Лукашэнка падарыў Зімбабвэ высокатэхналагічную мабільную клініку
24.01.2024, 12:54
Клініка, якую Лукашэнка падарыў Зімбабвэ. (Фота: newsinvasion24.com)
podpis źródła zdjęcia
Уручала падарунак маці Мікалая Лукашэнкі Ірына Абельская.
Аляксандр Лукашэнка падарыў Зімбабвэ высокатэхналагічную мабільную клініку, піша «NewsInvasion24». На цырымоніі перадачы прысутнічаў прэзідэнт Зімбабвэ Эмэрсан Мнангагўа і маці Мікалая Лукашэнкі Ірына Абельская.
Ірына Абельская, Эмэрсан Мнангагўа і Аксілья Мнангагўа на цырымоніі перадачы клінікі ад Лукашэнкі. (Фота: newsinvasion24.com)
Клініка з сучасным абсталяваннем для правядзення скрынінгу ў галіне гінекалогіі і анкалогіі з выкарыстаннем найноўшай кольпаскапіі.
«Гэтае абсталяванне дазволіць лягчэй і раней дыягнаставаць рак шыйкі маткі. Акрамя таго, клініка цалкам абсталяваная сучаснай лічбавай мамаграфічнай сістэмай. Гэтая сістэма ўяўляе з сябе гіганцкі скачок наперад у барацьбе з ракам малочнай залозы», – адзначае «NewsInvasion24».
Клініка, якую Лукашэнка падарыў Зімбабвэ. (Фота: newsinvasion24.com)
Клініка будзе працаваць у розных населеных пунктах Зімбабвэ, што «дазволіць надаваць медычныя паслугі сусветнага класу проста ля дому пацыентаў».
Таксама паведамляецца, што пасля ўдзелу ў цырымоніі перадачы «першая лэдзі Зімбабвэ Аксілья Мнангагўа і прафесарка Ірына Абельская з Беларусі паўдзельнічалі ў экскурсіі па будаўнічай пляцоўцы новай лякарні для жанчын, якая хутка будзе завершаная».
Ірына Абельская, Эмэрсан Мнангагўа і Аксілья Мнангагўа на цырымоніі перадачы (Фота: newsinvasion24.com)
Тым часам у Беларусі вялікія праблемы з лячэннем анкалагічных хваробаў. Хворыя на рак малочнай залозы не могуць знайсці патрэбных лекаў. А Калінкавіцкая ЦРБ больш за тры гады прапрацавала без анколага.
У Аляксандра Лукашэнкі асаблівыя інтарэсы ў Зімбабвэ. Кампанія «Zim Goldfields» займаецца золатаздабычаю ў гэтай краіне. У 2021 годзе беларускія журналісты высветлілі, што долямі «Zim Goldfields» праз фірмы-пракладкі валодаюць Сяргей Шэйман, сын даўняга паплечніка Лукашэнкі Віктара Шэймана, а таксама бізнесмен Аляксандр Зінгман.