Хадзіце асцярожна: у Беларусі зноў галалёд. За зіму ад яго і ад марозу тысячы атрымалі траўмы
27.01.2024, 12:08
Морозы в Беларуси, зима, холод, снег, дорожный знак, дорога (Фота: Белсат)
podpis źródła zdjęcia
І так можа быць яшчэ тыдзень.
Гідраметцэнтр Беларусі абвясціў на 27 студзеня аранжавы ўзровень небяспекі праз галалёдзіцу на дарогах, а Міністэрства аховы здароўя расказала, колькі чалавек ужо атрымалі траўмы ад марозу і галалёду.
Морозы в Беларуси, зима, холод, снег, дорожный знак, дорога (Фота: Белсат)
Па Беларусі 27 студзеня каля нуля: ад –2 °C на Меншчыне і Віцебшчыне да +3 на Берасцейшчыне. Ападкі ў выглядзе дажджу, снегу ці мокрага снегу прагназуюць у Берасцейскай і Гарадзенскай вобласцях. Шмат дзе магчымы галалёд і галалёдзіца на дарогах.
Падобнае надвор’е мае трымацца яшчэ тыдзень. Так, у Менску хіба ў пятніцу плюсавая тэмпература будзе трымацца і днём, і ноччу (затое мае пайсці дождж).
І гэта небяспечна. Паводле Міністэрства аховы здароўя, з 21 лістапада 2023 года па 27 студзеня 2024-га зарэгістраваныя 14 705 пацярпелых ад галалёдных і халадовых траўмаў, ад 1109 у Гарадзенскай да 3527 у Менскай вобласці (калі ў яе ўключыць Менск, на які прыйшлося 953 зарэгістраваныя траўмы).
Каля дзясятай часткі траўмаваных былі шпіталізаваныя, амаль пятая частка пацярпелых – дзеці.
Найбольш небяспечныя для хаджэння ў галалёд – прыступкі пад’ездаў і падземных пераходаў, прыпынкі грамадскага транспарту, горкі.
Аўтамабільныя дарогі таксама становяцца значна больш небяспечнымі, калі на іх галалёдзіца. Дзяржаўная аўтаінспекцыя ўжо заклікала берагчы сябе і выконваць правілы дарожнага руху.