За ахвяраванні на $ 50 і чатыры паведамленні ў чатах менчука асудзілі на 5 гадоў калоніі
27.01.2024, 17:14
Будынак Менскага гарадскога суда. Менск, Беларусь. 24 траўня 2021 года. (Фота: Белсат)
podpis źródła zdjęcia
Выглядае, што ў данатах на 50 долараў знайшлі «паўторнае фінансаванне экстрэмізму».
Менскі гарадскі суд агучыў вырак палітвязню Андрэю Савінскаму: за «распальванне варожасці» і «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» суддзя Вера Галаўкова прысудзіла яму 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 7400 рублёў, піша «Вясна».
Будынак Менскага гарадскога суда. Менск, Беларусь. 24 траўня 2021 года. (Фота: Белсат)
Андрэя Савінскага спачатку затрымалі за «экстрэмісцкія матэрыялы» і асудзілі на 15 дзён арышту. Але не вызвалілі, перавялі ў следчы ізалятар № 1. Яго судзілі з 26 кастрычніка па 15 лістапада 2023 года, але вынік суду стаў вядомы толькі цяпер.
Паводле абвінавачвання, Савінскі перавёў праз Facebook суму каля 50 долараў фондам, названым уладамі «экстрэмісцкімі». Таксама ў адным з Telegram-чатаў ён, як сцвярджаецца ў абвінавачванні, напісаў чатыры паведамленні, «скіраваныя на распальванне сацыяльнай варожасці».
За «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» яму прысудзілі тры гады пазбаўлення волі, а за паўторнае «фінансаванне» (выглядае, у межах тых жа 50 долараў) – пяць гадоў і штраф у 7400 рублёў. Таксама прысудзілі тры гады за «распальванне варожасці». У суме прысудзілі пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф.