ЗСУ імкнуцца выбіць расейцаў з поўдня Аўдзееўкі. Што вядома?
25.01.2024, 20:48
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі памежнік нясе варту ля ўкраінска-беларускай мяжы ў Чарнігаўскай вобласці, Украіна. 23 студзеня 2024 года. (Фота: Sergei Supinsky / AFP / East News)
podpis źródła zdjęcia
Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 25 студзеня.
«Белсат» падводзіць вынікі 701-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 25 студзеня чытайце ў нашым аглядзе.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі памежнік нясе варту ля ўкраінска-беларускай мяжы ў Чарнігаўскай вобласці, Украіна. 23 студзеня 2024 года. (Фота: Sergei Supinsky / AFP / East News)
На купянскім кірунку найбольш актыўным участкам фронту застаюцца ваколіцы сяла Сынькоўка: У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё шасці атак праціўніка каля населенага пункту. Пры гэтым самыя ЗСУ трымаюць актыўную абарону і атакуюць у адказ. Пры гэтым зменаў лініі фронту ў ваколіцах Сынькоўка не фіксуе ніводная з крыніцаў.
Таксама ў Харкаўскай вобласці адзначаецца актыўнасць войскаў РФ каля раней занятага сяла Крухмальнае, але і тут ЗСУ ўдаецца стрымліваць праціўніка.
На суседнім ліманскім кірунку, паводле ўкраінскага камандавання, УС РФ дзевяць разоў атакавалі каля населеных пунктаў Макееўка, Церны, Дзіброва, а таксама на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва, але поспеху не дасягнулі.
Між тым расейскі ваенкор Сямён Пегаў сцвярджае, што УС РФ прасунуліся да Цернаў. Цераз гэты населены пункт адбываецца забеспячэнне групоўкі ЗСУ на левым беразе ракі Жарабец.
Таксама прарасейскія крыніцы пішуць пра наступальныя дзеянні Узброеных сілаў РФ каля Белагораўкі ў Луганскай вобласці.
Тэлеграм-канал «Рыбарь» паведамляе, што УС РФ занялі тэрыторыю ляснога заказніку «Белагораўскі» (на паўночным захадзе ад сяла за ракой Северскі Данец). Адначасова з гэтым яны прасунуліся з усходу ад населенага пункту да лесапасадак адной з панавальных вышыняў і з поўдня ў ваколіцах мелавога кар’еру і Папаснянскага водаканалу. Разам з тым адзначаецца, што далейшае прасоўванне да Белагораўкі ўскладненае шчыльным мініраваннем тэрыторыі.
Украінскія атакі на ліманскім кірунку фіксуюцца ў ваколіцах Макееўкі, Ямпалаўкі і Дзібровы.
У ваколіцах Бахмуту сітуацыя застаецца стабільна складанай для ЗСУ, але зменаў па лініі фронту не адзначаецца.
Генштаб ЗСУ паведамляе пра сем безвыніковых атак праціўніка каля населеных пунктаў Васюкоўка, Багданаўка, Іванаўскае і Клішчыеўка.
Сямён Пегаў удакладняе, што ў ваколіцах Багданаўкі ідуць сустрэчныя баі.
У Мінабароны РФ фіксуюць тры няўдалыя атакі праціўніка каля Клішчыеўкі.
Ініцыятыва расейскіх вайскоўцаў захоўваецца і ў ваколіцах Данецку, але адначасова з гэтым назіраецца і адноснае зніжэнне іх актыўнасці.
Па інфармацыі ўкраінскага камандавання, на аўдзееўскім кірунку цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі прынамсі восем атак праціўніка каля населеных пунктаў Первамайскае і Невельскае, а таксама яшчэ чатыры – у самой Аўдзееўцы.
Між тым Пегаў заяўляе аб прасоўваннях УС РФ каля коксахімічнага заводу (на паўночным усходзе Аўдзееўкі).
Пры гэтым ваенкор фіксуе актыўнасць ЗСУ на паўднёвым захадзе гораду, дзе ўкраінцы вярнулі частку раней страчаных пазіцыяў, у выніку чаго ўжо войскі РФ апынуліся ў складаным становішчы: іхныя пазіцыі ў горадзе ўяўляюць сабой вузкі і доўгі выступ, што пагражае ім атачэннем.
Спробы Збройных сілаў Украіны атачыць праціўніка на гэтым участку фронту пацвярджае і расейскі ваенны эксперт Барыс Рожын.
На суседнім мар’інскім кірунку ўкраінскі бок адзначае дзевяць безвыніковых атак праціўніка каля населеных пунктаў Георгіеўка і Новаміхайлаўка.
Разам з тым байцы 46-й аэрамабільнай брыгады ЗСУ гавораць, што расейцы знізілі актыўнасць каля Георгіеўкі і сканцэнтравалі свае намаганні на ваколіцах сяла Пабеда. Такім чынам УС РФ вырашаюць адразу дзве задачы: не дапускаюць стварэння вялізнага выступу па фронце ў ваколіцах Георгіеўкі, што магло б пагражаць атачэннем, а таксама намагаюцца прасунуцца з поўначы да Новаміхайлаўкі.
Акрамя гэта, войскі РФ актыўна атакуюць з поўдня ад апошняга населенага пункту і маюць тактычны поспех. Між тым вайскоўцы ЗСУ адзначаюць, што сітуацыя застаецца пад кантролем.
На поўдні Данецкай вобласці Узброеныя сілы РФ цягам содняў атакавалі каля сёлаў Залатая Ніва і Старамаёрскае, але поспеху не дасягнулі.
У Запарожскай вобласці асноўная актыўнасць праціўнікаў лакалізаваная на выступе па лініі фронту з поўдня ад гораду Арэхаў: тут працягваюцца сустрэчныя баі ў ваколіцах населеных пунктаў Вэрбовае і Работына. Зменаў не фіксуецца.
На херсонскім кірунку ідуць баі на левым беразе Дняпра, дзе ЗСУ ўтрымліваюць некалькі невялікіх плацдармаў. Найбольш гарачым участкам тут з’яўляюцца ваколіцы сяла Крынкі.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.