Лакальныя прасоўванні бакоў і знішчаны карабель РФ. Што адбываецца ва Украіне?
01.02.2024, 22:40
Вайсковец Збройных сілаў Украіны (Фота: 56 ОМПБр / Генеральний штаб ЗСУ / Facebook)
podpis źródła zdjęcia
Поўнамаштабная вайна ва Украіне доўжыцца 708 дзён. Асноўныя падзеі на вечар 1 лютага.
Поўнамаштабная вайна ва Украіне доўжыцца 708 дзён. «Белсат» падсумоўвае асноўныя падзеі на вечар 1 лютага.
Вайсковец Збройных сілаў Украіны (Фота: 56 ОМПБр / Генеральний штаб ЗСУ / Facebook)
Цягам апошніх содняў Узброеныя сілы Расеі працягнулі ціск у ваколіцах сяла Сынькоўка ў Купянскім раёне Харкаўскай вобласці – тут фіксуецца не менш за шэсць атак расейцаў.
Расейскі «ваенкор» Сямён Пегаў сцвярджае, што ў выніку такой актыўнасці Узброеных сілаў РФ занялі новыя пазіцыі каля населенага пункту.
Прарасейскі тэлеграм-канал «Белорусский силовик» удакладняе, што пад кантролем войскаў РФ аказаліся лесапасадкі на паўночным захадзе ад Сынькоўкі.
У сваю чаргу Збройныя сілы Украіны контратакуюць, імкнучыся вярнуць страчаныя пазіцыі.
Таксама на купянскім кірунку працягваюцца цяжкія сустрэчныя баі каля населеных пунктаў Бераставое, Крухмальнае і Табаеўка (на паўднёвым усходзе ад Купянску). Зменаў лініі фронту не фіксуецца.
На ліманскім кірунку, паводле ўкраінскага і расейскага камандаванняў, абодва праціўнікі атакуюць на так званым торскім выступе (на левым беразе ракі Жарабец на поўначы Данецкай вобласці) у ваколіцах населеных пунктаў Церны, Ямпалаўка і Торскае. У Міністэрстве абароны РФ гавораць, што іхныя вайскоўцы палепшылі становішча па пярэднім краі на гэтым участку фронту.
Аналітыкі ўкраінскага праекту «Deepstate» адзначаюць прасоўванні расейцаў на ўсходзе ад Цернаў, што ўскосна пацвярджаецца вышэйзгаданую заяву.
На бахмуцкім кірунку ініцыятыва застаецца за расейскімі вайскоўцамі, якія наступаюць на захадзе і поўдні ад раённага цэнтру каля населеных пунктаў Багданаўка, Іванаўскае, Клішчыеўка і Андрэеўка, імкнучыся ў выніку выйсці да суседняга гораду Часаў Яр.
У Генштабе ЗСУ паведамілі пра шэсць няўдалых атак праціўніка за содні на гэтых участках фронту.
Украінскія вайскоўцы, якія трымаюць абарону на кірунку, пішуць пра пераменныя поспехі абодвух бакоў на бахмуцкіх лецішчах.
Таксама байцы ЗСУ гавораць, што войскам РФ пастаўленая задача да сакавіка 2024 года зайсці ў Часаў Яр, пра што сведчаць перахопленыя размовы праціўніка.
Складанай для ЗСУ застаецца сітуацыя ў ваколіцах Данецку.
Украінскае камандаванне піша, што на аўдзееўскім кірунку за мінулыя содні сілы абароны краіны адбілі 19 атак каля Аўдзееўкі, Первамайскага і Невельскага.
Пегаў піша, што на паўночным захадзе ад самой Аўдзееўкі працягваюцца сустрэчныя баі за сяло Стэпавое.
Прарасейскі тэлеграм-канал «Фронтовая птичка» сцвярджае, што УС РФ прасунуліся на некаторую адлегласць каля населенага пункту, заняўшы асобныя апорныя пункты.
У гэты ж час іншая расейская крыніца – «Рыбарь» – піша, што асноўныя баявыя дзеянні на кірунку цяпер лакалізуюцца на паўднёвых ускрайках Аўдзееўкі, дзе раней войскам РФ удалося заняць умацаваны раён абароны ЗСУ «Царська охота». Тут, паводле каналу, Узброеныя сілы РФ прасунуліся па вуліцы Спартыўная і, імаверна, па суседніх Саборнай і Чарнышэўскага. Пры гэтым адзначаецца, што ўкраінцы працягваюць упэўнена трымаць абарону, абапіраючыся на свой іншы ўмацаваны раён у горадзе «Хімік», адкуль яны робяць вылазкі цяжкай тэхнікі.
На мар’інскім кірунку ўкраінскі бок фіксуе 10 безвыніковых атак праціўніка каля Краснагораўкі, Георгіеўкі і Новаміхайлаўкі.
Між тым аналітыкі «Deepstate» паведамляюць аб прасоўваннях расейцаў на поўначы ад апошняга населенага пункту.
«Ваенкор» Пегаў гаворыць, што адначасова з гэтым УС РФ імкнуцца прасунуцца ўздоўж паўднёвым ускрайкаў Новаміхайлаўкі.
Расейскі канал «Фронтовая птичка» піша, што на поўдні Данецкай вобласці Узброеныя сілы РФ маюць поспех на паўночным захадзе ад гораду Вуглядар. Імаверна, такім чынам расейцы спрабуюць абысці ўмацаваны раён ЗСУ.
У Генштабе ЗСУ паведамляюць, што таксама на бярдзянскім кірунку УС РФ атакавалі ў ваколіцах сяла Залатая Ніва, але былі спыненыя сіламі абароны Украіны.
Самыя ЗСУ, паводле заявы Мінабароны РФ, спрабавалі прасунуцца каля сёлаў Старамаёрскае і Ураджайнае, але поспеху не дасягнулі.
На захадзе Запарожскай вобласці абодва бакі цягам содняў атакавалі каля сяла Прыютнае, але лінія фронту засталася нязменнай.
У цэнтральнай частцы рэгіёну баявыя дзеянні па-ранейшаму лакалізуюцца з поўдня ад гораду Арэхаў на ўчастку паміж населенымі пунктамі Вэрбовае, Навапрокапаўка і Работына, мяркуючы па паведамленні расейскага каналу «WarGonzo».
А расейскі канал «Два майора» сцвярджае, што на паўночным захадзе ад Вэрбовага ЗСУ вярнулі пад свой кантроль заходнюю лесапасадку.
У Галоўным упраўленні выведкі Міністерства абароны Украіны паведамілі, што ў ноч на першага лютага вайскоўцы спецпадраздзялення «Group 13» знішчылі ракетны карабель «Ивановец» Чарнаморскага флоту РФ.
Судна патрулявала Чорнае мора побач з возерам Данузлаў, падчас чаго атрымала некалькі прамых удараў у корпус і затанула. Сцвярджаецца, што пошукава-ратавальная аперацыя не мела поспеху – экіпаж загінуў.