навіны

Расейцы кідаюць вялізныя сілы на захоп так званых ДНР і ЛНР. Што вядома?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія салдаты бяруць удзел у медычных трэніроўках у Данецкай вобласці, Украіна. 14 студзеня 2024 года. (Фота: Ignacio Marin / Anadolu Press / Abaca Press / East News)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія салдаты бяруць удзел у медычных трэніроўках у Данецкай вобласці, Украіна. 14 студзеня 2024 года. (Фота: Ignacio Marin / Anadolu Press / Abaca Press / East News)
podpis źródła zdjęcia

Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 16 студзеня.

«Белсат» падводзіць вынікі 692-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 16 студзеня чытайце ў нашым аглядзе.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія салдаты бяруць удзел у медычных трэніроўках у Данецкай вобласці, Украіна. 14 студзеня 2024 года. (Фота: Ignacio Marin / Anadolu Press / Abaca Press / East News)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія салдаты бяруць удзел у медычных трэніроўках у Данецкай вобласці, Украіна. 14 студзеня 2024 года. (Фота: Ignacio Marin / Anadolu Press / Abaca Press / East News)
На купянскім кірунку цягам апошніх содняў баявыя дзеянні былі лакалізаваныя каля сяла Сынькоўка ў Харкаўскай вобласці: тут працягваюцца сустрэчныя баі, прычым гэтым разам большай актыўнасцю валодалі Збройныя сілы Украіны, якія на дзве атакі праціўніка адказалі шасцю. Між тым ніводны з бакоў не фіксуе зменаў па лініі сутыкнення.
Больш актыўныя баявыя дзеянні ідуць на суседнім ліманскім кірунку, дзе ініцыятывай валодаюць Узброеныя сілы РФ.
Паводле ўкраінскага камандавання, за апошнія содні сілы абароны краіны адбілі 13 атак каля населеных пунктаў Церны, Ямпалаўка і Торскае, а таксама яшчэ 19 – у ваколіцах Белагораўкі, Грыгораўкі, Верхнякаменскага і на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва.
У Міністэрстве абароны РФ пішуць, што каля Дзібровы (каля Серабранскага лясніцтва) і Ямпалаўкі контратакавалі ЗСУ.
Разам з тым прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» паведамляе аб прасоўванні войскаў РФ у ваколіцах сяла Макееўка ў Луганскай вобласці на ўчастку шырынёй да 2,2 кіламетраў і на глыбіню да 1,7.
Інфармацыю пацвярджае і расейскі ваенкор Сямён Пегаў, які ўдакладняе, што прасоўванні адбыліся з боку суседняга сяла Плашчанка (на ўсходзе ад Макееўкі).
На бахмуцкім кірунку расейскія вайскоўцы працягваюць наступаць на захадзе і поўдні ад раённага цэнтру, імкнучыся выйсці да суседняга гораду Часаў Яр.
Генштаб ЗСУ піша пра сем безвыніковых атак праціўніка каля населеных пунктаў Іванаўскае, Клішчыеўка і Андрэеўка.
Самыя байцы ЗСУ ў сваіх тэлеграм-каналах «Бахмутський Балу» і «Бахмутський Демон» гавораць пра цяжкую, але не крытычную сітуацыю па ўсім кірунку: на асобных участках расейцам удалося павялічыць так званую шэрую зону, але агулам пазіцыі ўтрымліваюцца, хоць расейцы і маюць істотную перавагу ў жывой сіле.
Між тым прарасейскі тэлеграм-канал «Белорусский силовик» заяўляе пра невялікае прасоўванне УС РФ у цэнтральнай частцы сяла Багданаўка.
Пры гэтым зноў найбольшая наступальная актыўнасць расейскіх вайскоўцаў фіксуецца ў ваколіцах Данецку.
Па інфармацыі ўкраінскага камандавання, на аўдзееўскім кірунку за апошнія содні сілы абароны краіны адбілі 18 атак праціўніка каля населеных пунктаў Новабахмутаўка, Стэпавое, Аўдзееўка і 16 – у ваколіцах Севернага, Первамайскага і Невельскага (паўночны і паўднёвы флангі адпаведна).
Аналітыкі праекту Deepstate удакладняюць, што на Стэпавое расейцы ў чарговы раз наступалі калонай цяжкай тэхнікі – не менш за 10 адзінак, – але зноў былі разбітыя і адступілі на ранейшыя пазіцыі.
Канал «Два майора» піша, што расейцы праводзілі выведку боем у Невельскім. Паводле крыніцы, атакуючы на гэтым участку, УС РФ плануюць у перспектыве атачыць суседняе сяло Первамайскае.
На мар’інскім кірунку Узброеныя сілы РФ наступаюць каля Краснагораўкі, Георгіеўкі, Пабеды і Новаміхайлаўкі. Украінскі бок паведамляе пра 12 адбітых атак праціўніка на гэтых участках фронту.
Пры гэтым найбольш складанай для ЗСУ з’яўляецца сітуацыя каля Новаміхайлаўкі: украінскія вайскоўцы гавораць, што войскі РФ перанеслі асноўныя намаганні значна паўднёвей ад сяла і цяпер спрабуюць шырокім фронтам атакаваць у шэрай зоне на поўдзень і паўднёвы захад у бок населеных пунктаў Салодкае і Вадзяное адпаведна.
«Белорусский силовик» сцвярджае, што на невялікім участку з поўдня ад Новаміхайлаўкі УС РФ прасунуліся.
Расейскі ваенны эксперт Барыс Рожын піша, што на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў Узброеныя сілы РФ атакавалі з поўначы ад сёлаў Керменчык і Старамлынаўка і занялі шэраг пазіцыяў ЗСУ ў лесапасадках.
Таксама фіксуюцца баі за галоўную вышыню побач з сялом Ураджайнае.
У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці баявыя дзеянні ідуць на поўдні ад гораду Арэхаў. Генштаб ЗСУ піша пра тры няўдалыя атакі расейцаў каля населеных пунктаў Вэрбовае і Работына.
Тэлеграм-канал «Два майора» мяркуе, што баі маюць сустрэчны характар. Зменаў па лініі фронту не зафіксавана.
На херсонскім кірунку баявыя дзеянні лакалізаваныя на левым беразе Дняпра, дзе ЗСУ ўтрымліваюць некалькі невялікіх плацдармаў.
Сямён Пегаў гаворыць пра сустрэчныя баі каля населеных пунктаў Пішчанаўка і Крынкі.
Таксама праціўнікі абменьваюцца ўдарамі артылерыі і БпЛА. Акрамя гэтага расейцы намагаюцца біць авіяцыяй па тылавых раёнах ЗСУ на правабярэжжы.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10