Тэнісістка Сабаленка нецэнзурна ўзрадавалася другой запар перамозе на «Australian Open»
28.01.2024, 14:48
Арына Сабаленка пасля перамогі на «Australian Open». Мельбурн, Аўстралія. 27 студзеня 2024 года. (Фота: WTA / X.com)
podpis źródła zdjęcia
Спартоўка таксама прызналася, што «весела бавіць час па-за кортам».
«What f… Netflix curse?!» – сказала Арына Сабаленка на відэа, што апублікавала Жаночая тэнісная асацыяцыя ў акаўнце ў сацсетцы X. Беларуская тэнісістка згадала гэтак званы «праклён Netflix», звязаны з дакументальным серыялам «Break Point».
27 студзеня ў Мельбурне беларуска Арына Сабаленка перамагла ў фінале «Australian Open», паўтарыўшы леташні поспех на гэтым турніры. З кубкам у руках яна пажартавала пра гэтак званы «праклён Netflix», звязаны з дакументальным серыялам пра тэнісістаў «Break Point».
Першыя серыі першага сезону выйшлі летась у студзені напярэдадні «Australian Open», і ніводны з дзесяці гульцоў, якія з’явіліся ў гэтых эпізодах, не прайшоў чацвёрты раўнд адзіночнага разраду на чэмпіянаце. Пасля гэтага ў медыях загаварылі пра сувязь паразаў тэнісістаў з гэтым амерыканскім серыялам.
У другім сезоне, што паказалі напярэдадні сёлетняга турніру, знялася Сабаленка.
«Што за … праклён Netflix?!» – сказала спартоўка па-англійску, маючы на ўвазе, што ўдзел у серыяле не паўплываў на ейны вынік.
Арына Сабаленка пасля перамогі на «Australian Open». Мельбурн, Аўстралія. 27 студзеня 2024 года. (Фота: WTA / X.com)
Сёння для пераможцы «Australian Open» зладзілі традыцыйную фотасесію ў батанічным садзе Мельбурну. У белай сукенцы Сабаленка адкаркоўвала шампанскае, пазіравала для фатографаў з кубкам і адказвала на пытанні журналістаў. На гандоле, як летась, не плавала.
«Я крыху выпіла, крыху салодкага. Мы танцавалі, весяліліся. У мяне шалёная каманда», – апавяла беларуская спартоўка.
Яна паведаміла, што леташні фінал быў для яе цяжэйшым, чымся цяперашні, хоць і зараз перамога не далася лёгка:
,,
«З мінулага года я змяніла падыход да тэнісу. Мне стала лягчэй даваць рады з ціскам, бо мы весела бавім час па-за кортам. Я намагаюся гарліва працаваць на корце, а па-за ім стараюся забыцца пра тэніснае жыццё і трымацца ад яго падалей».
Другую запар перамогу ў Аўстраліі Сабаленка назвала неймавернай.
Арына Сабаленка на фотасесіі пасля перамогі на «Australian Open». Мельбурн, Аўстралія. 28 студзеня 2024 года. (Фота: AustralianOpen / X.com)
«Гэта дае мне значна болей веры ў поспех на турнірах Вялікага шлема, і гэта дае мне зарад энергіі на астатнюю частку сезону», – сказала беларуска.
Сабаленка – падпісантка праўладнага ліста спартоўцаў, у 2021 годзе брала ўдзел у запісе навагодняга звароту Лукашэнкі. Але ў чэрвені летась яна заявіла, што «не падтрымлівае вайны, гэта значыць не падтрымлівае Лукашэнкі проста цяпер».