СК распавёў пра крымінальную справу за «спробу сарваць рэферэндум»
31.01.2024, 14:08
Референдум, Конституция Республики Беларусь, голосование, изменение Конституции (Фота: Белсат)
podpis źródła zdjęcia
Абвінавачванне выстаўленае Жываглод, Дабравольскаму, Ліберу і Марынічу.
Следчы камітэт паведаміў аб завяршэнні расследавання крымінальнай справы «ў дачыненні распрацоўнікаў і ідэйных натхняльнікаў злачыннага плану» для «зрыву рэферэндуму 2022 года».
Референдум, Конституция Республики Беларусь, голосование, изменение Конституции (Фота: Белсат)
Алене Жываглод, Аляксандру Дабравольскаму, Паўлу Ліберу і Паўлу Марынічу (усе яны цяпер за межамі Беларусі) выстаўленыя абвінавачанні паводле ч. 2 арт. 191 («Перашкаджэнне працы ЦВК») Крымінальнага кодэксу. Справа перададзеная генеральнаму пракурору для накіравання ў суд.
Згодна з прэс-рэлізам СК, у 2022 годзе «беглымі экстрэмістамі пад патранажам заходніх куратараў быў распрацаваны адзіны план аказання незаконнага ўплыву на чальцоў выбарчых камісіяў». Сярод іншага, план прадугледжваў накіраванне па месцы працы і жыхарства сяброў ЦВК і камісіяў па рэферэндуме лістоў з загадзя распрацаваным тэкстам, дзе гаварылася, што яны могуць быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за парушэнне закону.
Як сцвярджаюць у СК, на першапачатковым этапе праваахоўнымі органамі спыненая дзейнасць сямі асобаў. У 2022 годзе яны асуджаныя да пазбаўлення волі на тэрмін ад 2 да 3 гадоў.
Праваабаронцы раней паведамлялі пра прысуды беларусам, якія дасылалі лісты чальцам выбарчых камісіяў з заклікам сумленна лічыць галасы.
Гэтак, у жніўні 2022 года 18-гадовага берасцейца Рамана Карпука пакаралі 3 гадамі калоніі паводле ч. 2 арт. 191 Крымінальнага кодэксу за тое, што ён даслаў 99 лістоў чальцам камісіяў для рэферэндуму ад імя «палітычных» суддзяў. У тэксце лістоў былі заклікі падлічваць галасы сумленна, паведамляць пра парушэнні на выбарчых участках, а таксама падаваўся пералік артыкулаў Крымінальнага кодэксу з адказнасцю для фальсіфікатараў. «Я хацеў, каб рэферэндум прайшоў справядліва і паводле закону. Спадзяваўся, што зварот да чальцоў камісіяў гэтаму паспрыяе», – тлумачыў на судзе Карпук.
У верасні 2022 года жыхары Менску Аляксей Хількевіч і Раман Лабанаў таксама атрымалі 3 гады пазбаўлення волі кожны за рассылку лістоў выбарчым камісіям з заклікам лічыць галасы сумленна.