МУС анансавала «больш інтэнсіўныя» трэнаванні з баевікамі ПВК Вагнэра
28.01.2024, 18:18
Трэнаванні спецназаўцаў унутраных войскаў МУС Беларусі з баевікамі ПВК Вагнэра. Скрыншот: vvmvdrb / Telegram
podpis źródła zdjęcia
«Узаемадзеянне вайскоўцаў і інструктараў толькі нарошчваецца».
Беларускія сілавікі актывізуюць трэнаванні з «інструктарамі ПВК Вагнэра», паведамляецца ў Telegram-канале ўнутраных войскаў МУС Беларусі. Баевікі перадаюць спецназаўцам «унікальны баявы досвед».
Трэнаванні спецназаўцаў унутраных войскаў МУС Беларусі з баевікамі ПВК Вагнэра. Скрыншот: vvmvdrb / Telegram
Паведамленне распаўсюдзілі з нагоды завяршэння «чарговага тыдня насычанага баявога рыхтавання» спецназаўцаў у навучальным цэнтры ўнутраных войскаў.
«Пад кіраўніцтвам інструктараў ПВК Вагнэра спецназаўцы вывучылі інжынерную і вайскова-медычную дапамогу», – праінфармавала МУС.
На апублікаваным відэа ўсе ўдзельнікі трэнаванняў – і вагнэраўцы, і сілавікі – са схаванымі тварамі.
Спецназаўцы ўнутраных войскаў МУС Беларусі на занятках з баевікамі ПВК Вагнэра. Скрыншот: vvmvdrb / Telegram
«Узаемадзеянне вайскоўцаў і інструктараў толькі нарошчваецца, унікальны баявы досвед перадаецца, а наперадзе – яшчэ больш інтэнсіўныя трэнаванні на шостым сезоне тактыка-спецыяльнага рыхтавання», – адзначаецца ў паведамленні.
Баевікі ПВК Вагнэра прыехалі ў Беларусь пасля спробы мяцяжу групоўкі на чале з Яўгеніем Прыгожыным у Расеі. Як сцвярджаў Лукашэнка, ён сам запрасіў іх у нашую краіну. У Беларусі баевікі трэнуюць вайскоўцаў і міліцыянтаў, ладзяцца іх сустрэчы з дзецьмі.