Літва і Польшча пашыраць супрацу ў вайсковай сферы
21.01.2024, 20:12
Анджэй Дуда і Гітанас Наўседа на сустрэчы ў Вільні 21 студзеня. (Фота: Gitanas Nausėda / X)
podpis źródła zdjęcia
У тым ліку каб актыўна падтрымліваць Украіну, расказалі прэзідэнты краінаў.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда сустрэўся з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам 21 студзеня ў Вільні, дзе прайшла цырымонія да гадавіны паўстання 1863–1864 гадоў. Яны абмеркавалі супрацу ў сферы рэгіянальнай бяспекі і дапамогу Украіне.
Анджэй Дуда і Гітанас Наўседа на сустрэчы ў Вільні 21 студзеня. (Фота: Gitanas Nausėda / X)
«Мы будзем умацоўваць супрацу, праводзіць супольныя вучэнні, умацоўваць вайсковую мабільнасць», – распавёў па выніках сустрэчы Гітанас Наўседа.
Ён падкрэсліў, што адзінства Літвы і Польшчы надзвычай важнае ў дапамозе Украіне. Наўседа спадзяецца, што найбліжэйшым часам удасца арганізаваць сустрэчу прадстаўнікоў краінаў Люблінскага трыкутніка (Украіна, Польшча, Літва). Да яе можа далучыцца і Уладзімір Зяленскі.
Гітанас Наўседа адзначыў, што Украіну трэба падтрымліваць палітычнымі, фінансавымі і вайсковымі сродкамі.
«У нейкім сэнсе, на жаль, гэта нашая традыцыя – змагацца за свабоду супраць расейскіх захопнікаў. Таму сёння для нас абодвух і для нашай часткі Еўропы так важна падтрымаць Украіну», – сказаў Анджэй Дуда.
Ён падкрэсліў, што некалькі дзён таму на Давоскім эканамічным форуме дапамога Украіне таксама была адным з найважнейшых пунктаў на парадку дня.
«Я спадзяюся, што ў найбліжэйшай будучыні мы зможам сустрэцца ў формуле Люблінскага трыкутніка з нашым сябрам, прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім і абмеркаваць, як падтрымаць Украіну, асабліва перад надыходным юбілейным самітам NATO ў Вашынгтоне», – сказаў Дуда.
На цырымоніі таксама была лідарка дэмсілаў Беларусі Святлана Ціханоўская. Яна выступіла з прамовай, якую прысвяціла «нязломнасці духу беларускага народу і еднасці людзей у змаганні з тыраніяй», паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.
«Тыранам ніколі не ўдасца знішчыць гераічны паўстанцкі дух – ён і сёння жыве ў мільёнах беларусаў», – сказала кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету.