Расейцы заявілі пра захоп сяла Вясёлае на Данбасе. Што вядома?
18.01.2024, 20:39
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі ідуць па пешаходным мосце ў Кіеве, Украіна. 17 студзеня 2024 года. (Фота: Sergei Chuzavkov / Zuma Press / Forum)
podpis źródła zdjęcia
Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 18 студзеня.
«Белсат» падводзіць вынікі 694-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 18 студзеня чытайце ў нашым аглядзе.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі ідуць па пешаходным мосце ў Кіеве, Украіна. 17 студзеня 2024 года. (Фота: Sergei Chuzavkov / Zuma Press / Forum)
На паўночным усходзе Харкаўскай вобласці ўзнавіліся сустрэчныя баі за сяло Сынькоўка ў Купянскім раёне, пра што паведамілі ў Генштабе ЗСУ і Мінабароны РФ. Але пры гэтым лінія сутыкнення засталася нязменнай.
Больш інтэнсіўныя баявыя дзеянні ідуць на суседнім ліманскім кірунку, дзе ініцыятывай валодаюць Узброеныя сілы РФ.
Ва ўкраінскім камандаванні гавораць пра 13 адбітых атак праціўніка каля сёлаў Церны, Ямпалаўка на поўначы Данецкай вобласці, а таксама пяці – у ваколіцах Макееўкі і Белагораўкі на Луганшчыне.
Між тым у Міністэрстве абароны РФ заявілі пра захоп сяла Вясёлае на Данеччыне (на паўночным усходзе ад Салядару). Украінскі бок пакуль не пракаментаваў гэтую інфармацыю.
Аналітыкі праекту Deepstate пішуць пра частковы поспех войскаў РФ каля Белагораўкі.
Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» удакладняе, што УС РФ намагаюцца абысці населены пункт з флангаў, паколькі ранейшыя лабавыя атакі Белагораўкі аказаліся безвыніковымі.
Самыя Збройныя сілы Украіны на ліманскім кірунку контратакавалі каля Цернаў, Дзібровы і Ямпалаўкі, але поспеху не дасягнулі.
Дамінуюць войскі РФ і ў ваколіцах Бахмуту, але пры гэтым дасягнуць нейкіх заўважных поспехаў ім пакуль не ўдаецца.
У Генштабе ЗСУ пішуць пра восем няўдалых атак праціўніка каля населеных пунктаў Грыгораўка, Іванаўскае, Клішчыеўка і Андрэеўка (на захадзе і поўдні ад раённага цэнтру).
Расейскі ваенкор Сямён Пегаў дадае інфармацыю пра баі ў сяле Багданаўка. Таксама ўдакладняецца, што каля Клішчыеўкі расейцы штурмуюць вышыні з паўночнага захаду ад сяла.
Разам з тым найбольшая інтэнсіўнасць атак УС РФ па-ранейшаму фіксуецца ў ваколіцах Данецку. Па інфармацыі ўкраінскага камандавання, цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі не менш за 37 штурмаў праціўніка: 27 на аўдзееўскім кірунку каля населеных пунктаў Новабахмутаўка, Новакалінавае, Аўдзееўка, Севернае, Первамайскае, Невельскае і 10 на мар’інскім кірунку ў ваколіцах Краснагораўкі, Георгіеўкі, Мар’інкі і Новаміхайлаўкі.
Прарасейскія крыніцы таксама адзначаюць цяжкія баі вакол Данецку, але зменаў лініі фронту не фіксуецца.
На поўдні Данецкай вобласці войскі РФ атакавалі з поўначы ад сяла Новаданецкае, але сілы абароны Украіны ўтрымалі свае пазіцыі.
У Запарожскай вобласці ідуць сустрэчныя баі на выступе па лініі фронту з поўдня ад гораду Арэхаў каля сёлаў Вэрбовае, Навапрокапаўка і Работына.
Акрамя гэтага асобныя крыніцы пішуць пра заняцце войскамі РФ некалькіх апорных пунктаў ЗСУ каля сяла Пяціхаткі ў Васілеўскім раёне.
У Херсонскай вобласці найбольш актыўным участкам фронту застаюцца ваколіцы сяла Крынкі на левым беразе Дняпра, дзе ЗСУ ўтрымліваюць невялікі плацдарм. Тэлеграм-канал «Два майора» піша, што УС РФ у выніку цяжкіх баёў прасунуліся ў населеным пункце і ўсталявалі расейскі сцяг на адным з будынкаў.
Між тым канал «Позывной OSETIN» паведамляе, што ўсталяванне сцягу – гэта медыйны ход, разлічаны на прыцягненне ўвагі, пры гэтым істотных зменаў на ўчастку не адбылося.
Іншая прарасейская крыніца – «Рыбарь» – звяртае ўвагу на тое, што рэальных пацверджанняў прасоўванняў войскаў РФ пакуль няма.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.