Прасоўванні і сістэмныя праблемы расейцаў. Што адбываецца ва Украіне?
12.01.2024, 20:17
95-я асобная дэсантна-штурмавая брыгада ЗСУ. (Фота: Media Center Ukraine / mediacenter.org.ua)
podpis źródła zdjęcia
Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 12 студзеня.
«Белсат» падводзіць вынікі 688-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 12 студзеня чытайце ў нашым аглядзе.
95-я асобная дэсантна-штурмавая брыгада ЗСУ. (Фота: Media Center Ukraine / mediacenter.org.ua)
На паўночным усходзе Харкаўскай вобласці Узброеныя сілы РФ працягваюць наступаць у ваколіцах сяла Сынькоўка ў Купянскім раёне, але поспеху не маюць.
На сістэмныя праблемы групоўкі войскаў «Запад» УС РФ на гэтым участку фронту звяртае ўвагу прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь». Паводле крыніцы, войскі РФ раз за разам без дастатковай артпадрыхтоўкі і па адных і тых жа маршрутах праводзяць лабавыя атакі пазіцыяў сілаў абароны ў сяле калонамі цяжкай тэхнікі. Улічваючы, што штурмы адбываюцца на адкрытай мясцовасці, ЗСУ ўдарамі артылерыі і БпЛА знішчаюць бранятэхніку, пасля чаго дабіваецца ці адціскаецца назад пяхота.
«Рыбарь» адзначае, што такія штурмы, з улікам геаграфіі сяла і істотнага мініравання ваколіцаў Сынькоўкі, не прынясуць выніку. Замест гэтага прапануецца змясціць асноўны ўдар на паўночна-ўсходні ўчастак лініі фронту на купянскім кірунку ў ваколіцах сёлаў Іванаўка і Тымкоўка. Але камандаванне УС РФ па-ранейшаму кідае асноўныя сілы пад Сынькоўку.
Пры гэтым і самыя ЗСУ ўжо паспелі скарыстацца памылкамі праціўніка: была абсталяваная лінія абароны, а таксама перакінутыя дадатковыя сілы.
Больш перспектыўным для расейцаў выглядае суседні ліманскі кірунак.
Тут, паводле Генштабу ЗСУ, цягам содняў войскі РФ атакавалі каля сёлаў Макееўка і Церны ў Луганскай і Данецкай вобласцях адпаведна. Пакуль сілы абароны Украіны стрымліваюць праціўніка, але нагадаем, што ў канцы снежня 2023 года расейцы дасягнулі істотных поспехаў з усходу ад сяла Цернаў. Галоўная мэта УС РФ на гэтым участку – выціснуць праціўніка за раку Жарабец.
Аналітыкі праекту Deepstate адзначаюць, што адначасова з гэтым Узброеныя сілы РФ аднавілі наступальныя дзеянні з выкарыстаннем бранятэхнікі на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва на Луганшчыне. Зменаў лініі фронту не зафіксавана.
На бахмуцкім кірунку асноўная наступальная актыўнасць Узброеных сілаў РФ разлічаная на выхад да гораду Часаў Яр.
У Deepstate пішуць пра штурмавыя дзеянні расейцаў каля Багданаўкі, Клішчыеўкі і Андрэеўкі.
Тэлеграм-канал «Два майора» дадае інфармацыю пра баі каля Хромава.
У гэты ж час іншая прарасейская крыніца – «Белорусский силовик» – паведамляе аб прасоўванні расейцаў на паўднёвым захадзе ад Бахмуту.
Інфармацыю пацвярджае расейскі вайсковы эксперт Барыс Рожын, які гаворыць пра пачатак баёў на ўскрайках Іванаўскага.
На аўдзееўскім кірунку працягваецца маштабная наступальная аперацыя расейскіх вайскоўцаў, якія імкнуцца атачыць і захапіць аднайменны горад на поўначы ад Данецку.
Паводле ўкраінскага камандавання, толькі за апошнія содні сілы абароны краіны адбілі не менш за 27 атак праціўніка каля населеных пунктаў Новабахмутаўка, Стэпавое, Первамайскае, Невельскае, а таксама ў самой Аўдзееўцы.
Між тым БарысРожын гаворыць, што расейцы зноў крыху прасунуліся каля ачышчальных збудаванняў у прыватным сектары побач з коксахімічным заводам (паўночны ўсход гораду).
Паводле аналітыкаў Deepstate, ціск на гэтым участку дае магчымасць расейцам ахапіць коксахімічны завод з усходу, а таксама стварае плацдарм для развіцця далейшых аперацыяў у горадзе.
Адначасова з гэтым УС РФ працягваюць пры дапамозе бранятэхнікі штурмаваць пазіцыі сілаў абароны ў сяле Стэпавое (на паўночным захадзе ад Аўдзееўкі). Адзначаецца, што чарговая такая спроба скончылася для расейцаў стратай двух танкаў і каля 90% вайскоўцаў.
На фоне такой актыўнасці праціўніка камандаванне ЗСУ павялічыла колькасць асабовага складу каля коксахімічнага заводу і на паўночным захадзе ад Аўдзееўкі.
На суседнім мар’інскім кірунку, па інфармацыі Генштабу ЗСУ, расейцы 13 разоў атакавалі каля Георгіеўкі, Мар’інкі і Новаміхайлаўкі, але поспеху не дасягнулі.
У Deepstate удакладняюць, што УС РФ ціснуць на паўднёва-ўсходнія ўскрайкі Георгіеўкі, але пакуль не могуць прасунуцца.
Канал «Два майора» піша, што каля Новаміхайлаўкі ЗСУ пастаянна контратакуюць. У выніку такіх дзеянняў за апошні час ім удалося стварыць санітарную «шэрую зону» на поўдні ад населенага пункту.
На поўдні Украіны асноўная актыўнасць абодвух бакоў канфлікту па-ранейшаму лакалізуецца ў ваколіцах гораду Арэхаў у Запарожскай вобласці.
Украінскае камандаванне піша пра адбіццё трох атак праціўніка з захаду ад сяла Вэрбовае.
Расейскія крыніцы адзначаюць і няўдалыя дзеянні ЗСУ на гэтым участку фронту.
Акрамя гэтага ёсць паведамленні пра пераход войскаў РФ у наступ у кірунку сяла Несцерка. Цераз гэты населены пункт праходзіць адна з дарогаў на Арэхаў (сяло знаходзіцца на паўднёвым захадзе ад гораду).
У Херсонскай вобласці асноўныя баі ідуць на левым беразе Дняпра каля сяла Крынкі.
Аналітыкі Deepstate паведамляюць, што расейцы штурмуюць сяло пры дапамозе цяжкай тэхнікі, але пакуль ЗСУ ўдаецца стрымліваць праціўніка і наносіць яму істотныя страты.
Разам з тым расейцы паспяхова знішчаюць плавальныя сродкі праціўніка, з дапамогаю якіх украінцы перакідаюць на левабярэжжа рэзервы і прыпасы.
Тэлеграм-канал «Два майора» зазначае, што ЗСУ па-ранейшаму маюць перавагу ў БпЛА, што з’яўляецца сур’ёзнай праблемай для расейскіх вайскоўцаў. Таксама ўкраінскі плацдарм у Крынках надзейна прыкрываецца артылерыяй з больш высокага правага берагу.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.