навіны

Расейцы захапілі Крухмальнае на Харкаўшчыне. Чым гэта пагражае ЗСУ?

Ілюстрацыйны здымак. Украінскія вайскоўцы. (Фота: Генеральний штаб ЗСУ/FB)
Ілюстрацыйны здымак. Украінскія вайскоўцы. (Фота: Генеральний штаб ЗСУ/FB)
podpis źródła zdjęcia

Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 21 студзеня.

«Белсат» падводзіць вынікі 697-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 21 студзеня чытайце ў нашым аглядзе.
Ілюстрацыйны здымак. Украінскія вайскоўцы. (Фота: Генеральний штаб ЗСУ/FB)
Ілюстрацыйны здымак. Украінскія вайскоўцы. (Фота: Генеральний штаб ЗСУ/FB)
Увечары 20 студзеня прарасейскія крыніцы пачалі паведамляць пра захоп Узброенымі сіламі РФ сяла Крухмальнае ў Харкаўскай вобласці. Ужо 21 чысла пра гэта заявілі і ў Міністэрстве абароны РФ, пасля чаго інфармацыю пацвердзілі і ва ўкраінскім камандаванні, назваўшы адыход сілаў абароны неабходнай мерай, здзейсненай дзеля захавання асабовага складу.
Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» сцвярджае, што таксама войскі РФ прарвалі абарону ЗСУ на паўднёвым захадзе ад населенага пункту і наблізіліся да суседняга сяла Бераставое. Таксама існуе верагоднасць таго, што расейцы цалкам занялі ўчастак дарогі Н-26 да Навасёлаўскага, якое часткова знаходзіцца пад іхным кантролем.
Між тым сёлы Крухмальнае і Бераставое знаходзяцца ў нізіне адносна наваколля, а каля Навасёлаўскага знаходзіцца вышыня 167,5 метра, што ўскладняе далейшы наступ Узброеных сілаў РФ на гэтым участку фронту. У такой сітуацыі больш лагічным выглядае далейшы ціск расейцаў у бок населеных пунктаў Табаеўка і Пясчанае, заняцце якіх дазволіць падысці з поўдня да ўкраінскай групоўкі ў горадзе Купянск.
Таксама на купянскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, расейскія вайскоўцы 21 раз атакавалі каля населеных пунктаў Сынькоўка, Петрапаўлаўка і Стэльмахаўка, але поспеху не дасягнулі.
На суседнім ліманскім кірунку наступальныя дзеянні расейцаў зафіксаваныя каля сёлаў Церны і Ямпалаўка на поўначы Данецкай вобласці, а таксама на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва і ў ваколіцах Белагораўкі на Луганшчыне. Тут сілы абароны Украіны адбілі не менш за 11 атак праціўніка.
На бахмуцкім кірунку расейцы наступаюць на захадзе і поўдні ад раённага цэнтру ў ваколіцах населеных пунктаў Багданаўка, Клішчыеўка, Андрэеўка і Іванаўскае.
Асобныя прарасейскія крыніцы публікуюць відэа з усталяваннем сцягу РФ у Багданаўцы, але факт пераходу населенага пункту пад кантроль РФ адмаўляецца іншымі крыніцамі: так, тэлеграм-канал «Romanov Лайт» адзначае, што войскі РФ кантралююць толькі паўночна-ўсходнюю частку Багданаўкі. Аналагічнай думкі прытрымліваюцца і аналітыкі праекту Deepstate.
Ілюстрацыйны здымак. Украінская вайсковая тэхніка. (Фота: Генеральний штаб ЗСУ/FB)
Ілюстрацыйны здымак. Украінская вайсковая тэхніка. (Фота: Генеральний штаб ЗСУ/FB)
Маштабная наступальная аперацыя расейскіх вайскоўцаў працягваецца і ў ваколіцах Данецку. Паводле ўкраінскага камандавання, толькі за апошнія содні на аўдзееўскім кірунку сілы абароны краіны адбілі прынамсі 12 атак каля населеных пунктаў Севернае, вадзяное, Первамайскае і Невельскае, а таксама яшчэ 11 – у ваколіцах самой Аўдзееўкі.
Пры гэтым у Deepstate пішуць, што на поўдні гораду сітуацыя застаецца крытычнай для ЗСУ: тут расейцы намагаюцца замацавацца на вуліцах Чарнышэўскага, Спартыўнай і Саборнай. Адзначаецца, што ў выпадку поспеху УС РФ, пад пагрозай апынецца ўся ўсходняя частка Аўдзееўкі і ваколіцы.
На мар’інскім кірунку расейцы наступаюць у ваколіцах Георгіеўкі, Мар’інкі і Новаміхайлаўкі.
Аналітыкі Deepstate фіксуюць частковы поспех расейцаў у Георгіеўцы.
Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што Новаміхайлаўку УС РФ штурмуюць з поўначы і поўдня, але пакуль не могуць прасунуцца.
На поўдні Данецкай вобласці расейцы наступалі з поўдня ад сяла Ураджайнае: напачатку ім удалося выбіць ЗСУ з часткі пазіцыяў, але замацавацца войскі РФ так і не змаглі – пазіцыі зноў перайшлі пад кантроль сілаў абароны.
Акрамя гэтага расейскія вайскоўцы спрабавалі штурмаваць пазіцыі праціўніка каля Новаданецкага, але страцілі танк на міне і адышлі.
У Запарожскай вобласці Узброеныя сілы РФ атакуюць на захадзе ад сяла Вэрбовае (з поўдня ад гораду Арэхаў), але поспеху не маюць.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10