хваля бандытызму
Даньель Набоа, які перамог у выбарах прэзідэнта Эквадору ў кастрычніку 2023 года, абяцае збіць хвалю злачыннасці, якая накрыла краіну.
Эквадор доўгі час быў адносна спакойным астраўком, заціснутым паміж двума буйнымі вытворцамі какаіну з адпаведнымі праблемамі, Калумбіяй і Перу. Але за апошнія гады і ў гэтай краіне набралі сілу групоўкі наркамафіі – як свае, гэтак і калумбійскія, перуанскія ды албанскія.
Колькасць забойстваў у Эквадоры ў 2018–2022 гадах падскочыла ў чатыры разы. У 2022-м у 17-мільённай краіне былі забітыя 7800 чалавек. У тым жа годзе паліцыя сканфіскавала рэкордную колькасць наркотыкаў – 220 тонаў.
Асобную праблему сталі ўяўляць крывавыя разборкі ў турмах: з лютага 2021 года былі забітыя больш за 460 вязняў.
Як адзначае брытанская газета «Financial Times», мафія пачала квітнець у Эквадоры пры левым прэзідэнту Рафаэлю Карэа, які кіраваў у 2007–2017 гадах. Пры ім улады глядзелі скрозь пальцы на наркатрафік праз эквадорскія парты на Ціхім акіяне, клапоцячыся ў асноўным пра тое, каб у краіне было меней гвалтоўных злачынстваў.
Але за наркатрафікам рушыў услед і бандытызм, і з ім пераемнікі Карэа справіцца ўжо не здолелі.
Ася Саковіч, belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10